Будаўнік, якога прымусілі працаваць на КДБ, расказаў пра здзекі

Гісторыя будаўніка, якога прымусілі даць інтэрв'ю БТ і падпісаць заяву аб супрацоўніцтве з КДБ.

Кірыл Семянчук пасля выбараў папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы і цяпер чакае рашэння ў лагеры для ўцекачоў. Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2010 г. ён збіраў подпісы за Яраслава Раманчука і Уладзіміра Някляева.

У 2008 г. Кірыл Семянчук стаў сябрам Аб'яднанай грамадзянскай партыі і з таго часу рэгулярна распаўсюджваў улёткі і апазіцыйную прэсу сярод сваіх калегаў. Працаваў у Горадні ў Будаўніча-мантажным трэсце №30. Як распавёў спадар Семянчук, начальства прымусіла звольніцца, бо дамагаўся чалавечых умоваў працы. Прыпомнілі і апазіцыйныя ўлёткі.

14 снежня ён удзельнічаў у пікеце ля будынку аграрнага ўніверсітэту ў Горадні, на якім агітаваў студэнтаў не галасаваць датэрмінова. Пасля пікету яго і сябра затрымала міліцыя, але хутка адпусціла. На ганку іх чакаў журналіст, які папрасіў папазіраваць з фотаапаратам для фотаздымка.

На 17 снежня ён набыў квіток Горадня-Менск, каб быць у сталіцы падчас абвяшчэння вынікаў галасавання. Але сесці ў цягнік не паспеў: на чыгуначным вакзале яго затрымала міліцыя – за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце. На наступны дзень ужо быў вядомы прысуд – 6 дзён арышту.

Кірыл Семянчук ўспамінае, як ўначы яго пачалі вадзіць на допыты, дзе патрабавалі, каб ён распавёў, якія планы мела апазіцыя на 19 снежня і „хто яго фінансуе”. Падчас аднаго з такіх допытаў яго білі валёнкамі, напоўненымі жвірам і шчэбнем. Пасля ён даў інтэрв'ю БТ, у якім асудзіў дзеянні апазіцыі 19 снежня, і падпісаў заяву аб супрацоўніцтве з КДБ. У выпадку адмовы яму пагражалі падкінуць наркотыкі.

Паводле Семянчука, ён распавёў пра гэта сябрам па партыі, і яны параілі яму з'ехаць за мяжу. У Беларусі засталіся жонка і дачка. Ён спадзяецца, што здолее забраць іх за мяжу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)