Общество
Антон Карповіч

«Я перакананы, што праўда возьме верх»

Палітвязню і вядомаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму ў аўторак спаўняецца 50 гадоў. Прыводзім яго выказванні пра сітуацыю ў краіне і сваё жыццё.

«Які мой улюбёны дэвіз? Як будзе, так і будзе».

***

«Маё жыццё непарыўна звязана з беларускай мовай, хаця вучыў я яе пасля рускай школы, ва ўніверсітэце, але тым не менш загаварыў у 20 год і вось ужо амаль 30 год паслядоўна стараюся гаварыць па-беларуску».

***

«Я ў сваім жыцьці ня думаў, што дажыву нават да таго часу, калі Беларусь будзе незалежнай».

1987 год. Алесь Бяляцкі на акцыі-заплыве беларускіх і латыскіх маладзёвых суполак супраць будаўніцтва Дзвінскай ГЭС

***

«У 1988-м — мой першы штраф. Я асьпірант Акадэміі навук, за арганізацыю «Дзядоў» на Маскоўскіх могілках быў затрыманы, атрымаў штраф 200 савецкіх рублёў. Гэта дастаткова шмат — паўтары маёй стыпэндыі асьпіранцкай. Праз тры дні дырэктар інстытуту Віктар Каваленка выклікаў мяне да сябе і сказаў: «Алесь, вось вам грошы, якія інстытут сабраў, заплаціце, калі ласка, штраф».

***

«(У 1996-м) трэба было ствараць арганізацыю. Гэта стала зразумела для мяне асабіста, калі падчас аднаго зь мітынгаў проста сабралі грошы для Славаміра Адамовіча і перадалі яго маці. Я асабіста сабраў і перадаў. Ніхто больш яму рэальна ня мог дапамагчы на той час»

***

«Усе мае «дасягненьні» як праваабаронцы — неад’емныя ад дзейнасьці «Вясны», і вось ужо «Вясьне» было па сілах зрабіць многае з таго, што ніводзін праваабаронца-адзіночка не пацягнуў бы».

***

«Тое, што не зафіксавана на паперы, лічы, што яго і не было. Вось да якой высновы я прыйшоў, аналізуючы плынь жыцця».

***

«Лукашэнка разумее правы чалавека выключна як права на працу і права гаварыць на кухні з жонкай. Гэта, канечне, вельмі жахліва і ўвогуле паказвае вельмі нізкі ўзровень – культурны, цывілізацыйны – сённяшняй беларускай улады».

***

«Што б там ні казаў Рыгоравіч, але паляпшэньне эканамічнай сітуацыі нават у неспрыяльных вонкавых умовах – гэта вынік рупнай працы нашых грамадзянаў. А вось чорна-карычневы імідж Беларусі ў вачах усяго сьвету – гэта чыста ягоная заслуга».

***

«Зараз акурат знаходжуся там, дзе і павінен быць праваабаронца пры такой сытуацыі ў краіне. Як пісаў Ул. Караткевіч у «Хрысьце... », якога зараз перачытваю, — уся Беларусь — гэта клетка. І па той бок мура, па ўсім відаць, не нашмат лепей. А тут пабываўшы, пачынаеш болей цаніць жыцьцё».

Акцыя ў падтрымку Алеся Бяляцкага ў Парыжы

***

«Нобэлеўскай прэміі варты з сучасных літаратараў – Алесь Разанаў, з грамадзкіх дзеячоў – Станіслаў Шушкевіч».

***

«Вазьміце таго ж генэрала Грыба — ён жа ж кроў ад крыві, костка ад косткі той савецкай сыстэмы, генэралам міліцыі стаў у тыя часы. Але які пераварот адбыўся з чалавекам! Вось гэта шмат чаго вартае».

***

«І нашая добрая старая апазыцыя і новыя моладзевыя групоўкі – як гэта ня сумна, можа і лепшая частка беларускага грамадзтва, але й таксама з сваімі прымхамі і забабонамі».

***

«Для мяне асабіста рэлігійныя перакананьні, вера ў Бога не пярэчаць талерантнасьці ў шырокім сэнсе гэтага слова, у тым ліку і да прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў. Быць вернікам у маім разуменьні гэта значыць – мець вялікае цярпеньне і разуменьне іншасьці ў любых ейных праявах».

***

«Я супраць перасьледу сэксуальных меншасьцяў, у нас у Канстытуцыі запісана, што любая дыскрымінацыя ў нас забараняецца. Што тычыцца шлюбаў, я асабіста ня бачу ніякіх праблемаў. Усё роўна, па факце, такія партнёрскія саюзы існуюць… Я мяркую, што такія саюзы могуць займацца і выхаваньнем дзяцей, калі яны ў стане забясьпечыць ім нармальнае псыхалягічнае і сацыяльнае разьвіцьцё».

***

«Мяркую, што лішні раз легальна пахадзіць па людзях, паразмаўляць з народам, паслухаць, паагітаваць – гэта карысна. Урэшце, як раз ад людзей нашых залежыць як далей будзе разьвівацца палітычная сытуацыя ў краіне, наколькі доўга яны яшчэ зьбіраюцца цярпець. А палітычныя актывісты праз удзел у агітацыйных кампаніях мусяць трымаць руку на пульсе грамадзкага жыцьця».

***

«Спадзяюся, што эканамічныя праблемы прымусяць грамадзтва больш сур’ёзна паставіцца да тых, хто намі кіруе».

***

«Мне здаецца, што я ў камандзіроўцы. Па вялікім рахунку гэта недалёка ад ісціны. Галоўнае, каб здароўе не падвяло. З ім у мяне пакуль усё нармальна. Сумленне чыстае, таму сплю добра. Адсыпаюся тут. Увогуле адчуванне такое, што саскочыў з машыны, на якой глядзеў на жыццё праз шкло і пайшоў зараз па дарозе жыцця пешшу. Павольна, але затое ўсё заўважаеш і цэніш».

«Я перакананы, што праўда возьме верх».

***

«Шкадаваць мяне няма падставаў. Я і сам каго хочаш пашкадую».

У тэксце выкарыстаны фрагмены інтэрв’ю Алеся Бяляцкага Радыё Свабода, «Вясна», а таксама яго выказванні ў кнізе Валерыя Каліноўскага «Справа Бяляцкага», лістах на волю і кнізе «Прабежкі па беразе Жэнеўскага возера».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)