Общество
Алесь Bezuher, generation.by

Што здарылася зь беларускім фільмам пра разьмеркаваньне? (відэа)

Беларускі фільм «На ростанях», які мусіў пераканаць усіх студэнтаў у перавагах разьмеркаваньня ў вёску, выйшаў на экраны яшчэ ўвесну, але ж студэнты яго так і не пабачылі. Лёс гучнай беларускай прапаганды на савецкі манер высьвятляў Generation.by.

Прэм’ера фільму «На ростанях» (рас. «На перепутье») адбылася ў менскім Доме кіно яшчэ ў красавіку гэтага году (кошт квітку, 1 200 рублёў, на прэм’еру падкупіў многіх), але пасьля гэтага пабачыць фільм звычайнаму гледачу не было дзе. Прынамсі, у сталічных кінатэатрах ён так і не зьявіўся.

Затое першы ў сьвеце блокбастэр пра разьмеркаваньне ў аграгарадок трапіў на кінафэстываль славянскай і хрысьціянскай кінематаграфічнай традыцыі «Залаты Віцязь», дзе, праўда, ніякай узнагароды не дамогся. Наступная спроба ўзяцьця фэстывальных кінавяршыняў прызначаная на канец жніўня, калі ва Ўкраіне распачнецца Бярдзянскі міжнародны кінафэстываль.

Зрэшты, водгукі нешматлікіх гледачоў карціны ня надта станоўчыя. Нягледзячы на эратычныя сцэны і беларускія пэйзажы, фільм пакідае ўражаньне «банальнай мэлядрамы зь любоўным трохкутнікам і нявыразным фіналам», — сьведчыць адзін зь нешматлікіх блогераў, у якога атрымалася пабачыць фільм.

Дарэчы, мастацкай радзе «Беларусьфільма» стужка таксама ня надта спадабалася. Ад пачатку карціну нават не хацелі прымаць, але яна ўсё ж трапіла на экраны.

Пра што фільм?

Пад працоўнай назвай «Аўталаўка» стужку вызваўся зьняць рэжысёр Віталь Дудзін. Яго мэтай стала паказаць, што разьмеркаваньне ў вёску — «гэта ня так і страшна, там таксама вельмі цікавыя людзі і, магчыма, менавіта там ёсьць тое, чаго болей нідзе ня знойдзеш». Актораў набралі выключна беларускіх, пераважна з Расейскага тэатру, і паехалі здымаць на Беразіну.

Галоўная гераіня «На ростанях» — выпускніца Гандлёвага каледжу Кацярына, што атрымала разьмеркаваньне ў Барысаўскі раён. У першай сцэне, якую здымалі на прывакзальнай плошчы ў Менску, дзяўчына ў сьлязах разам зь сяброўкай гуляе па горадзе і вырашае: ехаць па разьмеркаваньні на 2 гады ці адмовіцца ад яго і выплаціць дзяржаве грошы за навучаньне. У выніку вырашае ― ехаць!

Па задумцы рэжысэра Віталя Дудзіна, там Кацярына павінна была адкрыць для сябе хараство прыроды і людзей, а таксама сустрэць сапраўднае каханьне. У ролі каханьня выступае татуяваны, хіпарскага выгляду шафёр Пятровіч, які пасьля пойдзе на падвышэньня і стане дальнабойшчыкам.

«На ростанях» вырашыць лёс беларускага кінэматографу

Нечакана фільм «На ростанях» «знайшоўся» на закрытых паказах, што цяпер адбываюцца на студыі «Беларусьфільм». Там стужку дэманструюць у малых залях фокус-групам, пасьля чаго яны выстаўляюць адзнаку фільму, дыскутуюць на тэму беларускага кіно, а кіраўніцтва студыі слухае водгукі і вырашае, што далей рабіць з кінематографам.

Першы такі паказ адбыўся 5 жніўня. На яго паклікалі 18 маладых людзей (сярэдні ўзрост гледачоў — 23 гады). Паводле прэс-службы «Беларусьфільму», болей за палову кінаманаў заявілі, што «беларускае кіно на сярэднім узроўні, ёсьць як цікавыя якасныя фільмы, гэтак і няўдалыя». І толькі 2 удзельнікі фокус-групы наважыліся сказаць, што беларускае кіно ў крызысе.

Яшчэ адной высновай паводле прагляду «На ростанях» стала тое, што «айчынныя кінагледачы таксама зацікаўлены і ў аўтарскіх, артхаўзных і фэстывальных беларускіх фільмах».

Дарэчы, адолеўшы тэму разьмеркаваньня, нацыянальная кінастудыя ўзялася за яшчэ болей актуальны сюжэт. Хутка на экраны рэспублікі выйдзе дэтэктыў «Сеціўная пагроза». А «На ростанях» у абмежаваны менскі пракат можа выйсьці не раней за восень.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)