Прэмію Гедройца атрымаў Касцюкевіч — за «Зборную»

3 сакавіка, у Міжнародны дзень пісьменніка, быў вызначаны пераможца Літаратурнай прэміі імя Гедройца за найлепшую беларускамоўную кнігу прозы, выдадзеную ў 2011 годзе. Вынік быў для большасці прысутных нечаканы.

Злева направа: Альгерд Бахарэвіч, пераможца Павал Касцюкевіч, Артур Клінаў. Фота Радыё Свабода.

Букмекеры мінскіх літаратурных салонаў прымалі найбольшыя стаўкі на Лукашукоў «След матылька» і клінаўскі «Шалом». У выніку ж гэтыя кнігі нават не трапілі ў тройку пераможцаў. А атрымаў прэмію аўтар кароткага жанру і сакавітага гумару Павал Касцюкевіч.

Нам удвая прыемна, што перамог пісьменнік, які дэбютаваў у «Нашай Ніве» і апублікаваў у нас асноўную частку апавяданняў, што склалі кнігу-пераможцу «Зборная Рэспублікі Беларусь па негалоўных відах спорту» (Менск: Логвінаў).

Павел Касцюкевіч належыць да тых рэдкіх людзей, якія з радзімы не з’ехалі, а вярнуліся ў яе. Мала хто ведае, што ён толькі ў 2007 годзе рэпатрыяваўся ў Беларусь з Ізраіля.

Хоць аўтар стаяў на сцэне трохі ашалелы ад поспеху, гумар яму не здрадзіў і тут.

«Гэта другая мая прэмія. Першую я атрымаў у трэцім класе за трэцяе месца ў конкурсе малюнкаў крэйдай на асфальце», — расказаў элегантны, у матыльку, лаўрэат пад воплескі аўдыторыі.

Другі поспех у жыцці Паўла яўна больш важкі за першы. Прэмія Гедройца складае 105 мільёнаў рублёў.

Гэта выдатнае спрыянне беларускай літаратуры. Забяспечыў яго «Самбелбанк» — беларускі банк з удзелам польскага капіталу.

Ідэя заснаваць такую прэмію належыць паслу Польшчы ў Беларусі Лешаку Шарэпку. Прыкрасць у тым, што ён не змог прысутнічаць на цырымоніі: у аўторак лукашэнкаўцы папрасілі яго выехаць з Беларусі на кансультацыі. Аднак словы падзякі яму гучалі шчырыя, ад многіх. Сапраўды, лепшага стымулу для беларускай прозы, чым такая прэмія, цяжка сабе ўявіць.

Рэалізацыя ідэі пасла была няпростай для журы.

Выразнага лідара сярод кніг 2011 года не было (гэта пацвердзілі і інтэрнэт-апытанкі і тое прызнаў вядоўца цырымоніі, Андрэй Хадановіч). Пры гэтым кнігі, якія трапілі ў шорт-ліст прэміі Гедройца, выявіліся вельмі рознымі. Параўнаць блокбастар Ахроменкі «Тэорыя змовы» з мак’юмэнтары Лукашука пры жыццё Освальда ў Мінску аб’ектыўна немагчыма, як і супаставіць абедзве гэтыя кнігі з кароткай прозай Касцюкевіча альбо ваенным раманам Клінава.

У журы ўвайшлі асобы з розных асяродкаў: пісьменнік Арлоў, філосаф Акудовіч, Хадановіч з ПЭН-Цэнтра і Пятровіч з Саюза пісьменнікаў, літаглядальніца «Советской Белоруссіі» Людміла Рублеўская і кіраўнік Польскага інстытута ў Мінску Пятро Казакевіч.

У выніку Альгерд Бахарэвіч (кніга кароткіх, радыйных эсэ «Малая медычная энцыклапедыя Бахарэвіча») атрымаў 2-е месца.

Сябар журы, кіраўнік Польскага ПЭН-цэнтра, параўнаў ягоныя эсэ з творамі Мантэня і Паскаля. Узнагарода за другое месца прадугледжвае месячны побыт ва Ўроцлаве і выданне кнігі ў Польшчы, у некамерцыйным выдавецтве «Калегіум Еўропы Ўсходняй».

Андрэй Федарэнка (раман-эсэ «Мяжа») здабыў 3-е месца (атрымае творчую стыпендыю на месяц у Уроцлаве).

Нелюдзімы Федарэнка, дарэчы, на цырымонію не прыйшоў.

Увогуле, у залу Палаца мастацтва трапіць можна было толькі па запрашэннях. Мусіць, гэта была памылка.

У аўдыторыі бракавала публікі. Недзе ў задніх шэрагах сядзеў Уладзімір Някляеў, якога асабіста ўзгадаў у сваім вітальным слове часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Вітальд Юраш. Паэту Андрэю Хадановічу, вядоўцу цырымоніі, не заставалася нічога, як пажадаць, «каб беларуская палітыка не сапсавала свята беларускай літаратуры».

Свята ў выніку сапсавала не палітыка, а Сяргей Вераціла, анфан тэрыбль сталічнай багемы.

На пытанне вядоўцы, ці ёсць у зале Федарэнка, ён прагарлаў з месца: «Андрэй сказаў, што яму няма тут з кім побач стаяць». Наўрад ці тыя словы сыходзілі ад самога аўтара «Мяжы». Напярэдадні цырымоніі ён вельмі высока ацаніў кнігу Лукашука. Проста як чалавек закрыты, сарамяжлівы, Федарэнка аўтар не «цырыманіяльны».

Як выказалася Людміла Рублеўская ў сваім слове, перш чым ускрыць канверт з трэцім прызам, «пакуль ёсць пісьменнікі, для якіх літаратура — гэта справа жыцця. І гэтая літаратура творыцца на тэрыторыі ўнутранай свабоды».

Не прыехалі на цырымонію і два іншыя намінанты: Аляксандр Лукашук з Прагі і Уладзіслаў Ахроменка з Чарнігава.

Лукашук запісаў відэазварот, але тры спробы яго паказаць поспеху не мелі.

Зрэшты, нашмат больш за аўтараў прамаўлялі іх творы. Іх цудоўна ўвасобілі акторы Купалаўскага, у тым ліку магутны Павал Харланчук, што заслужылі авацыю залы.

Перамога ў прэміі Гедройца не гарантуе аўтару поспеху на замежных рынках. Для Еўропы жанр малой прозы — не самы цікавы. Еўрапейцы найлепш чытаюць раманы. Пра гэта з месяц таму на сустрэчы з пісьменнікамі ў часе Менскай кніжнай выставы казала Катарына Раабэ, кіраўніца аддзела ўсходнееўрапейскай літаратуры аднаго з найбуйнейшых выдавецтваў Германіі, «Зуркамп». Як бы ні было, Павал Касцюкевіч стварыў галерэю душэўных і смешных персанажаў: ашмянскія бабулькі-кантрабандысткі, ВДВшнікі, вайна з дзьмухаўцамі, якія паставілі сабе ў якасці мэты захоп Беларусі.

Пазнавальная пабудова фразы і дзіўная «хуткасная» мова апавяданняў Касцюкевіча насамрэч працуюць.

Падчас чытання «Зборнай РБ» узнікае адчуванне, што ты імкнешся сесці ў машыну, якая рухаецца на хуткасці ста кіламетраў.

У дадатак да грашовага прызу Касцюкевіч атрымаў пуцёўку на адпачынак у шведскім доме творчасці на балтыйскім востраве Готланд.

* * *

Прэмія была заснаваная Саюзам беларускіх пісьменнікаў, Беларускім ПЭН-цэнтрам, пасольствам Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь і Польскім Інстытутам у Мінску.

Нагадаем, што ў шорт-ліст увайшло шэсць кніг:

Уладзіслаў Ахроменка «Тэорыя змовы» (Мінск: Логвінаў).

Альгерд Бахарэвіч «Малая медычная энцыклапедыя Бахарэвіча» (Радыё Свабода, серыя «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе»).

Павал Касцюкевіч «Зборная Рэспублікі Беларусь па негалоўных відах спорту» (Мінск: Логвінаў).

Артур Клінаў «Шалом: ваенны раман» (Мінск: Логвінаў, серыя «Кнігарня «Наша Ніва»).

Аляксандар Лукашук «След матылька. Освальд у Мінску» (Радыё Свабода, серыя «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе»).

Андрэй Федарэнка «Мяжа» (Мінск: Літаратура і Мастацтва, серыя «Лімаўскі фальварак»).

Грашовы прыз — 105 мільёнаў рублёў.

У журы былі пісьменнікі Уладзімір Арлоў і Барыс Пятровіч, філосаф Валянцін Акудовіч, крытыкі Людміла Рублеўская і Маргарыта Аляшкевіч, перакладчык і старшыня Польскага ПЭН-клубу Адам Паморскі, дырэктар Польскага інстытуту і Мінску Пётр Казакевіч. Ганаровы старшыня журы — пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)