«Атрымаецца, што Ярмошына незаконна зарэгістравала Лукашэнку ў 2010-м годзе»
Завяршыўся прыём заявак ў акружныя камісіі на рэгістрацыю ініцыятыўных групп па вылучэнні кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
З гэтай нагоды грамадзянская кампанія «Гавары праўду!» 20 ліпеня арганізавала прэс-канферэнцыю, на якой акцэнтавала ўвагу на ідэі грамадзянскай дамовы і акрэсліла далейшыя планы на ўдзел у выбарах.
Актывісты «Гавары праўду!» падалі на рэгістрацыю 27 заявак. Паводле слоў намесніка кіраўніка выбарчага штабу кампаніі Сяргея Вазняка, з гэтых заявак на сёння разгледжана 22:
— На гэты момант 20 ініцыятыўных груп ужо зарэгістравана. Тры заяўкі будуць разгледжаныя сёння ўвечары, а яшчэ дзве камісія абяцае разглядзець у панядзелак. Сярод адмоваў — заяўкі Івана Амельчанкі (акруга № 108 г. Мінска) і Пятра Лебедзева (акруга № 40 г. Жлобіна). Адмовы матываваліся тым фактам, што кандыдаты прадаставілі свае заявы не асабіста, а даслалі заяўкі поштай. У камісіі спасылаюцца на 65-ты артыкул Выбарчага кодэксу. Мы яго вывучылі — там не напісана, якім чынам прэтэндэнт павінен падаваць заяву на рэгістрацыю групы.
Як запэўніў Вазняк, кампанія будзе абскарджваць прынятыя рашэнні. Актывіст «Гавары праўду!» нагадаў, што падобны прэцэдэнт назіраўся на прэзідэнцкіх выбарах у 2010-м, калі кандыдата Аляксандра Лукашэнку, нягледзячы на тое, што дакументы на рэгістрацыю яго ініцыятыўнай групы прадастаўляў не ён сам, а кіраўнік ініцыятыўнай групы, усё ж зарэгістравалі.
– Калі Лідзія Ярмошына прызнае рашэнні па Амельчанку і Лебедзеву правільнымі, атрымаецца, што яна незаконна зарэгістравала Лукашэнку ў 2010-м годзе. Грамадзянін Лукашэнка валодае такім жа выбарчым правам, як і грамадзяне Амельчанка і Лебедзеў, — заявіў Сяргей Вазняк
Някляеў: выбары ў палату — гэта падрыхтоўка да прэзідэнцкіх выбараў
Як заявіў лідэр кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў, сёлетнія выбары ў Палату прадстаўнікоў павінны стаць падрыхтоўкай да выбараў прэзідэнта ў 2015 годзе.
— Я не прымаю ўдзелу ў выбарах, але я падтрымліваю тых кандыдатаў у дэпутаты, якія на прэзідэнцкіх выбарах падтрымалі мяне, якія стаялі ў пікетах і якіх білі на Плошчы. Збіраючы подпісы за іх кандыдатуры, мы зможам перагаварыць з выбаршчыкамі і данесці сваю пазіцыю як мінімум да 2-2,5 млн чалавек. Гэтую магчымасць мы не можам не скарыстаць.
Вядома, мы разумеем, што спадзявацца на парламенцкае крэсла, ідучы на выбары ад апазіцыі, не варта. Але мы павінны змагацца за тое, каб гэта было магчымым. Толькі з такім пасылам кандыдаты ў дэпутаты змогуць нешта давесці людзям, з якімі будуць сустракацца.
Якім павінен быць кандыдат у дэпутаты?
Як дадаў кіраўнік штабу «Гавары праўду!» Андрэй Дзмітрыеў, кампанія ідзе на выбары з ідэяй грамадзянскай дамовы кандыдатаў у дэпутаты. Яна складаецца з дзвюх частак: першая частка — асабістая (якім павінен быць кандыдат і якіх правілаў ён павінен трымацца як асоба) і другая — яго праграма (якія пытанні ён павінен уздымаць).
— Што такое грамадзянская дамова? Гэта персанальная адказнасць палітыкаў перад сваімі выбаршчыкамі — прадстаўляць іх інтарэсы, працаваць дзеля іх ідэй і быць прадстаўнікамі гэтай новай большасці — тых, хто сёння не падтрымлівае ні ўладу, ні апазіцыю. Па кожнай акрузе, дзе вылучаецца наш кандыдат, мы правялі апытанне — якімі людзі бачаць дэпутатаў? Было апытана каля 15,5 тысяч чалавек. На базе адказаў гэтых людзей была сфармаваная аснова грамадзянскай дамовы кандыдатаў у дэпутаты.
Андрэй Дзмітрыеў лічыць, што калі б летась дэпутаты прыехалі ў свае акругі і папярэдзілі насельніцтва пра будучыя змены ў эканоміцы, то сёння мы мелі б «зусім іншую Беларусь».
— Сёння парламент — гэта не сталы і не сцены, парламент — гэта людзі, абыякавыя да іншых людзей. Асаблівасць тых, хто сёння падзяляе грамадзянскую дамову, у тым, што ім не абыякавыя інтарэсы іх выбаршчыкаў і грамадзян.
Мы будзе заключаць грамадзянскую дамову з выбаршчыкамі і казаць ім пра тое, што не важна — дасць Лукашэнка крэсла ў парламенце ці не — мы застанемся і пасля выбарчай кампаніі. Стратэгія, якая існуе сёння ў «Гавары праўду!», доўжыцца да 2015-16 гг. і мы будзем працягваць працаваць з людзьмі. Грамадзянская дамова — гэта штосьці большае, чым проста месца ў так званым парламенце.
«Дэпутаты гэтага склікання за чатыры гады самі ініцыявалі толькі адзін закон»
Кандыдат у дэпутаты Ігар Драко распавёў журналістам пра вынікі праведзенага апытання — якімі выбаршчыкі хочуць бачыць парламентарыяў. Паводле яго слоў, людзям хочацца ведаць, на што жыве дэпутат (“якая ў яго маёмасць і даходы”), а таксама мець непасрэдны кантакт з дэпутатам (“каб яму можна было патэлефанаваць або напісаць”).
— Людзі хочаць бачыць, як працуюць дэпутаты. Вярнуць тэлебачанне ў Палату прадстаўнікоў: што яны абмяркоўваюць, якія законы прымаюць. Дэпутаты гэтага склікання за чатыры гады самі ініцыявалі толькі адзін закон, астатнія законы былі спушчаныя Саўмінам або адміністрацыяй прэзідэнта.
Як зазначыў Ігар Драко, выбаршчыкі выступаюць за наяўнасць “якогасьці лічыльніка дэпутацкіх рашэнняў і законаў”.
– У гэтым і палягае сутнасць нашай грамадзянскай дамовы: грамадзяне змогуць кантраляваць дэпутатаў. Выбаршчыкі хочуць, каб дэпутаты сталі сапраўднымі палітыкамі і каб парламент стаў сапраўднай уладай, а не той імітацыйнай структурай, якой ён ёсць зараз, — заявіў Ігар Драко.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное