Политика
Любоў Лунёва, «Народная воля»

«Змест лістоў напісаны ва неўласцівай Міколу манеры...»

Адвакат экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта Мікалая Статкевіча Таццяна Станкевіч у чарговы раз безвынікова наведала КДБ. У якім стане яе падабаронны і чаму яна не можа яго ўбачыць? Адказу няма дагэтуль.

Ад 20 снежня Мікола Статкевіч трымаў галадоўку пратэсту, патрабуючы прызнаць прэзідэнцкія выбары несапраўднымі і прызначыць новыя без удзелу ў іх Аляксандра Лукашэнкі. Але галадоўка не можа цягнуцца так доўга. Што са Статкевічам, у якім ён стане? Менавіта гэта на свае вочы хоча ўбачыць адвакат. Але такой магчымасці ёй не даюць.

Прадстаўнікам сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі і амбасадарам ЕС таксама не далі дазволу на спатканне з арыштаваным экс-кандыдатам на пасаду прэзідэнта. Праўда, не далі спаткання не толькі са Статкевічам, але ні з адным з арыштаваных паводле гэтай справы.

18 студзеня напярэдадні сэсіі Еўрапарламента бацька Міколы Статкевіча атрымаў ад яго віншавальную паштоўку. Пра стан здароўя і пра галадоўку ў ёй — ні слова: палітык толькі прасіў прабачэння, што не будзе разам з бацькам 19 студзеня адзначаць дзень ягоных народзінаў.

Сяброўка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч таксама атрымала ўвечары 18 студзеня лісты ад палітыка: адзін ліст -- поштай, а другі -- ад следчага КДБ. Марына кажа, што змест лістоў даволі дзіўны і выклікае ў яе пэўныя сумневы наконт аўтарства Міколы Статкевіча.

У першым кароткім лісце кшталту цыдулкі адпраўнік піша, што вымушаны быў спыніць галадоўку 12 студзеня ўвечары.

“Але я не ведаю насамрэч, што стаіць за словамі “12 студзеня ўвечары я мусіў спыніць галадоўку”. Я не ведаю, ці спыніў ён галадоўку ўвогуле, і ці сам Мікола пісаў гэты ліст. Бо, думаю, першае, што зрабіла б улада ў такім выпадку -- дала б дазвол на спатканне з ім адваката, каб усе маглі ў гэтым пераканацца.

Да таго ж, змест лістоў напісаны ва неўласцівай Міколу манеры. Я не ўпэўнена, што ліст пісаўся не пад дыктоўку, а, можа, ўвогуле не ён пісаў тыя лісты. Адно зразумела: што лісты з’явіліся невыпадкова, бо пачыналася сесія Еўрапарламента, на якой мусілі прыняць рэзалюцыю ў беларускім пытанні. Уладам неяк трэба было агучыць, што арыштаваныя ўсім задаволеныя -- вось і з’явіліся тыя дзіўныя лісты. Ад Міколы тым больш чакалі ліста, бо менавіта ён трымаў галадоўку. І вось…

Не выключана, што яго маглі пачаць гвалтоўна карміць, як калісьці Віктара Ганчара. Але гэта не значыць, што ён сам спыніў галадоўку. Няхай сам Статкевіч скажа: трымае ён галадоўку ці не. Чаму б яго не паказаць адвакату і такім чынам зняць усе пытанні?”

Некалькі сваякоў арыштаваных таксама атрымалі лісты за пару дзён да сесіі Еўрапарламенту. Ёсць, аднак, і тыя, хто так і не атрымаў аніякіх звестак, напрыклад, сваякі Алеся Арастовіча, Сяргея Марцылева, Змітра Бандарэнкі. Занепакоенасць сваякоў зразумець можна, тым больш што цяпер з экранаў у бок арыштаваных стала гучаць больш жорсткае абвінавачанне -- спроба дзяржаўнага перавароту.

Жонка Змітра Бандарэнкі Вольга з’яўляецца каардынатаркай грамадзянскай ініцыятывы “Вызваленне”. Яна не атрымала ніводнага ліста ад мужа.

“Мы вырашылі трымацца разам. Робім усё ад нас залежнае, каб нашы сваякі як мага хутчэй выйшлі на волю. Адвакат бачыўся з маім мужам апошні раз 29 снежня. У большасці такая ж сітуацыя. На мінулым тыдні быў, можна сказаць, нейкі прарыў -- адвакаты бачылі Аляксандра Фядуту, Уладзіміра Кобеца і Наталлю Радзіну. Насту Палажанку часта дапытваюць, таму адвакат таксама мае магчымасць часцей з ёй бачыцца. Канешне, я спадзяюся, што атрымаю нейкі хоць кароткі ліст ад Дзімы. Але… Сёння правярала раніцай скрыню. Не было...”

Тое, што лісты на мінулым тыдні сваякі атрымалі не проста так, сведчыць цяперашняя сітуацыя. Наступіла зацішша. Няма ператрусаў. Але няма больш і лістоў з няволі... Толькі ў бюро прапускоў па-ранейшаму адвакаты чакаюць, што ім нарэшце дазволяць спатканне з падабароннымі. Але і спатканняў па-ранейшаму няма.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)