Политика
Іна Студзінская, Радыё Свабода

«Перад тым, як напісаў прашэнне аб памілаванні, мяне зрабілі «злосным парушальнікам» рэжыму»

Празь некалькі хвілін пасьля таго, як прыехаў дамоў у Бабруйск Павал Сырамалотаў даў першае інтэрвію.

— Па-першае, віншуем Вас з вызваленьнем. Распавядзіце, калі ласка, як гэта адбылося.

— 25 верасьня нас зь Сяргеем Каваленкам выклікаў у свой кабінэт «атраднік» (начальнік атраду). Сказаў, сёньня, 25-га, вы паедзеце дадому, зьбірайцеся. Нас завялі ў рэжымны аддзел, абшукалі, сказалі, што ў хуткім часе прыйдзе арыгінал дакумэнту. Але арыгінал паперы ўсё не прыходзіў, і мы ўвесь гэты час чакалі, калі нас адпусьцяць. Каваленку адправілі раней. А мяне 27 верасьня прыкладна а 13-й гадзіне вывелі з зоны, давезьлі да чыгуначнага вакзалу, пачакалі, калі прыйдзе мой цягнік, купілі мне квіток і адправілі. І вось я дома…

— Вы пісалі прашэньне? Калі гэта было?

— Прашэньне пісаў мой адвакат. Гэта было роўна 3 месяцы таму, 25 чэрвеня. 30 чэрвеня папера ўжо пайшла. Відаць, яны вельмі чакалі гэтага прашэньня. І толькі праз 3 месяцы мяне вызвалілі.

— Як з вамі там абыходзіліся? Як наагул вы там пачувалі сябе?

— Цяжка адназначна адказаць… Калі была найменшая магчымасьць да чагосьці дачапіцца, мне адразу прыпісвалі парушэньні. Калі я пісаў нейкія заявы, стараліся цягнуць альбо наагул гэтыя мае заявы губляліся… Карацей, усё ў такім стылі. Я быў «злосным парушальнікам» рэжыму. На мяне «павесілі» 5 парушэньняў рэжыму перад тым, як я напісаў прашэньне.

— Вас прымушалі пісаць прашэньне?

— Яны мне прапаноўвалі пісаць. Але да гэтага я сам вырашыў напісаць прашэньне.

— Я толькі што размаўляла з матулямі Яўгена Васьковіча і Арцёма Пракапенкі. Яны Вас таксама віншуюць, вельмі рады за Вас. Адзінае, сказалі, што Вашы сябры ўсе размовы аб прашэньнях спыняюць, кажуць, што ня будуць пісаць…

— Зразумела…

— Ці даходзілі да Вас лісты ад сяброў, ад іншых вязьняў?

— Ад вязьняў яны ня могуць даходзіць, іх проста не прапусьцяць. Але часьцяком многія лісты не даходзілі.

— Ці даходзілі да вас весткі з волі, ці ведалі вы пра падтрымку, ці адчувалі, што грамадзкасьць, праваабаронцы за вас змагаюцца?

— Тое-сёе даходзіла, але ня ў поўнай меры. Газэты даходзілі не заўсёды. Калі я тэлефанаваў родным, яны мне распавядалі, што адбываецца.

— Не шкадуеце за такую суровую школу жыцьця?

— Не, не шкадую, нават крыху рады, што прайшоў.

— Што самае цяжкае было ў зьняволеньні?

— Самае цяжкае, напэўна, было расстаньне з роднымі. Разлука.

— Ну а што зараз будзеце рабіць? Першыя крокі на волі?

— Мне пакуль цяжка адказаць…

Павал Сырамалотаў нарадзіўся 30 красавіка 1991 году ў Бабруйску. Пасьля школы скончыў прафтэхвучэльню. Працаваў на заводзе, вучыўся ў хіміка-тэхналягічным тэхнікуме на вячэрнім аддзяленьні.

Узяты пад варту 17 студзеня 2011 году за спробу падпалу ў ноч на 17 кастрычніка 2010 году будынку Бабруйскага КДБ, у які былі кінутыя бутэлькі з запальнай сумесьсю. 18 траўня 2011 году разам зь Яўгенам Васьковічам і Арцёмам Пракапенкам асуджаны судом Бабруйску на 7 гадоў пазбаўленьня волі (ч. 2 артыкула 339 — злоснае хуліганства, і ч. 3 артыкула 218 Крымінальнага кодэксу — пашкоджаньне маёмасьці ў асабліва буйным памеры). Адбываў пакараньне ў калёніі № 19 у Магілёве. У чэрвені 2012 году Павал напісаў прашэньне аб памілаваньні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)