Общество
Валер Каліноўскі, Радыё Свабода

Беларускую АЭС будуюць «на вока»

Віцэ-прэм’ер ураду Беларусі Ўладзімер Сямашка сёньня заявіў аб заканчэньні падрыхтоўчага пэрыяду будаўніцтва першага блёка Беларускай АЭС.

«Мы ідзём з апярэджваньнем графіку на чатыры месяцы», — сказаў Сямашка і дадаў, што тэрміны будаўніцтва энэргаблёкаў АЭС могуць скараціцца на 8–9 месяцаў.

Доктар тэхнічных навук Георгі Лепін, удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС і актывіст руху «Навукоўцы за бязьядзерную Беларусь», лічыць пасьпешлівасьць пры будаўніцтве АЭС недарэчнай і небясьпечнай:

«Гэта неразумныя дзеяньні, неразумныя рашэньні. Застаецца толькі верыць, што яны на нейкім моманце спыняцца. Бо праекту пакуль няма, будаваць няма чаго, і яны толькі робяць выгляд, што працуюць. Насамрэч гэта паказуха. Праект павінен быць распрацаваны да дэталяў, а калі гэтага няма, то яны робяць гэта „на вока“».

Улады заяўляюць, што бяруць за аснову праект Ленінградзкай АЭС-2 і Балтыйскай АЭС, якія цяпер будуюцца. Але праекту для Беларускай АЭС няма, абураецца спадар Лепін:

«Любы праект робіцца пад канкрэтнае месца, гэта залежыць і ад характару грунту, ад таго, наколькі ён надзейны. А гэтая пляцоўка ненадзейная, у 1909 годзе там быў землятрус, і даволі моцны. І ў такой сытуацыі павінна быць асаблівая размова, асаблівае дасьледаваньне гэтай пляцоўкі. Тым больш калі яны спасылаюцца на ленінградзкі досьвед, то на гэтых станцыях аварый шмат, напэўна, як нідзе ў сьвеце. Там аварыі рознага ўзроўню адбываюцца амаль рэгулярна. Яны маюць на ўвазе, што будуюць такую ж станцыю, як Ленінградзкая-2, але досьведу яе працы няма. Гэта экспэрымэнтальная станцыя. Калі б яны сказалі, што яна гадоў пяць эксплюатуецца… Але досьведу няма».

Віцэ-прэм’ер Сямашка, гаворачы аб праекце Беларускай АЭС, адзначыў: «Мы спрабуем зрабіць яе эканамічнай як па капітальных выдатках, так і па выдатках у працэсе эксплюатацыі».

Калі яны спасылаюцца на ленінградзкі досьвед, то на гэтых станцыях аварый шмат, напэўна, як нідзе ў сьвеце

Прафэсар Георгі Лепін, які ўдзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС, згадвае, што пры будаўніцтве Чарнобыльскай станцыі таксама імкнуліся зэканоміць пры будаўніцтве 3 і 4 блёкаў:

«Вырашылі пры будаўніцтве гэтых блёкаў аб’яднаць вузлы сыстэм абслугоўваньня. Зрабілі адзін цэнтральны вузел, а да яго далучылі два блёкі, 3-ці і 4-ты. А калі здарылася катастрофа на 4-м блёку, вельмі моцна пацярпеў і трэці блёк, бо ён стаяў упрытык. Там і дах быў прабіты, і было вялікае забруджаньне. Трэці блёк так і не змаглі дэзактываваць, яго брудным і запусьцілі. А была вялікая колькасьць ахвяр з-за спробаў яго дэзактываваць. Вось гэта вынік эканоміі».

Беларуская АЭС будзе складацца з двух энэргаблёкаў сумарнай магутнасьцю да 2,4 тыс. МВт, яна будуецца на Астравецкай пляцоўцы ў Гарадзенскай вобласьці. Першы блёк плянуецца ўвесьці ў 2018 годзе. За аснову праекту АЭС у Астраўцы прыняты праект Санкт-Пецярбурскага інстытуту «Атамэнэргапраект» «АЭС-2006», паводле якога цяпер у Расеі будуюцца Ленінградзкая АЭС-2 і Балтыйская АЭС.

У кастрычніку 2011 году Беларусь і Расея падпісалі кантрактнае пагадненьне аб будаўніцтве АЭС. У лістападзе мінулага году бакі падпісалі міжурадавае пагадненьне аб выдзяленьні Беларусі расейскага дзяржаўнага экспартнага крэдыту ў аб’ёме да $10 млрд. У сьнежні 2012 году праўленьне расейскага Зьнешэканамбанку ўхваліла выдзяленьне Мінфіну Беларусі крэдытнай лініі на $500 млн для авансавых плацяжоў за будаўнічыя працы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)