Саньнікаў жорстка скрытыкаваў Віленскі мэмарандум апазыцыі
Экс-кандыдат на выбарах прэзыдэнта былы палітвязень Андрэй Саньнікаў, які атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі, назваў Віленскі мэмарандум беларускай апазыцыі «шкодным і небясьпечным».
У інтэрвію Свабодзе лідэр «Эўрапейскай Беларусі» заявіў, што арганізатары віленскай сустрэчы апазыцыі 3 лістапада не дапусьцілі да перамоваў іх прадстаўніка.
Андрэй Саньнікаў так патлумачыў, чаму ён не падпісаў Віленскі мэмарандум:
«Я прафэсійна глядзеў гэты мэмарандум, і хачу сказаць, што так дакумэнты ўвогуле ня робяцца. Той, хто яго чытаў, заўважыць, што гэта проста непісьменны дакумэнт, а я лічу, што ён яшчэ і небясьпечны, таму што там яшчэ ёсьць рэчы, якія накіраваныя не на абарону незалежнасьці Беларусі, а супраць.
Першае, што ў мяне выклікае пытаньні, гэта калі згадка пра палітвязьняў ідзе неяк ускосна. Я лічу, што зараз такая сытуацыя, што кожную сустрэчу трэба выкарыстоўваць для таго, каб патрабаваць вызваленьня палітвязьняў і пайменна ўсіх іх называць. Бо ідуць пэўныя гульні, каб кагосьці лічыць палітвязьнем, а кагосьці не. Гэтым павінна пачынацца і заканчвацца любая сустрэча. Вось мы зараз сустракаемся з «Эўрапейскай Беларусьсю» ў Варшаве, абмяркоўваем усе пытаньні, і першае, што мы абмяркоўвалі, — гэта пытаньне па палітвязьнях.
Другое — тое, што там кажацца пра самаізаляцыю Беларусі. Ведаеце, гэта дасягненьне ўсіх палітычных сілаў, усёй апазыцыі, што ёсьць самаізаляцыя дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі і няма самаізаляцыі Беларусі, таму што і грамадзкія дзеячы, і палітыкі сустракаюцца на самым вышэйшым узроўні з эўрапейцамі, амэрыканцамі, з палітыкамі Расеі, Украіны.
Падпісвацца пад такімі небясьпечнымі рэчамі я проста не магу і з прафэсійнага пункту гледжаньня, і з пункту гледжаньня маралі
Трэцяе — тое, што там кажуць пра тое, што трэба патрабаваць гарантыяў незалежнасьці Беларусі. Быццам бы ніхто ня ведае, што гэтыя гарантыі былі атрыманыя намі ў 1994 годзе. І я ня думаю, што тыя, хто рыхтаваў гэты дакумэнт, ня ведалі пра гэта. Я лічу, што гэта было зроблена наўмысна. Я б проста звольніў тых людзей, хто гэтым займаўся. Таксама там згадваецца аўтарытарны рэжым, а не таталітарны ці дыктатура і шмат іншых рэчаў. Я лічу, што мэмарандум проста небясьпечны. Падпісвацца пад такімі небясьпечнымі рэчамі я проста не магу і з прафэсійнага пункту гледжаньня, і з пункту гледжаньня маралі».
Паводле спадара Саньнікава, шмат пытаньняў падчас падрыхтоўкі мэмарандуму зьнялося б, калі б прадстаўніку «Эўрапейскай Беларусі» не адмовілі ў праве прысутнічаць у нарадзе апазыцыі 3 лістапада ў Вільні. Прозьвішча гэтага прадстаўніка спадар Саньнікаў не назваў.
Андрэй Саньнікаў прадказвае, што ніякай каардынацыі паводле гэтага мэмарандуму сярод тых, хто яго падпісаў, ня будзе. Наконт далейшых кантактаў «Эўрапейскай Беларусі» з гэтымі структурамі спадар Саньнікаў заявіў:
«Мы заўсёды працавалі з усімі, і ў нас ёсьць разуменьне, што такое Рада БНР, мы заўсёды паважліва ставіліся да яе як да сымбалю нашай гісторыі, да таго органу, які павінен будзе сымбалічна зацьвердзіць дэмакратызацыю і незалежнасьць Беларусі ў блізкай будучыні, я спадзяюся».
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное