Жизнь (не)обыкновенного белоруса

Таццяна Гусева

Алесь Пушкін: «Каб выжыць у крызіс, беларусам трэба пераехаць ў вёску»

Сям’я Алеся Пушкіна ў крызіс вымушана адмаўляцца ад курыцы, паходаў у госці і …трэцяга дзіцёнка. Чаму мастак не разводзіць свіней, сам коле дровы, як Чэлентана, і што можна знайсці ў ягонай лядоўні? Карэспандэнт «Салідарнасці» з’ездзіла ў госці да творцы, які не пабаяўся намаляваць Аляксандра Лукашэнку ў пекле ў вясковай царкве.

Крыху менш за тры гадзіны ад сталіцы на электрычцы «Мінск-Ворша» — і ты ў Бабры. Пушкін з роварам сустракае на станцыі. Ідзем праз лес да вёскі. Алесь вучыць, каб запамінала дарогу. «Няўжо назад адну адправіць?» — палохаюся ў думках я.

— Вось у Мінску колькі мастакоў і літаратараў жыве. Таўкуцца там. Не, каб жыць там, дзе нарадзіліся, — разважае Пушкін. — Вось ваш зямляк Цэслер — выдатны дызайнер — хай бы жыў у Слуцку.

Уяўляю твар Цэслера, калі б ён гэта пачуў. А Пушкін тым часам расказвае, як ён пазнаёміўся з жонкай.

— Я сустрэў Яну ў касцёле ў Магілёве, дзе займаўся рэстаўрацыяй фрэсак. У жонкі яе ўзяў па суровым разліку. Хто б яшчэ са мной на вёску жыць паехаў? Хто змагаўся б супраць Лукашэнкі, «лжи, ханжества и лицемерия», сеяў разумнае, добрае, вечнае? — рагоча Алесь і ўжо сур’ёзна працягвае: - Насамрэч, Яна мая ідэйная, вучаніца Генадзя Сагановіча, свядомая беларуска… Нават, калі нам будзе ўжо нецікавы сэкс, з ёй будзе пра што паразмаўляць.

Высвятляецца, што Пушкін, хоць і жыве побач з бабрамі, ніколі не каштаваў беларускай віягры — бабровай бруі.

Размова прымае небяспечны накірунак, і мы набліжаемся да радавога гнязда Пушкіна.

Хату бачна здалёк па бел-чырвона-белым сцягу на даху. Пушкін, спачуваючы партыі БНФ, якую двойчы ў гэтым годзе прымушалі высяляцца з арэндаваных памяшканняў, прапануе партыйцам перасяліцца да яго.

— А што, — запрашае ў хату гаспадар. — Чым не офіс?

У верандзе хваліцца: «Гэта мая «ярмарка тщеславия». Афішы, дыпломы з розных выстаў ствараюць адчуванне, што ты трапляеш у музей Пушкіна.

Гаспадыня сустракае нас прыгатаванымі ў печы дранікамі, пловам і салаткай. Збіраючы на стол, расказвае сваю версію знаёмства з мужам. Рамантычную.

— Падлеткам на печы сядзела, кніжкі чытала. Мама казала: «Ну, злазь ты з печы. Ідзі на якія танцы, у клуб. Дзе ты кавалера знойдзеш?». А я ўзяла ад балды, кніжак начытаўшыся, і высакапарна заявіла: «Знайду ў храме!». Там яго і знайшла, у магілёўскім касцеле.

Заляцаўся Пушкін вельмі пошла, — успамінае Яна. — У першы ж дзень узяў гарэлкі, плаўленых сыркоў, напаіў мяне і палез цалавацца.

— Пасля пазбавіў яе цнатлівасці (ёй было 24 гады) і задумаўся, — працягвае Пушкін. — Гэта ж адказнасць. Трэба браць замуж…

— Але ж гэта табе не замінала кінуць некаторых нават з дзецьмі! — не стрымліваецца жонка.

— Яначка, там былі раманы… — апраўдваецца за бурную маладосць Пушкін. — Усе знаёмствы пачынаюцца пошла, але у нашай гісторыі многа сэнсу. Ужо 14-ты год разам. Паявіліся двое дзетак. Яна гамоніць на беларускай мове, дзеці гамоняць па-беларуску. Гэта важнейшыя рэчы. Паглядзі, колькі дзяцей і жонак дзеячоў беларускай культуры гамоняць на расейскай мове. «Презираю, брось ты свои причуды». (Пушкін манерна дэманструе расейскамоўную жонку дзеяча культуры).

— «Говори ты на нормальном языке, ну хотя бы дома», — гэта ўжо Яна далучаецца да гульні.

На стале з’яўляюцца жытнёвая гарэлка з Заходняй Беларусі і пярцовы «Бульбаш».

Пакуль Пушкін разлівае па чарках, Яна прызнаецца, што яе маці не засмуціла наяўнасць у будучага зяця дзвюх пазашлюбных дачок. «Мама сказала, што мужчыне ганьбы гэта не робіць».

— Я бы і трэцяга хацеў, каб Яначка мне радзіла, — марыць гаспадар.

— Хороша ложка к обеду, Пушкін, — імгненна рэагуе жонка.

— Чаму Яначка не народзіць? Таму што малая хата, заробкі нестабільныя, — адгукаецца Алесь.

— Хату хто не пашырае? Трэцюю калыску ёсць дзе паставіць? — парыруе Яна.

Ужо потым, калі мы пойдзем у садок за дачкой Алеся Марылькай, Пушкін па сакрэту раскажа, як ён угаворвае жонку на трэцяга дзіцёнка. Маўляў: «Стану праз колькі год знакамітым, будуць мае карціны прадавацца на аукцыёнах, папросіць у мяне натуршчыца: «Хачу ад цябе нарадзіць», а я пагаджуся».

Першую чарку Пушкін уздымае «за дабрабыт, за тое, каб перажыць крызіс, каб пашырацца, строіцца, рабіць дзяцей, праводзіць выставы».

— Як на вашай сям’і адбіўся крызіс? – пытаюся я. - Вось эканаміст Леанід Заіка кажа, што ўсе беларусы збяднелі ў тры разы. Як вы ацэньваеце, колькі вы страцілі?

— Мы багатымі ніколі не былі, — усміхаецца Яна.

— Што можна было купіць за заробак у тры мільены вясной? — уздыхае Пушкін. — Цэмент каштаваў 23 тысячы рублёў за мяшок. Мы планавалі рабіць прыстройку, пашыраць хату. А летам цэмент узляцеў да 80 тысяч. Уяўляеш? І яго было, дарэчы, не набыць. Калі б не крызіс, я набыў бы яшчэ блокаў сценавых, а так хапіла грошай толькі на фундамент. І тое, дзякуючы сезоннай працы на рэстаўрацыі касцёла ў Валожынскім раёне. Не атрымалася нічога адкласці. Мы жывем адным днём, дэпазіты і грошы адкладзеныя на чорны дзень — гэта не пра нас. Жонка выкладае гісторыю ў школе. Яе заробак дзесьці пад мільён чатырыста тысяч.

Мастак — гэта тая прафесія, якая патрэбная, калі людзі сытыя, адзетыя, абутыя. Тады яны думаюць: куплю карціну, замоўлю абраз. На жаль, у нас няма арт-рынку. Няма агентаў у мастакоў. А сам сабе менеджэрам я не збіраюся станавіцца. Бегаць, прасіць, званіць: «Купіце мае работкі!».

— А з іншага боку, трэба ж дзетак карміць. Якія ёсць варыянты?

— Не ведаю. Але я знаёмы з адным мастаком, які на месцы паражэння Напалеона на Бярэзіне хоча устанавіць каплічку. Калі прыйшоў новы амбасадар Францыі, ён пасунуўся да яго са сваім праектам. Той паглядзеў на яго і сказаў, што не ў традыцыях Францыі святкаваць паражэнні. Тады ён пайшоў да Паўла Барадзіна і будаўнікоў Саюзнай дзяржавы. Мастачок пішчом лезе, каб свае тварэнне прапіхнуць. Калі б гэтым нейкі агент займаўся — якая-небудзь цетачка з аддзела культуры — гэта было б прыстойна больш-менш, а калі сам мастачок прапагандзіруе свае працы, пытаецца іх уцюхаць…

— Дык што рабіць беднаму мастаку?

— Маляваць карціны, старацца іх дзесьці паказваць. Вось я збіраюся пісаць абраз Маці Божай, які замовілі беларусы Прагі, а для беларусаў Калінінграда напішу партрэт Максіма Багдановіча, — дзеліцца планамі гаспадар і прапануе другі тост: — Каб мы прадавалі сваю працу і перажылі крызіс. За вольны хлеб!

— Дранікі ў вас смачныя, — падкладваю сабе дабаўку з гаршочка. — Бульбу сваю вырошчваеце?

— Гэта ўсё Яначка, — хваліць жонку Пушкін. — Агуркі, буракі, морква, цыбуля, бульба – усё сваё ў нас.

— Крызіс шмат беларусаў прымусіць займацца хатняй гаспадаркай: разводзіць гусей, свіней…

— Калі мастак будзе трымаць хатнюю гаспадарку, ён ужо не будзе мастаком, — катэгарычна заяўляе Пушкін. — Якое яму натхненне, калі ён чуе роў галоднай скаціны? Упершыню з 1516 года ў мястэчку Бобр сярод людзей, якія трымаюць курэй, свіней і працуюць на асноўнай працы, паявіўся мастачок, які не трымае жывёлу і займаецца толькі сваей працай, і які альбо выжыве ў крызіс, альбо памрэ з голаду. Дарэчы, калі сюды ўлетку прыязджаюць паэты, літаратары, мы садзімся ў лодкі і плывем: хто з гітарамі, хто з бутэлькамі. А на нас з нянавісцю паглядаюць людзі, якія грабуць сена, косяць траву, сушаць бярвенні, складаюць камяні.

Дык вось, калі мы памром у выніку крызісу, не мы вінаватыя, а грамадства, якому не патрэбна мастацтва. Людзі скажуць: «Памёр — значыць, туды яму і дарога, бо не трымаў кароў і свіней. Сам вінаваты». (Смяецца).

Пасля Пушкін прызнаецца, што аднойчы ў іх быў фантастычны ўраджай бульбы, нават раздавалі яе знаёмым. «Толькі пра гэта не пішы, — папярэдзіў ён. — Бо гэта ж сорамна! Людзі падумаюць, што я больш на агародзе працую, чым мастацтвам займаюся».

Перад тым, як узняць трэцюю (і апошнюю – расчарую чытача) чарку, высвятляецца, што традыцыі прамаўляць тост за каханне ў сям’і Пушкіна няма. Бо няма, як кажуць гаспадары, традыцыі выпіваць. Хіба што з гасцямі.

— Жыць у вёсцы вельмі выгадна, — расказвае Алесь па абедзе. — Вось глядзі, мы топім хату, а раз на тыдзень і лазню. На ацяпленне на сезон выходзіць мільен рублёў. Прывозім бярозавыя дровы. Я сам іх калю.

— Як Чэлентана? — падколваю Пушкіна.

— Ага, — смяецца мастак. — 36 000 рублёў ідзе на аплату налогу на нерухомасць, 50 000 штомесяц на свет і падагрэў вады, страхоўка дома каштуе 120 000 на год.

Алесь валодае лічбамі, хоць сямейны бюджэт вядзе жонка. Ёй Пушкін аддае ўсе грошы.

— Такая завядзёнка ў беларускай сям’і, — тлумачыць гаспадар і прапануе зазірнуць …у лядоўню. — Пабачыце на свае вочы, як крызіс нас закрануў.

Адразу бачна, што змест лядоўні Пушкіну малавядомы. У маразільніку ён знаходзіць замарожаныя ягады, гародніну, зеляніну, курыныя пупкі, рэбры для супа і вельмі радуецца, калі бачыць шмат сала.

— З ягад мы варым кампоты дзецям, а сокі не набываем — гэта дорага, — тлумачыць жонка Алеся. — Курыца таксама стала рэдкай у рацыёне. Яйкі старшэнна падаражэлі. Цяпер дзесятак дамашніх каштуе 15 тысяч, а ў краме — 10.

Можа, таму яек ў лядоўні не знайшлося ніводнага! Затое ёсць тварог, рыбін жыр , прывезены Пушкіным са Швецыі для дзяцей, капуста, малако, варэнне, тры сасіскі…

— Гэта вельмі каштоўная рэч — масла з Халопенічскага завода. Яно выраблена на савецкім абсталяванні. Адчуваеш, як пахне? — з гонарам працягвае мне пачак масла гаспадар. — Хлеб у нас таксама смачны пякуць у вёсцы Ухвала. Тэхналогіі сорак год. Прадпрымальніка, які трымае пякарню, хацелі “задушыць”. Мясцовы чыноўнік загадаў менш гэтага хлеба прывозіць. Я сабраў бабак, якія любяць гэты хлеб, мы напісалі ў выканкам, i яго вярнулі.

— Якім павінен быць бюджэт вашай сям’і? — пытаюся ў Пушкіна.

— Хацелася б тысячу долараў у месяц. Мы б тады куплялі рыбу, хадзілі ў госці часцей.

— А вы як лічыце, Яна?

— Я пра гэта ніколі не думала.

Перад ад’ездам Пушкін вядзе мяне па маршруце, пракладзеным для журналістаў. Царква-сельсавет-школа.

У Мікалаеўскай царкве Пушкін намаляваў Лукашэнку ў пекле. Праз сем год яго зафарбавалі. А ў лютым 2011-га царква згарэла. Зараз яе аднаўляюць

На майстэрню, на жаль, не стае часу. Ён з гонарам дэманструе праект рэканструкцыі роднага мястэчка да 500-годдзя, якое адбудзецца праз некалькі год.

— Скажы, ты верыш, што Бобр такі будзе? — данімае ён кожнага знаёмца, у тым ліку і прыбіральшчыцу сельсавета.

…Я вяртаюся дамой на электрычцы і думаю, што без такіх, як Пушкін было б сумна жыць на Беларусі. Заплюшчваю вочы, і мне мроіцца, што Цэслер сапраўды прыехаў жыць у наш Слуцак, спраўляе свае дні нараджэння не на Мінскім моры, а на набярэжнай Случы, і па гораду ездзяць мясцовыя алігархі-лайт на ё-мабілях…

З гэтага рэпартажу «Салідарнасць» пачынае новы праект “Жыццё (не)звычайнага беларуса”. Яго госці – як вядомыя, так і простыя людзі – падзеляцца з чытачамі сваімі рэцэптамі, як іх сем’і выжываюць у крызіс. Калі ў вас ёсць прапановы, пішыце на скрыню gasetaby@gmail.com.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)