Чаму Славенія бароніць беларускага алігарха ад «чорнага спісу» Эўразвязу
Сайт EUobserver аналізуе падзеі вакол дэбатаў над папаўненнем «чорнага сьпісу» ЭЗ і спрабуе выявіць, чаму галоўным «тормазам» падаўжэння спісу стала Славенія.

Юры Чыж
Юры Чыж, буйны спонсар беларускага лідэра Аляксандра Лукашэнкі, можа пазбегнуць праблемаў пасля таго, як Славенія заблякавала новы раўнд перамоваў аб эўрапейскіх санкцыях, выклікаўшы неспакой, што яна ставіць свае дробныя камэрцыйныя інтарэсы вышэй за дабрабыт палітычных зняволеных, піша EUobserver.
Любляна ўзняла чырвоны сцяжок на адзінаццатай гадзіне перамоваў у Брусэлі на гэтым тыдні напярэдадні сустрэчы міністраў замежных справаў ЭЗ 27 лютага, на якой рашэнне аб санкцыях мае быць канчаткова зацверджанае.
Прэсавы сакратар славенскага прадстаўніцтва ў Брусэлі ў пятніцу 24 лютага абверг інфармацыю, што Славенія наклала вэта на рашэнне аб санкцыях, зазначыўшы, што іншыя краіны таксама выказалі свае сумневы датычна санкцыяў.
«Ніякага вэта няма, перамовы працягваюцца. Мы ня можам нічога камэнтаваць на гэтай стадыі перамоваў, рашэнне будзе прынятае ў панядзелак падчас сустрэчы міністраў замежных справаў, — сказаў Ураш Махкавэц сайту EUobserver.
Неназваны дыплямат з краіны-прыхільніцы санкцыяў сказаў, што афіцыйная лінія Славеніі палягае ў тым, што калі Чыж трапіць у «чорны спіс», на поле публічных тэндэраў у Беларусі ўварвецца Расея, што нанясе шкоду рынкавай канкурэнцыі.
Аднак той самы дыплямат дадаў, што сапраўдная прычына хутчэй хаваецца ў тым, што славенская будаўнічая фірма Riko Group нядаўна выйграла конкурс на будаўніцтва нерухомасці разам з канглямэратам «Трайпл», які належыць Чыжу.
Спачатку Славенія выступала за тое, каб прыбраць прозвішча Чыжа з новага дадатку да «чорнага сьпісу» ЭЗ. Але калі гэта не ўдалося, яна заблякавала ўвесь новы спіс, у якім каля 30 прозвішчаў — бальшыню з якіх складаюць службовыя асобы, датычныя да арыштаў і дрэннага абыходжання з актывістамі апазыцыі.
«Сама ідэя, што ў Беларусі ёсць нейкі свабодны рынак — гэта проста жарт. Усе ведаюць, што рэжым кантралюе ўсю камэрцыйную дзейнасць у краіне. Гэта пагражае падарваць аўтарытэт ЭЗ якраз у той час, калі Лукашэнка спакойна насміхаецца з усіх нашых спробаў рабіць на яго ціск», — сказаў згаданы дыплямат.
EUobserver паведамляе, што Чыж, 48-гадовы бізнэсовец з вёскі Сабалі Берасцейскай вобласці — блізкі кампаньён і рэгулярны хакейны партнэр Лукашэнкі, якога функцыянэры ЭЗ лічаць адным з яго фінансавых пасярэднікаў.
Ягоная група кампаніяў «Трайпл» займаецца будаўніцтвам, забаўляльнай індыстрыяй, рэстаранамі, супэрмаркетамі, турызмам, лягістыкай і апэрацыямі з нафтапрадуктамі. Яна валодае таксама дылерскай фірмай Audi. Яна мае шырокія дзелавыя сувязі з Латвіяй, Літвой, Нямеччынай, Нідэрляндамі і Польшчай, таму можа істотна пацярпець ад эўрапейскіх санкцыяў.
Паводле беларускіх апазыцыйных крыніцаў, Riko Group зьбіраецца дапамагаць «Трайплу» ў праекце пабудовы гатэлю Кэмпінскі на 57 мільёнаў эўра. Riko мае таксама два асобныя кантракты на 54 мільёны эўра з дзяржаўнай фірмай Мінскэнэрга ў справе пабудовы элэктрападстанцыяў. Фірма Riko працуе ў Беларусі ад 2000 году і ў 2004-м нават запрасіла самога Лукашэнку правесці пару дзён на славенскім лыжным курорце.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное