Политика
Сяргей Гудзілін, Яўген Васількоў, «Наша Нiва»

Працэс Вінаградава, Кіркевіча, Дразда, Пратасені. Дзень другі

28 красавiка ў Кастрычніцкім судзе працягнуўся разгляд справы ўпартага актывіста апазіцыі Паўла Вінаградава, юнака з Гродна Алеся Кіркевіча, архівіста Змітра Дразда, Андрэя Пратасені і Уладзіміра Хамічэнкі («Навушнік»).

18.00. Абвешчаны перапынак да 29 красавіка. Працэс адновіцца, а 10.00.

17.10. Пачаўся допыт Алега Гулака, старшыні Беларускага Хельсінскага камітэта. 19.12.2010 прысутнічаў на Кастрычніцкай і плошчы Незалежнасці.

17.09. Адвакат просіць у якасці сведкі дапытаць Алега Гулака. Суддзя задаволіла просьбу.

16.51. Допыт сведкі Язэпа Янушкевіча, літаратуразнаўцы. Сведчыць па-беларуску. Знаёмы са Змітром Драздом. Распавядае пра знаёмства з ім у архіве. высока ацэньвае яго прафесійныя якасці.

Суддзя далучыла да справы рэцэнзію Язэпа Янушкевіча на даведнік Змітра Дразда «Землеўладальнікі Мінскай губерні. 1861–1900».

16.48. Сведка Аляксандр Арцыбашаў дапытаны быць не можа, бо ўчора знаходзіўся ў зале суда падчас працэсу.

16.31. Допыт сведкі Чэлядзінскага, супрацоўнік ААТ «Ома», знаёмы Андрэя Пратасені, з якім разам былі на Плошчы 19.12.2010.

16.07. Допыт сведкі Пратасені, брат Андрэя Пратасені. Даў згоду сведчыць. 19.12.2010 разам з братам увечары быў на мітынгу на Кастрычніцкай плошчы. А пасля пайшлі на плошчу Незалежнасці. Кажа, што пасля таго, як пачулі гук разбітай шыбы, малодшы брат Андрэй спытаўся ў яго дазволу пайсці паглядзець да ганка Дома ўрада. Ён дазволіў.

Падчас адцяснення мітынгоўцаў Андрэя Пратасеню стукнулі. Кажа, што з братам сышлі з плошы да асноўнага разгону дэманстрантаў спецназам.

На наступны дзень Андрэй расказваў, што пад ціскам натоўпу некалькі разоў ударыў па шчытах.

16.04. Хамічэнка кажа, што яго затрымалі паміж помнікам Леніну і лесвіцай на ганак Дома ўрада ў 22.30. Адміністрацыйнае правапарушэнне пасля затрымання не прызнаваў, бо «хацеў саскачыць». А цяпер прызнае віну па крымінальнай справе.

15.54. Рыцік кажа, што чуў на плошчы заклікі разысціся з боку міліцыі праз мегафон.

Калі атрымаў заданне, меў інфармацыю, што на плошчы адбываецца несанкцыянаванае мерапрыемства.

Кажа пра спробы прарваць ачапленне спецназа маладымі людзьмі: нагамі білі ў шчыты, пад ціскам натоўпы ціснулі сваімі целамі на спецназ. Такіх людзей бачыў 7-10 чалавек.

15.46. Хамічэнка, па словах сведкі, крычаў лозунгі, калі яго затрымлівалі. Затрымліваў з калегам Гарбянком. Атрымалі ўказанне затрымліваць людзей каля ўваходу ў Дом урада. «А далей адбываліся затрыманні і на плошчы, не мной».

Суддзя неаднаразова просіць гаварыць яго мацней.

15.40. Бачыў натоўп за помнікам Леніна. Кажа, што людзі крычалі і рухаліся. Бачыў вучачкі ў руках мітынгоўцаў.

Яго падраздзяленне было без шчытоў. Прыйшлі, каб забяспечыць грамадскі парадак. Адразу яны нікога не затрымлівалі. Пасля змянілі «месца дыслакацыі» і затрымлівалі людзей «за парушэнне грамадскага парадку» — «падрабязнасцей не ведаю».

15.34. Наступны сведка Алег (прозвішча не чуваць), міліцыянт. Пазнаў Хамічэнку. Бачыў яго на плошы Незалежнасці. 19.12 нёс службу. Спачатку быў у рэзерве. Затым высунуліся на плошчу Незалежнасці каля 22 гадзін з боку Чырвонага касцёла. Суддзя двойчы робіць заўвагу, каб гаварыў мацней.

15.26. Знаходзіўся на плошчы Незалежнасці ў форме, але без спецыяльнага абмундзіравання. Кажа, што шыбы былі разбітыя, калі ён з'явіўся на плошчы. Кажа, што затрыманні пачаліся дзесьці праз паўгадзіны, як яго падраздзяленне з'явілася на плошчы. Агрэсіўных лозунгаў не чуў, толькі мацюкі.

15.23. Адвакатка ўдакладняя месца затрымання Хамічэнкі. Гарбянок кажа, што на цэнты плошчы, перад помнікам Леніну.

15.21. На пустой плошчы бачыў раскіданыя вудачкі.

15.18. Гарбянок не можа сказаць, ці пісаў пратакол затрымання Хамічэнкі ці рапарт. Затрымалі Хамічэнку недзе ў 21-21.30. Адвакатка ўказвае, што ў пратаколе затрымання пазначана 22.30. Гарбянок не можа сказаць, колькі ён усіх затрымаў чалавек. Маўляў, усё хутка адбывалася.

15.15. Адвакатка пытаецца, за што Гарбянок затрымліваў Хамічэнку. Той кажа, што Хамічэнка выкрыкваў лозункі, «паводзіў сябе незразумела». Затрымліваў яго пасярэдзіне плошчы. У момант затрымання «нічога такога не рабіў». Хадзіў і крычаў: «Жыве Беларусь!» Супраціў Хамічэнка аказваў тым, што не хацеў ісці і мацюкаўся. Гарбянку падалося, што затрыманы быў выпіўшы.

15.11. Кажа, што мітынгоўцы кідаліся на шчыты спецназаўцаў, хапалі іх за шаломы.

Яго падраздзяленню далі задачу затрымліваць людзей, якія стаялі бліжэй да Дома ўрада. Кажа, іх было каля 500 чалавек. Удакладняе, што трэба было затрымліваць найбольш актыўных, хто парушаў грамадскі парадак. Кажа пра мацюкі ў адрас супрацоўнікаў міліцыі. Па яго словах, былі п'яныя сярод дэманстрантаў.

15.09. Стаяў у ачапленні каля Дома ўрада. Спачатку ён быў у роэзерве. Пасля іх выклікалі. Загад паступіў ад вышэйстаявчага кіраўніцтва па радыёсувязі каля 21 гадзіны. Калі прыбылі на плошму, там ужо быў спецназ. Па яго словах, спецназаўцаў перад цэнтральным уваходам у Дом урада было менш за сто.

15.07. Не бачыў гвалту на плошчы Незалежнасці, пашкоджання маёмасці. Ён і яго калегі не пацярпелі.

15.03. Наступны сведка — Аляксандр Гарбянок, працуе ў Дэпартаменце аховы. Кажа, што ён затрымліваў Хамічэнку 19.12. Пазнаў таго ў твар. Дапамагаў спецназу затрымліваць людзей на плошчы.

15.02. Папрасіў вызваліць яго ад далейшага знаходжання ў судзе. Суддзя задаволіла.

14.59. Кажа, што акрамя ўдару ў нос, яго штурхалі лакцямі ў спіну, па камеры білі, у тым ліку жанчына нейкая біла па камеры і па руках.

14.57. Чуў мацюкі на адрас міліцыі. Мітынгоўцы крычалі: «Ламай!», «Жыве Беларусь!».

14.49. «Не хацеў блізка падыходзіць да АМАПа, каб іх не «смущать». Калі стаіць супрацоўнік у форме, да яго проста не падыдзеш і не спытаеш, як у яго справы. Людзі ў форме выклікаюць у мяне пачуццё павагі».

14.45. Не можа дакладна сказаць, колькі часу прайшло з моманту як пачуўся гук пабітай шыбы і з'яўленнем міліцыі. Магчыма, паўгадзіны.

Акрамя супрацоўнікаў ДПФ на плошчы Незалежнасці не можа сказаць, ці бачыў міліцыянтаў у форме, якія б сачылі за грамадскім парадкам.

14.41. Бачыў пустыя бутэлькі на зямлі, бутэлькі з вадкасцю. Сказаў, што "крупнагабарытны" мужчына спрабаваў нанесці яму ўдар.

Не можа адказаць, ці зафіксаваў на камеру хаця б адзін выпадак, калі мітынгоўцы білі міліцыянтаў. Не памятае.

14.40. Бачыў палкі, вудачкі, якімі мітынгоўцы аказвалі супраціў. Таксама адзначае, што білі кулакамі і нагамі. Бачыў вогнетышыльнік.

14.33. Кажа, што падчас адціскацця дэманстрантаў міліцыяй, ім аказваўся супраціў. Калі пачалося «вызваленне плошчы», ён быў на яе цэнтры. Не хацеў падыходзіць да супрацоўнікам міліцыі.

Выйшаў на праезную частку і пачаў фіксаваць тых, хто пераходзіў у забароненым месцы дарогу. Каля 24.00 быў дастаўлены ў шпіталь МУС.

14.20. Пачаўся допыт сведкі Юрыя Сарокі, эксперта следчага ўпраўлення Мінска. На пасадзе эксперта — з 2006 года.

Вёў «дакуменціраванне» парушэнняў грамадскага парадку каля «Макдональдса». Калі людзі пайшлі з Кастрычніцкай, пайшоў за імі. Спыніўся каля гатэля«Мінск».

На плошчы Незалежнасці знаходзіўся ў "незразумелым стане".

Што адбывалася каля дзвярэй Дому ўраду ён не бачыў.

Кажа, што яго ўдарыліў пераноссе. Не бачыў хто і чым. Лічыць, што кулаком. На секунду страціў прытомнасць. Прыйшоў у сябе і зразумеў, што стаііць на калене.

12.00. Ніхто з пацярпелых не мае прэтэнзій да абвінавачваемых.

11.41. Пацярпелы Перапейка: складвалася ўражанне, што людзьмі была запоўненая ўся плошча. Здавалася, што на нас ідуць усе людзі.

11.35. Перапейка таксама расказвае пра ўдарную групу моцных мужчын у дублёнках. Яны крычалі «бей ментаў, наперад!», але «у больш грубай форме». Нават праводзілі пальцам па горлу. «Спыніць іх было немагчыма, але нам удалося», — хваліцца Перапейка.

11.33. Перапейка зваліўся на зямлю, нават не дабегшы да Плошчы — нехта з дэманстрантаў паставіў яму падножку, а другі штурхануў у спіну.

11.31. Чарговы афарызм ад пацярпелых, цяпер ад Перапейкі: «Асабіста я стараюся не сачыць за часам, каб ён пралятаў хутчэй».

11.25. Пацярпелы Зянкевіч зусім страціў цікавасць да суда — на першым шэрагу дастаў свежы нумар «Прэсбола» і пачаў яго чытаць. Суддзю і ахову гэта не хвалюе.

11.15. Адкават Кіркевіча спрабуе дазнацца, што пацярпелы Сакач разумее пад словам «націск», і ці адрознівае ён «націск» ад «удараў». «Вы скажыце, што вы разумееце, а я вам скажу «так» ці «не», — прапануе ў адказ Сакач. Колькі чалавек служаць у яго ўзводзе Сакач ведае, але не скажа.

11.05. Дрозд паспрабаваў задаць пытанне пацярпеламу Сакачу, колькі часу амапавец сядзеў у аўтазаку, перад тым як выйсці на плошчу, але суддзя перабіла яго, заявіўшы, што ён задае наводзячае пытанне.

10.45. Зянкевіч: супраць мяне змагаліся "крэпкія здаровыя мужыкі 35-40 гадоў". Нагадаем, што ўсе абвіначваемыя, апроч Дразда, маладзейшыя за 28 гадоў, а Дрозд зусім не стварае выгляд "крэпкага здаровага мужыка". Ягоны рост – каля 165 см.

10.40. Пацярпелы Зянкевіч: супраць мяне прымянілі парашковы вагнетушыльнік. Пена трапіла на шчыт, на шлем і ў вочы. У хуткай дапамозе атрымаў нейкую таблетку.

10.30. Скараход: Я меў заданне не выпускаць нікога з гатэля "Мінск"

10.28. З паказанняў пацярпелага Скарахода: склавалася ўражанне, што натоўп спецыяльна выставіў наперад плотных мужчын у дублёнках для прарыву.

10.10. Пацярпелы Скараход: натоўп складаў дзесяць тысяч чалавек.

На плошчы Незалежнасці дэманстранты спрабавалі прарваць ланцуг амапаўцаў, падчас адного такога "набега" Скарахода выхапілі з ланцуга, вырвалі шчыт, павалілі, сарвалі шлем і сталі біць нагамі па галаве. Амапавец атрымаў чэрапна-мазгавую траўму і чатыры дні былі на бальнічным.

10.05. У зале сядзяць чацвёра пацярпелых – Філіпейка, Сакач, Скараход, Зянкевіч. Яшчэ з дзесятак "пацярпелых" знаходзяцца ў адпачынку, адзін – на бальнічным. Сумнавядомы пацярпелы Давідовіч, які ў свой час збіваў Святлану Завадскую "спецыяльным загадам адкамандзіраваны ў ГУУС Мінгарвыканкама".

10.00. Пачынаецца другі дзень суда. У залу трапілі не ўсе ахвотныя. Адзін з шэрагаў адразу быў заняты "прадстаўнікамі грамадскасці" – невядомымі хлопцамі, якія сядзяць моўчкі. Нягледзячы на некалькі свабодных месцаў, больш у залу нікога не запускаюць.

Першы дзень разгляду справы тут

Каго судзяць?

Дрозд Дзмітры — 1973. Скончыў гістфак БДУ, займаецца навуковай дзейнасцю

Хамічэнка Уладзімір — 1986. — так званы «Навушнік». Са Слуцка, але прапісаны па іншым адрасе — не па тым, пра які пісала «Савецкая Белоруссія. Судзімы за кражу. Адпушчаны 6 снежня 2010 г., але 24 студзеня 2011 затрыманы за Плошчу. На ўліку ў дыспансеры не стаіць.

Паводзіць сябе не зусім адэкватна. Закрывае вушы, нахіляе галаву, калі ягоны адвакат выступае з хадатайніцтвам. Хадатайніцтва датычыцца псіхіятрычнай экпертызы.

Паводле адваката, праведзенае абследванне патрабуе дадатковага тлумачэння псіхіятрам у зале суда. Суд задаволіў гэтае хадатайніцтва.

Кіркевіч Алесь — 1989. Гродна. Жанаты, несудзімы. Адказвае ў судзе па-беларуску.

Пратасеня Андрэй — 1983. Вышэйшая адукацыя, БДУ ў 2006 годзе. Несудзімы.

Вінаградаў Павал — 1988. Сярэдне-спецыяльная адукацыя. Судзімы ў 2008 г. па справе «14-ці» — за мітынг прадпрымальнікаў — на 2 гады без адпраўлення ў калонію.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)