Скандалы
Зміцер Панкавец, «Наша Нiва»

У Мінску арыштаваны вядомы расійскі неанацыст Цясак

Арышт адбыўся яшчэ ў пятніцу. Па непацверджанай інфармацыі, адбылася сутычка паміж Максімам Марцінкевічам (Цесаком) і ягоным кампаньёнам з антыфашыстамі (меркавана фанаты «Партызана»).

Кадр з аднаго з відэа, знятых Цесаком у Мінску

Марцінкевіча даставілі ў Партызанскі РУУС сталіцы.

Як паведамляецца на старонках Цесака ў сацыяльных сетках «Укантакце» і Твітар, ён усё яшчэ знаходзіцца пад вартай. Супраць Марцінкевіча можа быць заведзеная крымінальная справа па артыкуле 339 частка 3 «Хуліганства, здзейсненае з прымяненнем зброі». Паводле гэтага артыкулу можа пагражаць ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі.

У панядзелак пракурор мусіць вызначыць, ці адпускаць Марцінкевіча пад падпіскай, ці пакідаць пад вартай.

Максім Марцінкевіч, былы скінхэд, праславіўся сваімі расісцкімі выказваннямі. Прозвішча «Цясак» атрымаў праз любоў да халоднай зброі. Уваходзіў у Народную нацыянальную партыю. Пасля стварыў сваё аб’яднанне скін-хэдаў «Фармат-18». Была забароненая як экстрэмісцкая.

Тры з паловай года адбыў у турме за «Распальванне нянавісці па нацыянальнай ці рэлігійнай прыкмеце». Здымаў пастановачныя ролікі, дзе вешаў і разбіраў таджыкаў і ўзбекаў, але аказалася, што гэта была проста ялавічына.

З арміі Цесака камісавалі, бо ён у першыя ж дні жорстка збіў саслужыўца-азербайджанца.

Цясак мае беларускія карані, таму нярэдка наведвае Мінск. Захапляецца чысцінёй беларускай сталіцы і мудрым кіраўніцтвам, а таксама шукае і здымае на відэа людзей, што носяць на вопратцы Пагоню ці бел-чырвона-белы сцяг.

Паводле некаторай інфармацыі, гэтым разам ён прыязджаў у Мінск для «палявання на педафілаў».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)