«А што рабіць на той свабодзе з такімі коштамі»
Сустаршыня БХД, палітвязень Павал Севярынец, які адбывае пакаранне за Плошчу-2010 на спецпасяленні ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну, атрымаў першы за час перабывання на «хіміі» ліст са шклоўскай калоніі ад іншага палітзняволенага, экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча.
Прэс-службе БХД Севярынец паведаміў, што ліст ад Статкевіча, падпісаны 14 лістапада, ішоў да яго больш за тыдзень. Доўгі шлях гэтага ліста адзначаны пазнакамі: 15 лістапада - дазвол цэнзара, 19 лістапада - шклоўскі штэмпель, 22 лістапада - пружанскі штэмпель.
З ліста Севярынец даведаўся, што Статкевіч атрымаў 3 з 5 ягоных лістоў. Не дайшоў да Паўла і адзін ліст Міколы Статкевіча, дасланы яму ў адказ.
Паводле Севярынца, Статкевіч дзякуе за падтрымку і перадае прывітанне ўсім знаёмым. Павал прывёў цытату з гэтага ліста:
"У мяне ўсё нармальна, працую на пілараме, чытаю газеты і кніжкі. Можна было б сказаць, што адаптаваўся да гэтага месца, каб не пастаянныя гадасці ці чаканні іх з боку тых, хто мае каманду "выдраць" з мяне гэтае "прашэнне". Але чалавек - вельмі адаптыўная істота, і да стану гатоўнасці, да "сюрпрызаў" таксама прывыкаеш.
Дарэчы, на прапановы "папрасіцца" я цяпер адказваю так: "А што мне там рабіць, на той свабодзе? Там зараз такія кошты, а тут кашай накормяць, спаць пакладуць і на працу ехаць не трэба - пешкі дайсці можна ". Хаця, калі б усім зэкам тут зрабілі такую прапанову - папрасіцца і выйсці на волю, то праз дні тры ў калоніі застаўся б толькі адзін зэк :)
Перадавайце прывітанні ўсім агульным знаёмым, найперш Зміцеру (Дашкевічу) Спадзяюся, што ён, як і вы таксама, хутка будзе на волі."
Павал Севярынец кажа, што вельмі ўражаны мужнасцю Міколы Статкевіча, перажывае і моліцца за яго і ўсіх іншых палітвязняў, якія зараз знаходзяцца ў калоніях і турмах Беларусі. Усіх неабыякавых людзей ён заклікае пісаць палітвязням лісты падтрымкі.
Прэс-службе БХД Севярынец таксама пракаментаў вестку пра галадоўку, абвешчаную ў ШІЗА Івацэвіцкай калоніі вязнем сумлення Мікалаем Аўтуховічам:
"Галадоўка Аўтуховіча - гэта адказ на агульнае беззаконне. Выпадак з Аўтуховічам - адно звяно ў ланцугу апошняга этапа Саннікава, перавода Бандарэнкі з хворай сьпіной у працоўны атрад, інфармацыйнай блакады Эдуарда Лобава".
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное