Лица
Аліна Таранік

Вольскі вяртаў грошы за квіткі і раздаваў аўтографы на капоце машыны (фота)

Лявон Вольскі ад імя гурта «Крамбамбуля» вяртаў у суботні вечар грошы за квіткі на ўласны канцэрт, які не захацела праводзіць кіраўніцтва клубу «Re:public». У дваццаціградусны мароз музыка дзве гадзіны камунікаваў з прыхільнікамі ды раздаваў аўтографы проста на капоце аўто. Удзельнікі сустрэчы былі настроены аптымістычна.

Як вядома, 11 лютага музыкі «Крамбамбулі» меліся прэзентаваць альбом «Драбадзі-драбада» ў «Re:public», аднак, уладальнік клуба вырашыў аддаць сцэну маладзейшым рок-выканаўцам. Выступ папулярнага гурта адмянілі ў разгар падрыхтоўкі да правядзення канцэрта, спаслаўшыся на «надзвычайныя абставіны». У выніку крамбамбульцам прыйшлося адкласці прэзентацыю альбома да вясны.

Дарэчы, падчас раздачы аўтографаў Вольскі паведаміў, што 21 красавіка «Драбадзі-драбаду» можна будзе пачуць са сцэны ў Вільні. Па словах арганізатараў, маюцца папярэднія дамовы з амбасадай Літвы наконт выдачы бясплатных візаў на гэты канцэрт. Для некаторых – жартуюць крамбамбульцы – гэта шанец не толькі пабываць на прэзентацыі, але і пазаймацца шопінгам у славутым «Акропалісе».

Вольскі раздаў аўтографы дзясяткам прыхільнікаў

На працягу дзвюх гадзін тыя, хто не змог з-за «надзвычайных абставінаў» у клубе паслухаць «Крамбамбулю», меў магчымасць атрымаць свае грошы назад. За гэты час Вольскаму ўдалося вярнуць выдаткі недзе за 100 квіткоў, яшчэ блізу 20 чалавек звярнуліся папярэдне, а ўладальнікі 30 астатніх квіткоў пакуль не аб'явіліся. Былі і тыя, хто не хацеў забіраць грошы, пакідаючы іх на суды, якія плануе ініцыяваць Вольскі. Як вядома, музыка думае звярнуцца ў суд, да сілавых структураў, у міністэрства інфармацыі.

– Прыемна здзівіла, што некаторыя людзі не хацелі браць грошы. Хацелі ахвяраваць у фонд «Крамбамбулі». Але мы на гэта не пайшлі :) , – паведамляецца на старонцы гурта ў Фэйсбук.

Каб вярнуць грошы за квіток, трэба было напісаць адмысловую заяву

Андрэй Кабанаў, які ў сацыяльнай сетцы Фэйсбук заклікаў маладых музыкаў праявіць салідарнасць і не выступаць у гэты вечар, быў расчараваны непаразуменнем з боку выканаўцаў. Па яго словах, адмена аднаго канцэрта не прынесла б выступоўцам вялікіх фінансавых цяжкасцяў, а рок усё адно «быў, ёсць і будзе».

– Музыкі павінны аб'ядноўвацца, быць на адзінай пляцоўцы. Гэтага сёння не адбылося, можа, таму што нехта быў не ў курсе, можа, нехта не разумее, можа быць, у сілу маладосці. Я не заклікаў да байкоту слухачоў, мой мэсідж для музыкаў – падтрымаць адно аднаго, – распавёў Кабанаў карэспандэнту «Салідарнасці». – Я не спадзяваўся на нейкі рэзананс, гэта маё асабістае меркаванне, якое я выказаў у адмыслова створанай суполцы ў Фэйсбук. Для сябе вырашыў, што я не пайду. Я ў выдатных стасунках з некаторымі музыкамі, якія там зараз выступаюць, але я не званіў ім, не ўгаворваў. Увогуле ж мой пасыл такі: «Давайце жыць, думаючы пра будучыню».

Андрэй Кабанаў прыйшоў падтрымаць сяброў

Напрыканцы сустрэчы Лявон Вольскі яшчэ раз запрасіў усіх у Вільню, бо на той час «Крамбамбуля» «лепей падрыхтуецца ды і месца, акустыка там лепшыя».

Пакуль жа слухачам нічога не застаецца, як набываць дыскі «Крамбамбулі» – не дазволіць складальнікам «чорных спісаў» паспяхова рэалізаваць свой план і проста слухаць сваё ў добрай якасці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)