Скандалы
Кірыла Хілько, «Наша Ніва»

Флэш-моб Гэніка Лойкі ў Дзень роднай мовы скончыўся затрыманнем

Каля гімназіі №4 прайшоў пікет супраць русіфікацыі беларускамоўных школ. Яго правёў бацька адной з навучэнак Гэнік Лойка. У вынiку ў Дзень роднай мовы яго затрымалi.

21 лютага ў свеце адзначаюць Дзень роднай мовы. У беларускамоўнай гімназіі №4 ён пачаўся своеасабліва. Скульптар Лойка устаў на ганку гімназіі з плакатам: «Віншую з Днём роднай мовы. Гімназія № 4 была апошняй з беларускай мовай навучання».

50-гадовы Лойка даўно і беспаспяхова дабіваецца, каб у статут гімназіі быў занесены запіс, што навучанне ў ёй вядзецца на беларускай мове. Таксама ён дабіваецца, каб настаўнікі гімназіі шырэй карысталіся беларускай мовай і каб яе вывучылі тыя з педагогаў, якія не валодаюць ёй. Ён выявіў, што летась у статут гімназіі былі ўнесеныя змены, якія дазваляюць выкладаць на расейскай мове.

Намесніца дырэктара гімназіі па выхаваўчай працы Алена Мікалайчык запатрабавала ад Лойкі, каб ён спыніў акцыю, назвала яе несанкцыянаванай.

Спецслужбы, відаць, ведалі пра ягоны намер, бо каля гімназіі дзяжурыла міліцэйская «Газель», а ў ёй — некалькі асобаў у цывільным. Яны здымалі пікет на камеру, але ў прысутнасці журналістаў не рашыліся Лойку затрымаць.

Дахаты Лойку пайшлі правесці дзве жанчыны з ліку бацькоў вучняў. Асобы ў цывільным пагрузіліся ў сваю «Газель» і паехалі ў кірунку вуліцы Кунцаўшўчына. Праз нейкі час Лойка паведаміў, што яго затрымліваюць.

Паўтары гадзіны пра яго месцазнаходжанне нічога не было вядома. Жонка Лойкі не магла атрымаць пацверджанне, што муж знаходзіцца ў РУУС Фрунзенскага раёна. І даведалася, што ён там, выпадкова. Суд мусіць адбыцца перад абедам ці адразу па абедзе, паведамляе «Радыё Свабода».

З гімназіяй № 4 Лойку звязвае не толькі тое, што яна з’яўляецца месцам навучання яго дзяцей, але і доўгая перапіска з кіраўніцтвам. Лойка лічыць, што беларуская мова ў гімназіі № 4 ператварылася ў фармальнасць: стэнды, дакументацыя, святы — па-беларуску, а крок у бок — і пачынаецца расейская мова.

У сваіх шматлікіх лістах Лойка прыводзіць дзясяткі прыкладаў з уласных назіранняў, калі настаўнікі ў неафіцыйных сітуацыях пераходзяць на рускую мову, не валодаюць беларускай мовай ці нават, па меркаванні Лойкі, робяць дзецям заўвагі за ўжыванне беларускай мовы.

«Дырэктар школы дасылае мне «адпіску», што 100% настаўнікаў валодаюць беларускай мовай, але я тут жа прыводжу да яго чалавека, які можа звязаць па-беларуску толькі два словы», — кажа гэты бацька навучэнкі.

Сітуацыя, калі ў беларускамоўнай навучальнай установе размаўляюць па-руску, падаецца Гэніку Лойку недапушчальнай. Больш за тое, Лойка называе такое становішча «знішчэннем» беларускай мовы і ўсялякімі захадамі (як лістамі ў адміністрацыю, так і ў прыватных размовах) заахвочвае настаўнікаў гімназіі не ўжываць рускую мову ў сценах школы.

«Калі беларус размаўляе па-расейску, то гэта азначае толькі адно — ён размаўляе па-расейску, а не па-беларуску. Калі ён сказаў не па-беларуску, то гэта азначае толькі адно — па-беларуску не сказаў, беларускай мовы не адбылося. Калі беларускай мовы няма, то беларускай мовы няма, у дадзены момант часу, у дадзеным пункце планеты. І калі беларускай мовы няма, то немагчыма сцвярджаць, што яна ёсць. А тым больш, квітнее. Гэта і ёсць працэс знішчэння роднай мовы.

Вось чаму я заяўляю, што нашы настаўнікі знішчаюць нашу мову, бо яны менавіта знішчаюць», — піша Лойка ў лісце да дырэктара гімназіі Юрыя Бандарэнкі.

Патрабаванняў Лойка за ўвесь час шматгадовай перапіскі высоўваў шмат. Так, ён хоча даведацца «колькі педагогаў гімназіі № 4 карыстаюцца беларускаю моваю» і «колькі педагогаў не какрыстаюцца беларускаю моваю ў сценах гімназіі», ад імя ўсіх бацькоў заахвочвае «выканаць нашу элементарную просьбу: каб беларуская мова была».

«Нашай Ніве» Гэнік Лойка рассказаў, што перш-наперш «хоча вярнуць фармулёўку «гімназія з беларускай мовай навучання» ў назву школы і даведацца, якім чынам гэтую фармулёўку прыбралі».

Рабіць гэта Лойка гатовы «праз суд, пракуратуру і іншымі падобнымі метадамі».

«Я хачу ўсю беларускую мову для ўсёй гімназіі», — кажа Гэнік Лойка пра пажаданы вынік сваёй барацьбы.

Лойка — адзін з пачынальнікаў барацьбы за незалежнасць Беларусі ў 1980-я, удзельнік суполак «Майстроўня», «Талака».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)