Комментарии
Лілія Кобзік

Цяжка быць прэзідэнтам!

Хто мог чакаць такога сюрпрызу ад сусветнага рынка працы! Каб знянацку адкрылася ці мелася адкрыцца столькі вакансій прэзідэнта. Тэндэнцыя ахапіла цэлыя рэгіёны, і трэба быць зусім тупым, каб думаць, што гэтае кадравае цунамі-2011 возьме і проста так супакоіцца. Асабліва амбіцыёзныя беспрацоўныя з мясцовых напружыліся і рыхтуюць рэзюмэ. Хаця... што добрага ў прэзідэнцкай пасадзе? Мора адказнасці, галаўны боль і невядома якія наступствы.

Калі ўжо пільна ўглядацца ў іерархічныя асаблівасці розных вышэйшых дзяржаўных пасадаў, дык крэсла спікера выглядае значна больш цёплым і прывабным. Сапраўды, сядзіш ў зграбным касцюмчыку ў самай вышэйшай кропцы брутальна прыгожай і строга авальнай залы, нецярпліва тупаеш дарагім туфлем на вытанчанай падэшве ў чырвоны персідскі дыванок і паўнамоцна распараджаешся смешна стракатай парламенцкай каморай. “Уключыце, калі ласка, шосты мікрафон. Не, Яраслаў, вам слова не даю, бо вы ўжо сваё сказалі, дзякуй. Прысядзьце. Я кажу: прысядзьце! Алё, тэхнікі, адключыце, калі ласка, гук, бо Ярык упарта скача да мікрафонаў... Ваша слова, Пракопавіч. Толькі зараз ужо без гэтых вашых ямбаў і харэяў, чыстай прозай, калі ласка, вас левыя дэпутаты не разумеюць... Спадар Мікола, вам мікрафон не ўключаю, вас, з вашым голасам і жарсцю, і так чутно на ўсю краіну!”

Во, гэта праца, дастойная таго, каб пішчом лезці ў гору. Заробкі харошыя, не сумна і, заўважце, ніхто моцна не крытыкуе. Сінекура чыстай вады.

Але ёсць, ёсць у сучасным свеце яшчэ больш спакуслівая кар’ера. Бюракрат у еўрапарламенце! Сядзіш сабе ў Брусэлі і за тысяч 15-20 еўра месячнага акладу вызначаеш памеры бананаў, годныя для ўжывання ў Еўразвязе. Ставіш залатым паркерам на гербавай паперцы рэзалюцыю: “На гэтым тыдні надта доўгія бананы не ўвозіць, не больш за 15 см, бо не даядаюць, і ўжо смярдзіць на ўсю Еўропу – ад Гібралтару да Мазураў”.

А калі раптам ў які-небудзь нешчаслівы прамежак часу лясне асабіста табою ненатуральна завышаны курс еўра, а ты за яго гэтым тыднем адказны (у нагрузку да бананаў), трэба зрабіць так. Сесці ў маленькі прыватны самалёцік з такой мяккай скуранай канапай колеру шампанскага ўздоўж ілюмінатараў і паляцець на які месяц-другі ў адпачынак на прыгожую выспу ў лазурным акіяне да блізка знаёмага бананавага караля, мясцовага канібала, з якім час ад часу тусіш у парыжскім гатэлі “Рыц”.

Прыгажосць? Дольчэ віта? Безумоўна! І зноў-такі адказнасці – нуль. А калі глядзець у будучыню, дык лепшай схемы кар’ернага росквіту і не ўявіць. Калі яшчэ ў Еўропе дацямяць, што такое аб’яднанне з такім кіраўніцтвам – гэта, як кажуць, абы што і збоку банцік. Можна доўга і добра пажыць.

А што той прэзідэнт? Ну, добра, выбралі цябе недзе на задворках цывілізацыі ў нейкія нездаровыя часы людзі, якія ніколі не бачылі нармальнага жыцця, але праглі лепшай долі. З нейкай трасцы ўпадабалі і выдалі, так бы мовіць, мандат даверу. Альбо ты проста прыйшоў да ўлады на хвалі вайсковага перавароту і мандат гэты так ці інакш прыхапіў.

Усе думаюць, што прыхапіў толькі на пэўны час. Але ты не такі, як усе. Ты ад самага пачатку ведаеш, што мандат толькі твой і назаўсёды. Ты малады, здаровы, які імгненна стаў д’ябальскі знакамітым. А ўчора, можа, быў яшчэ так сабе – ніхто. Трэба новае жыццё на свой уласны капыл ладзіць, а вакол – нейкі вэрхал палітычны, дэпутаты лезуць, апазіцыянеры перашкаджаюць, свежавыпечанай канстытуцыяй у цябе пад носам бразгаюць, прэса абы што плявузгае. А народ выдаў мандат даверу і маўчыць, чакае, любіць.

Што тут будзеш рабіць? Ідзеш праверанай дарогай. То бок бярэш у рукі свой мандат і гэтым самым мандатам направа і налева – і правым, і левым, і па галовах, і па задніцах, а прэсе асабліва – за ўсё харошае. Каб ведалі, каго паважаць, у чыіх руках мандат і хто ў хаце гаспадар!

Галоўнае, каб адзін, першы раз такое пракаціла, а потым ўжо пойдзе лягчэй. І з кожнай гвалтоўнай перамогай адчуваеш сваю моц і выбранасць, і лагодны персаніфікаваны позірк удачы, і гарачая кроў б’е ў галаву, ствараючы суцэльна бліскучыя асабістыя далягляды.

А непаўнавартасны Захад раз-пораз сунецца з нейкімі вартымі жалю папрокамі: “Ну-ну, нельга так рабіць!” А ты ўсім проста паказваеш язык: “Дасталі ўжо! У мяне парадак, чысціня, усе занятыя. А у вас – абы што, беспрацоўе і поўныя краіны эмігрантаў!”

І ты добра разумееш, што можаш рабіць усё, што заўгодна, таму што паставіць цябе на месца няма каму. З усіх бакоў альбо тупыя бюракраты, альбо хцівыя ўладары. Моцных асобаў – такіх, якія былі ў свеце лідарамі яшчэ гадоў 20-30 таму і з якімі можна было пацягацца жалезнай хваткай – больш няма. Паўсюль пануе нейкая драбяза, не роўня табе. А народу ўбіваеш у галаву адну (але якую!) ідэю: вакол – ворагі, ворагі, ворагі! Трымайцеся мяне!

А час ідзе, мандат твой натуральным чынам скамячыўся і падрапаўся ўвесь ад частага выкарыстання ў якасці дубінкі. І вось калі ты разумееш, што адступаць ужо няма куды, рубікон, ліха на яго, далёка ззаду, здараецца цікавая невытлумачаная для цябе рэч. Нейкія швэнды натоўпамі бегаюць па зіхоткіх, ледзьве не ўласнаручна табою ўпрыгожаных вуліцах і прама пад тваімі шыбамі равуць: “Game over! Game over!”

Як так? – з крыўдаю думаеш ты. Што значыць: гульня скончана? Злыя, няўдзячныя людзі! Ты ахвяраваў для іх лепшыя два-тры дзесяцігоддзі свайго жыцця, пасадзіў печань, пагубіў бессмяротную душу, ператварыў у цырк асабістае жыццё, ніколі не пад’еў добра ад усіх гэтых хваляванняў. І вось так, раптоўна — game over?!

І тут прыйдзецца вырашаць адну цікавую, як кажуць разумныя людзі, дылему. Што рабіць? Смешна і хуценька, губляючы твар, садзіцца ў самалёт, склаўшы сёй-той скарб, і ляцець да добрых людзей у гарачую экзатычную краіну на сталае месца жыхарства? Ці ўсё ж такі тупа і злосна трымацца да апошняга, расстрэльваючы рэшткі мандату на ўсіх гэтых швэндаў і гарлапанаў? І ўрэшце дачакацца арышту і моўчкі сядзець у залі суда за тоўстымі і непрыгожымі кратамі і слухаць, як паліваюць брудам твой непаўторны шлях бліскучых перамог, а потым глядзець у вочы сваякам шматлікіх ахвяраў, галовамі каторых не магла не быць багата аздоблена твая кар’ера?

Вось ён, лёс прэзідэнта на задворках цывілізацыі! Яно вам трэба?!

Не, канешне, можна распарадзіцца прэзідэнцкім мандатам і трохі інакш. Прыйсці да ўлады і без крыкаў і ляманту распачаць марудную, доўгую працу будавання абсалютна новага вольнага грамадзянскага жыцця. Не запалохваць цёмных, вякамі запалоханых тутэйшых людзей нейкімі прывідамі асабістага бачання свету. А наадварот – разняволіць і стварыць абсалютна інакшую сістэму каардынат. Каб у гэтай сістэме і краіны-суседзі, і тыя далёкія, што за акіянам, — усе спрыялі, а не бачыліся ворагамі. І адкрыць краіну для інавацый. І стварыць умовы для росквіту нацыянальнай культуры. І прызнаць прыватную ўласнасць святой і неад’емнай. І абмежаваць права дзяржавы ўмешвацца ў бізнес. І вучыцца ў іншых краін, як правільна вылазіць з задворкаў цывілізацыі. І, магчыма, урэшце, на сконе першага ці другога тэрміну, скасаваць гэтую злашчасную пасаду і, абвясціўшы краіну парламенцкай рэспублікай, перадаць уладу выбранаму народам парламенту, а эканамічныя рычагі — талковаму прэм’еру, якому ніколі не прыйдзе ў галаву нешта рабіць на свой капыл, таму што ў яго не будзе паўнамоцтваў.

А самому ціха сысці на зусім невялікую дзяржаўную пенсію і спадзявацца на тое, што, калі сканаеш, удзячнае грамадства хаця б назаве тваім прозвішчам нацыянальны аэрапорт. А можа, і не назаве. Бо, ведаеце, далёка не кожнае прозвішча да аэрапортаў пасуе...

Так што, як ні круці, лепш за ўсё – спікерам. Гукам распараджацца. І ўключыце, калі ласка, тэхнікі, усе мікрафоны ў краіне. Можа, нарэшце, нехта нешта цікавае скажа...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)