Политика
Таццяна Гусева

«Затрыманнем Пачобута ўлады даюць знак: выбарчая кампанія пройдзе па жорсткім сцэнары»

Спадзевы праваабаронцаў на тое, што перад выбарамі сітуацыя ў краіне зменіцца да лепшага, не спраўдзіліся. Затрыманне гарадзенскага журналіста Анджэя Пачобута, — гэта знак, што падзеі могуць разгортвацца ў горшым накірунку, лічыць сябра Рады Праваабарончага цэнтра «Вясна» Таццяна Рэвяка.

— Калі зайшла гаворка пра амністыю, праваабаронцы спадзяваліся, што на амністыю пройдуць усе тыя, хто асуджаны ўмоўна, з адтэрміноўкай, у тым ліку і Пачобут, і што ен будзе свабодны, як і дзевяць палітыкаў, якія ўдзельнічалі ў мінулых выбарах, — адзначыла ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» Таццяна Рэвяка. — Мы былі упэўненыя, што на частку тых, хто знаходзіцца за кратамі і ва ўмовах абмежавання волі, будзе распаўсюджана амністыя. Меркавалі, што Севярынец можа ўвогуле быць вызвалены, а частка людзей атрымае змяншэнне тэрміну і зможа прэтэндаваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленне.

Думалі, што гэта будзе прававы крок, зроблены перад выбарамі. Мы былі ў шоку, калі пабачылі праект закона аб амністыі, у які ўпершыню ўнесеныя артыкул Пачобута — «паклеп на прэзідэнта», а таксама артыкулы «групавыя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак», па якіх асуджаныя дзевяць чалавек, у тым ліку Халіп, Някляеў і іншыя.

Мы зразумелі, што паслаблення перад выбарамі не будзе.

У нашай сітуацыі, калі на працягу 16-ці гадоў ні адны выбары ў беларускі парламент не былі прызнаныя легітымнымі, гэта не той курс, па якім у нас будуць выпускаць палітзняволеных і змяншаць гэтае напружанне ў грамадстве.

На думку Таццяны Рэвякі, парламенцкія выбары будуць звычайнай кампаніяй ва ўмовах жорсткага стаўлення да апанентаў, улічваючы, што зараз апанентамі залічваюцца не толькі палітыкі, якія прэтэндуюць на ўладу, але і журналісты, і праваабаронцы.

— Не зроблена ніводнага кроку дзеля таго, каб можна было адчуць, што ўлады зацікаўленыя ў легітымізацыі вынікаў парламенцкіх выбараў, у прызнаным парламенце. Прынамсі на сенняшні дзень я такіх прыкмет не бачу, — лічыць праваабаронца. — Затрыманне Пачобута сведчыць пра тое, што гульні кшталту аб’яўлення амністыі былі разлічаныя на Захад. Спробы палітычнага гандлю не ўдаліся, і ўсе пайшло па больш жорсткім сцэнары. Выбары яшчэ больш замацуюць адмоўныя тэндэнцыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)