Палітвязень Аўтуховіч ускрыў сабе вены?

Карэспандэнт «Свабоды» атрымаў СМС з Івацэвіцкай калёніі № 5 з паведамленьнем пра тое, што Мікалай Аўтуховіч зрабіў замах на сваё жыцьцё.

Мы ня можам спраўдзіць гэтую інфармацыю з-за рэжыму поўнай закрытасьці вакол палітвязьня . Але мы ведаем, што Мікалай Аўтуховіч не аднойчы рабіў замах на сваё здароўе, калі абвяшчаў галадоўкі на знак пратэсту супраць утрыманьня яго ў турме.

У СМС з калёніі таксама паведамляецца, што цяпер палітвязьню робяць перавязкі, што ён пачаў есьці, адчувае сябе здавальняюча і просіць перадаць яму літаратуру.

Мікалай Аўтуховіч асуджаны на 5 гадоў і 2 месяцы калёніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за незаконнае захоўваньне і перавозку пяці патронаў і паляўнічай стрэльбы. Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Аўтуховіча вязьнем сумленьня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)