Политика
Зміцер Лукашук, «Еврорадио»

Журналісту Еўрарадыё прысудзілі 15 сутак за лаянку, яшчэ аднаго людзі ў цывільным пільнуюць каля офісу

Прысуд Паўлу Свярдлову выносіла суддзя, унесеная ў спіс неўязных у Еўрасаюз.

Журналіста Еўрарадыё Паўла Свярдлова пяцёра невядомых у цывільным затрымалі а 10 гадзіне раніцы ля пад’езда ўласнага дома. Як вынікае з матэрыялаў справы, журналіст, у мінулым выкладчык факультэта журналістыкі БДУ, капітан каманды “Што? Дзе? Калі?”, уладальнік “Крыштальнай савы” за перамогу ў гэтай звышінтэлектуальнай гульні, не паспеўшы выйсці на выліцу, адразу пачаў брудна лаяцца матам. Нібыта, вось такую ён мае звычку!

 

Супрацоўнікам праваахоўных органаў, якія “выпадкова” са сваім мікрааўтобусам апынуліся менавіта ў гэты час у двары дома, дзе жыве журналіст, не заставалася нічога іншага, як закінуць яго ў свой транспарт і адвезці ў пастарунак.

На сувязь з рэдакцыяй Паша здолеў выйсці толькі з суда Маскоўскага раёна. Каб нарэшце паведаміць пра сваё месцазнаходжанне. І пра тое, што яго збіраюцца судзіць за “дробнае хуліганства”.

Далей пачаліся незразумеласці, дакладна патлумачыць якія зможа толькі ён сам. Праз 15 сутак. Найперш, адпачатку стала вядома, што суд адкладзены з-за патрабавання Свярдлова прадставіць яму адваката. З дапамогай калег з Беларускай асацыяцыі журналістаў рэдакцыя Еўрарадыё атрымала магчымасць прадставіць свайму супрацоўніку адваката ўжо праз 15 хвілін пасля тэлефанавання Свярдлова. І праз пэўны час у судзе былі і рэдактар Еўрарадыё, і адвакат.

Але спачатку рэдактару назвалі не тую залю пасяджэнняў, дзе мусіць разглядацца справа, а потым адвакату заявілі, што Свярдлоў катэгарычна адмовіўся ад яго паслуг. Ці праўда гэта і чаму так здарылася, калі гэта так, – адказу няма.

У выніку, суд над затрыманым па адміністрацыйным артыкуле "дробнае хуліганства" журналістам Еўрарадыё праходзіў у залі для "крымінальнікаў". Прычым, неўязная суддзя Таццяна Матыль пачала слуханне, не дачакаўшыся прыезду адваката! І без непатрэбных “назіральнікаў” у залі.

Чаму “лаяцца” пачаў менавіта журналіст Еўрарадыё Павел Свярдлоў – можна толькі меркаваць. На думку рэдактара карпункта Еўрарадыё Віталя Зыблюка, магчыма, што затрыманне праводзілі прадстаўнікі ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, якія курыруюць справы, звязаныя з тэрарызмам. Нядаўна Еўрарадыё зрабіла рэпартаж з мінскага метро, у часе падрыхтоўкі якога журналісты прайшліся па падземцы з цяжкой валізкай, і на іх ніхто не звярнуў увагі. Затрыманне Паўла Свярдлова магло стаць своеасаблівай помстай.

Адбываць пакаранне журналіст будзе на Акрэсціна.

Дарэчы, ад абеда ля офіса Еўрарадыё дзяжурыць мікрааўтобус з людзьмі ў цывільным, вельмі падобны да таго, на якім невядомыя забіралі Паўла Свярдлова. Але можна гарантаваць, па выхадзе з офіса (як і з пад’езда любога іншага дома) нашы супрацоўнікі не прывыклі лаяцца матам.

 

***

Як стала вядома «Салідарнасц і » , да вечара аўтобусы прастаялі каля рэдакцыі “Еўрарадыё”. Людзі ў цывільным з навушнікамі не сышлі з двара і пасля 20.00. Паводле існуючых звестак, яны чакаюць яшчэ аднаго супрацоўніка “Еўрарадыё” Віталя Ругайна. Дарэчы, Віталь Ругайн і Алесь Пілецкі нядаўна правялі журналісцкі эксперымент і без перашкод прайшліся з вялікай валізкай па метро.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)