Общество
Віталь Гарбузаў.

«Каб скрасці ў вечнасці хвіліну…»

У мінскай сядзібе БНФ адкрылася выстава «Лісты з няволі».

Мікола Статкевіч, Алесь Бяляцкі, Мікалай Аўтуховіч, Павел Севярынец, Зміцер Дашкевіч… Спіс беларускіх палітвязняў, якія знаходзяцца за кратамі за тое, што не змаглі пераступіць праз сумленне, за тое што маюць палітычныя перакананні, якія адрозневаюцца ад «дазволеных», на вялікі жаль можна працягваць...

Што мы ведаем пра іх становішча сёння? Пагадзіцеся, не шмат. Адзіная крыніца інфармацыі, адтуль, з-за турэмных засценкаў – гэта іх лісты. Лісты прасякнутыя болем, радасцю, верай, надзеяй, каханнем…

Выстава «Лісты з няволі» – гэта спроба ў чарговы раз прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы існавання палітычных вязняў у нашай краіне. Гэта напамін пра тое, што яны па ранейшаму чакаюць нашых лістоў

Лістоў, якія складаюць экспазіцыю выставы не шмат, ледзьве набярэцца два дзесятка. Іх аўтары былыя і цяперашнія палітычныя вязні. Але мала якія з іх падпісаныя канкрэтным прозвішчам. Гэта ў дадзеным выпадку не так важна, бо праз гэтыя пісьмы складаецца агульны вобраз сучаснага палітвязня.

Сшыткавыя аркушы, прысланыя з беларускіх турмаў на волю, прымыцваныя да фотаздымкаў з выявамі сценаў беларускіх турмаў. Гэтыя лісты, як сімвал таго, што слова праўды праб’ецца і праз каменныя муры засценкаў.

На адкрыццё выставы былі запрошаны людзі, якім давялося пісаць лісты, знаходзячыся па той бок калючага дрота. Гэта асуджаныя за падзеі Плошчы-2010 гісторык Дзмітрый Дрозд, удзельнік кампаніі «Гавары праўду» Павел Вінаградаў, моладзевы актывіст Сяргей Казакоў.

У размове з карэспандэнтам «Салідарнасці» Дзмітрый Дрозд адзначыў.

– Жыццё ў турме – гэта пастаяннае напісанне пісьмаў родным і блізкім, чаканне лістоў з волі. Першы свой ліст адтуль я даслаў маме. Напісаў, што ўсё са мной добра, ледзьве не на курорт трапіў, каб неяк яе супакоіць…

Скажу, што самыя цяжкія дні ў турме – гэта выходныя, калі не прыносяць ні лістоў, ні газет. Лісты з волі – гэта вялікая падтрымка. Мне, напрыклад, пісалі людзі, якіх я не ведаў і ніколі не бачыў. Чытанне гэтых лістоў, як своеасаблівая спроба падмануць вечнасць. Калі ты знаходзішся там, здаецца, што твой тэрмін бясконцы, вечны… А чытанне гэтых лістоў, быццам бы дазваляе скрасці ў гэтай вечнасці хвіліну…

Дзмітрый Дрозд прыгадвае і пра свае стасункі з турэмнымі цэнзарамі.

– Калі я сядзеў на «Валадарцы», выйшла ў свет мая кніга «Землеўладальнікі Мінскай губерніі (1861-1900)». Як аўтар, я стаў яе падпісваць для сваіх чытачоў. Тэкст там быў прыкладна такі: «Майму дарагому чытачу. Дрозд. Валадарка». Я падпісаў некалькі дзесятак падобных паперак, але ўсе мне іх вярнулі. Без тлумачэння прычынаў.

Увогуле, ніколі не ведаеш, які з напісаных лістоў дойдзе на волю. Здаралася і такое, што з-за кратаў « выпускалі» лісты з бел-чырвона белым сцягам, а здаралася, што цэнзары былі надзвычай пільнымі. Гэта, як латэрэя…

Свой першы ліст з-за кратаў Паел Вінаградаў напісаў жонцы Святлане.

– Я ведаў, што першы ліст напішу менавіта ёй, – гаворыць Павел. – Праўда не ведаў, што пісаць канкрэтна, таму паведаміў у прыватнасці пра тое, аб чым мне сказаў следчы, маўляў, дадуць мне за Плошчу 23 гады, а гэта больш чым я пражыў…

Што да лістоў з волі – гэта вялікая падтрымка. Напрыклад Святлана, пісала мне вельмі вялікія лісты, дзе падрабязна расказвала пра апошнія навіны. Газеты не паспявалі прыходзіць, а я ўжо ведаў навіны. Так што, знайдзіце час і напішыце палітвязням. Яны чакаюць вашых лістоў!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)