Памылка Калякіна
У аўторак на нарадзе зь сілавікамі дзейны кіраўнік заклікаў засьцерагчы беларускі народ ад экстрэмісцкіх пагрозаў у зьвязку з выбарамі. І лепей, маўляў, выпярэджваць сытуацыю.
У той самы дзень людзі ў цывільным і ў масках нібы
праілюстравалі гэтую тэзу. Маштабна, па ўсёй краіне. Адбыліся ператрусы ў
кватэрах грамадзкіх актывістаў у Менску, Магілёве, Полацку... Сканфіскаваныя кампутары,
іншая аргтэхніка. Арыштаваныя Мікола Астрэйка, Цімох Дранчук, Аляксандар
Шалайка, Эніра Браніцкая.
Людзі з органаў цьмяна кажуць пра «кіраўніцтва
незарэгістраванай арганізацыяй».
Сілавікі шчыравалі ня ў офісах, а ў прыватных кватэрах.
Псыхалягічна гэта траўмуе болей. Маскі, пісталеты, кайданкі — атрыбутыка
ўражвальная.
Кропкавыя апераджальныя ўдары па дэмакратычных актывістах і
структурах здольныя рэзка зьнізіць патэнцыял апазыцыі на выбарах.
Трохі раней Сяргей Калякін, кіраўнік штабу Мілінкевіча, падчас
он-лайну на «Свабодзе» зазначыў: рэальна можна «разьлічваць на 35-40% і ўдзел у
другім туры». Але ці ня лепей замест віртуальнай арытмэтыкі браць пад увагу
рэальны палітычны экстрым?
Сэрыю ж затрыманьняў кіраўнік штабу ў сьвежым інтэрвію
«Свабодзе» пракамэнтаваў, нібы акадэмічны палітоляг, што атабарыўся ў вежы са
слановай косткі: «ідзе паляваньне на дэмакратычных актывістаў», і такое
«бязьмежжа» мы пэўна «будзем назіраць» аж да самых выбараў.
«Будзем назіраць»... А каго ж тады апазыцыйныя лідэры зьбіраюцца
весьці на палітычнае змаганьне? Ці гатовыя яны падтрымаць сваіх прыхільнікаў?
Адрэагаваць на выклікі а-ля «Маскі-шоў»? Узьняць голас у абарону рэпрэсаваных,
карыстаючыся куртатай галоснасьцю агітацыйнага пэрыяду? Натхніць тых, хто
вагаецца, ці варта «высоўвацца»?
Калі пытаньні павіснуць у паветры, туманная «рэвалюцыя духу»
ператворыцца ў прывід. Пасьля выбараў-2001 шарагоўцы кампаніі крыўдзіліся, што
правадыры іх «кінулі». І незалежныя мэдыі, што змагаліся за дэмакратычнага
кандыдата, сербанулі рэпрэсіяў. Ці зрабілі высновы ў апазыцыйных штабах?
Летась у лістападзе незалежная прэса паведаміла, што ў
Баранавічах за арганізацыю сустрэчы зь Мілінкевічам страціў працу выкладчык
Віктар Сырыца. Штаб адзінага кандыдата абвесьціў пра намер стварыць фонд падтрымкі
рэпрэсаваных актывістаў.
З тае пары — ні гу-гу. Ні пра Сырыцу, ні пра фонд. Калі пра
чалавека забыліся — гэта амаральна. Калі дапамаглі — хай бы пра тое ведалі ўсе
патэнцыйныя прыхільнікі.
Многае высьветліцца 2 сакавіка, калі Мілінкевіч чакае
дэмакратычную публіку на сталічным пляцы Волі. Гэты тэст засьведчыць
мабілізацыйныя здольнасьці каманды адзінага кандыдата. А таксама — ступень
грамадзкае веры ў перамены.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное