Вольскі прэзэнтуе «Саўку і Грышку» ў сядзібе БНФ

Канцэрт Лявона Вольскага, які меўся адбыцца ў пятнiцу ў Менску ў новым памяшканьні творчай пляцоўкі «Арт Сядзіба», перанесены ў сядзібу БНФ (вул. Чарнышэўскага, 3). Пачатак а 18.30. У канцэрце таксама бярэ ўдзел саксафаніст і флейтыст Павал Аракелян.

За дзень да імпрэзы супрацоўнікі Міністэртва па надзвычайных сытуацыях апячаталі памяшканьне, дзе плянавалася правесьці прэзэнтацыю.

Вось што сказаў Свабодзе дырэктар «Арт Сядзібы» Павал Белавус:

— Учора ўвечары прыйшоў да будынку і ўбачыў апячатаныя дзьверы. Адразу патэлефанаваў уладальніку, які падцвердзіў, што яго выклікалі да будынку і ў ягонай прысутнасьці дзьверы апячаталі супрацоўнікі МНС.

Усё вельмі проста: у сераду на generation. by выйшаў цудоўны матэрыял, у якім распавядалася, што «Арт Сядзіба» ўзнаўляецца ў новым месцы і першаю імпрэзаю ў пятніцу будзе сустрэча зь Лявонам Вольскім.

Матэрыял пайшоў па інтэрнэту, яго прачыталі «патрэбныя» людзі, патэлефанавалі ў адміністрацыю Фрунзенскага раёну, там адразу паніка, тыя накіроўваюць праверыць памяшканьне МНС, а ўладальніка ставяць перад фактам, што новыя арандатары гэтага памяшканьня не пажаданыя. Такім чынам мы сёньня скасавалі падпісаную дамову і новая Арт Сядзіба зачыненая, не пасьпеўшы адчыніцца. Вось такая цэпная рэакцыя.

Цяпер вынікае, што ў юрыдычнай асобы зьняць памяшканьне пад нашую дзейнасьце нерэальна, адразу патэлефануюць і запалохаюць праблемамі ў бізнэсе. Застаецца шукаць уласьнікаў фізасобаў і замежныя прадпрыемствы, якім нічога не страшна, альбо шукаць спонсараў для набыцьця нейкага будынку ці памяшканьня ва ўласнасць.

Самая непрыемнае, што «Арт Сядзіба» — гэта зусім не палітычны праект, цалкам культурна-асьветніцкі, але беларуская мова і нашая актыўнасьць выклікаюць «страх» у кагосьці».

На новым дыску з сэрыі «Бібліятэка Свабоды» сабраныя 100 песьняў, што гучалі цягам двух гадоў ў нашым эфіры і на сайце. Наведнікі сёньняшняй імпрэзы атрымаюць гэты дыск у падарунак.

25 прэзэнтацыя дыска адбылася ў Магілёве, а 26-га ў Горадні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)