Общество
Таццяна Гусева

«“Нашу Ніву” хочуць зачыніць па палітычных матывах»

Міністэрства інфармацыі 25 красавіка звярнулася ў Вышэйшы гаспадарчы суд з іскамі аб спыненні выпуску газет «Наша Ніва» і «Народная воля». Рашэнне прынятае ў сувязі з вынясеннем рэдакцыям выданняў на працягу года двух і болей пісьмовых папярэджанняў.

Паведамленне распаўсюдзіла агенцтва «БЕЛТА» са спасылкай на Мінінфармацыі.

Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Скурко лічыць рашэнне палітычным.

— Міністэрства інфармацыі скарысталася падставай, што мы маем тры папярэджанні: за публікацыю артыкулаў «Хросны бацька сканфіскаваў», «БРСМ рэкламуе фільм НТВ «Хросны бацька» з дапамогай смецця», апошняе папярэджанне рэдакцыя атрымала за публікацыю матэрыяла, прысвечанага трагічным падзеям на станцыі метро «Кастрычніцкая», — расказаў Андрэй Скурко “Салідарнасці”. — Зараз, калі ідуць палітычныя суды і загадана прадухіляць валютную і прадуктовую паніку, рашэнне аб спыненні выпуску незалежнай газеты з’яўляецца палітычным.

Андрэй Скурко мае намер звязацца з «сябрамі па няшчасцю» з «Народнай волі», а таксама высветліць у юрыстаў Міністэрства інфармацыі, што гэта будзе за прыпыненне, па якім сцэнары будуць разгортвацца падзеі.

Галоўнага рэдактара «Народнай волі» Іосіфа Сярэдзіча навіна аб магчымым спыненні выпуску газеты не ўсхвалявала.

— Мы рыхтуем чарговы нумар газеты – востры, прынцыповы, — адзначыў Іосіф Сярэдзіч. – Мы нармальна працуем, калі нас заўважаюць. Не зачыняюць жа «Советскую Белоруссию» ці «Рэспубліку».

Захад Мінінфармацыі Сярэдзіч ацэньвае як «па-за межамі здаровага сэнсу».

— Я спадзяюся, што сярод суддзяў вар'ятаў няма, — дадаў ён.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)