Жизнь (не)обыкновенного белоруса
Таццяна Гусева

«Мы падвышаем планку ў нашага народа, каб ён глядзеў вышэй»

Ён правёў за кратамі дзевяць месяцаў, страціў палову вагі падчас галадоўкі і мог пакінуць сваю жонку ўдавой, а дзяцей — сіротамі. У межах праекта «Жыццё (не)звычайнага беларуса» «Салідарнасць» завітала ў госці да віцебскага актывіста КХП-БНФ Сяргея Каваленкі.

Калі-небудзь ён раскажа сваёй дачцэ Вікторыi, што ўся гэтая гісторыя адбылася з яе бацькам з-за бел-чырвона-белага сцяга, які ён узняў на вяршыню галоўнай гарадской ялінкі на вышыні 35 метраў. Дачка не ўспомніць, як не пазнала бацьку на спатканні (бо была зусім маленькай). І, можа быць, калі яны будуць размаўляць як дарослыя, гэты самы сцяг стане сапраўдным нацыянальным сімвалам, які беларусы будуць штодня бачыць на будынках дзяржаўных установаў, а на святы — вывешваць у сваіх вокнах і на балконах.

А пакуль мы сядзім студзеньскай раніцай 2013-га на кухні ў кватэры на ўскрайку Віцебска, дзе Сяргей Каваленка нядаўна справіў наваселле, а ў дзень сустрэчы яму спаўняецца 38.

Гаспадар заварвае каву і з гонарам распавядае пра дызайн, які ён прыдумаў, а жонка ўвасобіла, пакуль ён сядзеў у турме. Я разглядаю карціну на сцяне і думаю, што ніколі не чакала ўбачыць на кухні былога палітвязня водную вулачку Венецыі.

— Сяргей, раскажы, а навошта ты палез на тую ялінку?

— Я паставіў сваёй мэтай даносіць да людзей слова — тое, пра што я даведаўся ад годных сыноў Беларусі. Я лічу гэта палітыкай. У Віцебску ў мяне гэта добра атрымалася з дапамогай акцыі на ялінцы.

У Сэлінджэра ёсць такая кніга «Выше стропила, плотники». Дык вось мы падвышаем планку ў нашага народа, каб ён глядзеў вышэй, у неба, і бачыў там космас і Бога; каб падымаў вочы і бачыў наш сцяг у самых высокіх месцах. Адным з іх аказалася ялінка у цэнтры плошчы. Шмат людзей убачылі той сцяг. Нават у аддаленым мікрараёне — на птушкафабрыцы «Ганна» жанчыны ўвечары абмяркоўвалі гэтую акцыю. А потым звестка пра наш сцяг дайшла не толькі да ўсіх куткоў Беларусі — нават у Піцеры, Маскве і Брусэлі пра яе чулі.

Пасля супрацоўнікі МНС прыехалі з вышкай і здымалі той сцяг. Як мне казалі, ў Інтэрнэце ёсць ролік, дзе відэа зманціравана наадварот. Атрымліваецца, супрацоўнік МНС не здымае сцяг, а ўсталёўвае. (Усміхаецца).

Сярод сілавікоў ходзіць легенда, што я былы дэсантнік. А суддзі і міліцыянты упэўненыя, што мая акцыя распрацавана і праплочана заходнімі спецслужбамі. А гэта я прыдумаў!

— Адкуль у цябе гэтыя перакананні? Дзе ты атрымаў прышчэпку беларушчыны?

— Яшчэ калі вучыўся ў школе, я ўбачыў на мапе Вялікае Княства Літоўскае. Я паглядзеў, што Літвы там было зусім мала, а ў асноўным гэта наша беларуская дзяржава.

Пазней, падчас навучання ў тэхнікуме, да нас прыходзіў гісторык Мікола Ермаловіч. Памятаю, як ён сказаў, што вывучаў мапы, і ўсе населеныя пункты з назвай Літва знаходзяцца на тэрыторыі сучаснай Беларусі, і што ліцьвіны — гэта беларусы. А яшчэ раней я чытаў Зянона Пазняка і зразумеў, што да сваёй нацыі трэба ставіцца як да сям’і.

— А бацькі цябе як выхоўвалі?

— Яны вучылі, як пражыць, атрымаць адукацыю, існаваць у асяроддзі, якое навокал.

— Пакуль ты галадаў за кратамі, сярод маіх знаёмых былі тыя, хто лічыў цябе нацыянальным героем, хтосьці ўспрымаў цябе як фанатыка, а некаторыя ставіліся амаль як да вар’ята. Які ты на самай справе?

— На самай справе я звычайны чалавек. (Усміхаецца)

— Ты сам калі пачаў гаварыць па-беларуску?

— Я заўсёды гаварыў па-беларуску, але на будоўлі ці ў калгасе прыходзіцца размаўляць з людзьмі на іх мове. Нягледзячы на тое, што Віцебск зрусіфікаваны горад, людзі адказваюць мне па-беларуску.

— Ці шмат у цябе аднадумцаў у Віцебску?

— Калі ты ідзеш на акцыі ў Мінску, ты бачыш шмат людзей, — гэта натхняе, дае кураж, драйв, каб выйсці на тую ж плошчу. А ў Віцебску ты заўважны, бо не кожны наважыцца выказаць сваю пазіцыю з розных прычынаў.

Аднойчы, калі мяне затрымлівалі, я зрабіў галасаванне побач з аўтобусным прыпынкам. Крыкнуў людзям: «Хто за бел-чырвона-белы сцяг?». І некалькі чалавек паднялі рукі, на дзіва міліцыянтам.

…Людзі пакуль што не разумеюць, як можна скінуць Лукашэнку. У нас савецкая свядомасць. Маісей вадзіў па пустыні іўдзеяў 40 гадоў, каб вытравіць з іх пачуццё раба. Бо рабам мазгі не адфармаціраваць.

Нашым дзецям трэба расказваць пра тое, што наш народ стварыў статут ВКЛ, у нас былі распрацаваныя законы, па якім цяпер жывуць Заходняя Еўропа і ЗША. На маю думку, Маісей для беларусаў – гэта беларускія свядомасць і сумленне.

— Пасля свайго вызвалення ты распавядаў, што большасць асуджаных ставіліся да цябе добра.

— З большага так. На Валадарцы адзін засланы распавядаў мне, што я дрэны чалавек, маладзёж зважу з ісціннага пуці. Я яму сказаў, што у Бібліі напісана: перад тым як заўважыць сарынку ў братавым воку, выцягні бервяно ў сябе. Біблія адразу адклалася, і больш ён мне свяшчэннае пісанне не цытаваў...

У камеры розныя людзі былі. Вось, напрыклад, адзін грузін разумеў мой нацыяналізм. Ён казаў: «У нас тры тамы гісторыі. А ў вас мой сын (ён з беларускай жанаты быў) вывучае гісторыю па такой вось танюсенькай брашурцы». Грузін сказаў, што вельмі цяжка мне будзе перамагчы тут. А потым, паслухаўшы пра нашую гісторыю, сказаў: «Калі б я быў не такі стары, я далучыўся б да цябе».

Памятаю, як дэпутат Еўрапарламенту (не Мігальскі, але імя, шчыра кажучы, не памятаю, бо важыў тады 55 кіліграмаў) напісаў мне, каб я кінуў галадоўку. І мы ўсёй камерай пісалі яму ліст, каб ён прыехаў на Валадарку і паглядзеў, як мы жывем. Увогуле за кратамі я адчуваў моцную падтрымку. Мне пісалі людзі, з якімі мы не былі знаёмыя. А вярнуўшыся на волю, я даведаўся, што пакуль я сядзеў, мая заказчыца чакала мяне ўвесь гэты час. (Сяргей — прадпрымальнік і займаецца рамонтамі — «С»).

— Але ж ты не толькі ў турме быў, цябе і ў «Навінкі» накіроўвалі да псіхіятраў. Як з табой там абыходзіліся?

— На Валадарцы і ў віцебскай калоніі мне пыталіся ўнушыць, што я вар’ят. Я ім казаў: «Гэта вы вар’яты. Вас трэба лячыць». Наогул, псіхіятр — гэта не прафесія, а дыягназ. Я глядзеў у іх вочы, а яны злыя...

Я сцвярджаў, што не маю патрэбы ў лекаванні. Дактары ставілі дыягназ «анарэксія». Я адказваў, што гэта пратэст супраць незаконных затрыманняў і хлусні. Маю сям’ю паўтары гады пераследавалі і па начах хадзілі, спаць не давалі за тое, што я народ парадаваў сцягам бел-чырвона-белым.

Аднойчы я з камісіяй пачаў па-беларуску размаўляць, і яны сталі аналізаваць, ці вар’ят я...

Звычайна на такіх камісіях людзі баяцца, а ў іх атрымаўся разрыў шаблона — ёсць такое паняцце ў псіхалогіі. І яны разгубіліся.

Я распавёў псіхіятрам пра гарэлку «Бульбаш». Маўляў, вы бачылі, калі па Віцебску едзеш, ёсць такі бігборд. Там дзядзька з дурным тварам, у саламяным капелюшы, у кашулі з вышыўкай, абуты ў лапці.

Каб гэтая гарэлка была дзе-небудзь пад прылаўкам — адна справа. Кажу, гэта не рэклама алкаголю, а прапаганда абразы беларусаў. Гэта робіцца, каб панізіць самаацэнку ў цэлага народа.

Надпіс на плакаце быў такі: «Бульбаш – гонар наш». Я тлумачыў псіхіятрам, як трактую гэтае пасланне: «Беларусы – ваш гонар быць дурнямі». Бульбаш – гэта дурная галава. У вас, кажу, ў псіхіятрыі ёсць такое паняцце – «овощ» — чалавек, які можа толькі ляжаць, есці і хадзіць у судна. А тут цэлы народ называюць гароднінай. Дактары мне кажуць: «Мы не звярталі ўвагі на той бігборд». І тут яны ў мяне пытаюць: «А чаму ты ў інстытут не паступаеш?».

Дык вось псіхіятры мне выдалі заключэнне. Я яго потым жонцы паказаў, кажу: «Глядзі, Аленка, мяне так яшчэ ніхто ніколі не хваліў у жыцці». З такім заключэннем можна ў прэзідэнты ісці. (Смяецца).

— Чаму ты трымаў такую доўгую галадоўку? Ты ж мог памерці!

— У Тунісе рэвалюцыя пачалася з таго, што адзін чалавек спаліў сябе ў знак пратэсту супраць забароны зарабляць сабе на жыццё. Людзям стала сорамна, што яны сядзяць і нічога не робяць, і яны ўсе на вуліцы выйшлі. Я думаў, што калі памру, то падымецца рэвалюцыя. Я лічыў, што так трэба зрабіць і варта ісці да канца. Чым даражэй ты плоціш — тым больш каштоўная барацьба ў вачах іншых людзей. Самая вялікая цана, якую ты можаш заплаціць — гэта жыццё. Я гэта даўно зразумеў.

— Ты лічыш смерць аднаго чалавека за ідэю можа нешта змяніць?

— Не нешта. Яна можа даць жыццё іншым.

— Але ж ад цябе залежыць жыццё жонкі, дзяцей…

— Калі жонка пыталася, хто будзе сям’ю карміць, калі ты памрэш, я казаў: «Народ».

Насамрэч я спыніў галадоўку, калі мне сказалі, што я ператваруся ў «гародніну»: «Ты будзеш здаровы хлопец, але не будзеш нічога разумець». Мяне такога аддалі б сям’і, і атрымалася б не аддаць жыццё за народ, а стаць гароднінай.

***

«Салідарнасць» працягвае праект «Жыццё (не)звычайнага беларуса». Чакаем вашых прапаноў і запрашэнняў у госці на кухонныя пасядзелкі на gasetaby@gmail.com

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)