Общество
Мікола Чарняўскі

«Калі ёсць такая моладзь, значыць, зерне, кінутае айцом Аляксандрам, не загінула» (фота)

У бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук вечарам 21 кастрычніка прэзентавалі кнігу «Сонца тваё не закоціцца, і месяц твой не схаваецца», якая прысвечана ўнікальнай постаці ў беларускай культурнай і навуковай прасторы – Аляксандру Надсану.

Апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў у замежжы, дырэктар бібліятэкі імя Францішка Скарыны ў Лондане, навуковы і грамадскі дзеяч, грэка-каталіцкі святар Аляксандр Надсан прыбыў з Вялікабрытаніі ў Мінск адмыслова на прэзентацыю гэтай кнігі. Поўная зала бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук з захапленнем вітала яго.

Як зазначыла складальніца і рэдактар кнігі доктар тэалогіі Ірына Дубянецкая, ідэя выдання «Сонца тваё не закоціцца, і месяц твой не схаваецца» нарадзілася яшчэ ў 2006 годзе – на 80-годдзе Аляксандра Надсана. У кнізе, што выйшла на беларускай і англійскай мовах, сабраны артыкулы 100 аўтараў з чатырнаццаці краінаў свету.

Адмыслова да прэзентацыі выдання супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі кніжную выставу «Айцец Аляксандр Надсан: Жыццё для Беларусі», якая складаецца з яго кніг, а таксама выданняў і публікацый, прысвечаных гэтай выбітнай асобе.

“Найлепшым падарункам для айца Аляксандра на прэзентацыі была ўсё ж не кніга, а прасветлыя твары юных спевакоў з хору мінскай Катэдры, якія адкрылі спатканне псалмам у перакладзе Казіміра Сваяка і гімнамі аўтарства Альбіна Стаповіча, адшуканымі імі і адноўленымі, -- піша «Наша Ніва». -- Калі ёсць такая моладзь, значыць, зерне, кінутае айцом Аляксандрам, не загінула”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)