Общество
Ігар Карней, «Радыё Свабода»

«Карова ў маім жыцьці – душа сям`і»

Падчас нарады ў пытаньнях разьвіцьця прыватных гаспадарак Аляксандар Лукашэнка прызнаўся, што ў вольны ад прэзыдэнцкіх спраў час сам вядзе невялікую гаспадарку. Пры гэтым удакладніў, што трымае карову.

Маўляў, як і для тысяч беларусаў, для яго карова – карміліца. Дый малодшаму сыну Мікалаю, зразумела, карысна ўжываць натуральнае малако, а не малочны напой з крамы.

Пра асаблівасьці прэзыдэнцкай жывёлагадоўлі ўдзельнікам нарады расказаў сам Аляксандар Лукашэнка:

– Я, напрыклад, яры прыхільнік разьвіцьця прыватных падсобных гаспадарак. І ня толькі як прэзыдэнт, але і асабіста. У мяне карова ёсьць. Гэта для душы. Таму што зямля ўвогуле робіць высакародным чалавека, а жывёла – тым больш… Вельмі правільна хтосьці заўважыў, што гэта і выхаваньне. Калі дзіця зь дзяцінства круціцца там, дзе ёсьць скаціна, – гэта зусім іншы чалавек. Карова ў маім жыцьці (дый у многіх вашых) – гэта душа сям'і. Яна карміла ўсіх. Мы людзі такія….

Да ўлады Аляксандар Лукашэнка таксама прыйшоў у "суправаджэньні" каровы: у 1994-м гонар і, як аказалася, "душа сям'і" – Мілка – была амаль такім жа папулярным газэтным пэрсанажам, як і новаабраны прэзыдэнт. Аднак найвышэйшы дзяржаўны статус ня даў магчымасьці ўтрымліваць карміліцу надалей: неўзабаве дом Лукашэнкаў у Рыжкавічах быў узяты пад узмоцненую варту, а Галіне Радзівонаўне ў статусе першай лэдзі было не з рукі сядзець пад каровай. Урэшце Лукашэнкі былі вымушаныя прадаць сваю любіміцу.

Галіна Радзівонаўна і Мілка, 1994

Дзе прапісаная спадкаемка Мілкі – Лукашэнка не ўдакладніў. Прэзыдэнцкая прэс-служба гэтаксама не паведамляе асабістых фактаў з жыцьця кіраўніка дзяржавы, да якіх, натуральна, адносіцца і хатняя гаспадарка прэзыдэнта.

Варыянтаў дысьлякацыі каровы №1 няшмат. Перадусім, гэта жылая рэзыдэнцыя ў Драздах на ўскрайку Менску ды асучасьненае лецішча ў Астрашыцкім гарадку.

На карысьць першага варыянту сьведчыць перадача з цыклю "Формула ўлады", падрыхтаваная летась расейскім журналістам Міхаілам Гусманам. На тэлевізійных кадрах – элітная спэцбрыгада, якая косіць траву ў рэзыдэнцыі. На чале калёны сам Лукашэнка, за ім – сыны Віктар і Дзьмітрый, бізнэсовец Юрый Чыж, біятляніст Сяргей Булыгін, экс-капітан тэніснай зборнай Сяргей Цяцерын, хакейны спэцыяліст Міхаіл Захараў.

Забясьпечыць такімі сіламі адну карову – справа няхітрая. Дарэчы, у адным з інтэрвію Міхаіл Захараў расказаў, што ў Драздах пяць палёў, якія ў сэзон даводзіцца касіць ледзьве не штодня: пакуль дойдзеш да апошняга, на першым зноў трава ў пояс.

Экспэрт у галіне сельскай гаспадаркі, акадэмік Іван Нікітчанка навіной пра прэзыдэнцкую карову ашаломлены:

– Дзе ён яе трымае, у Драздах? І сам, напэўна, доіць? (сьмяецца). У вёсцы клопат пра карову кладзецца на плечы гаспадара і гаспадыні. Гаспадар сена рыхтуе, гаспадыня корміць і доіць яе. Але ж у Лукашэнкі фармальна гаспадыні няма, значыць, ён і сена косіць, і доіць?… Але думаю, што ўсё гэта – як і многае ў ягоным выкананьні: увечары сказаў, а раніцай забыўся, што напярэдадні наплёў. Несур'ёзна гэта ўсё. Ён, мабыць, сваім прыкладам хацеў падштурхнуць да таго, каб людзі ажывілі прыватныя гаспадаркі. Але ж вёска абязьлюднела! Хто будзе працаваць? Спачатку ўсе пачынаньні задушылі, а потым штурхаць надумаліся? Няма ўжо каго штурхаць. Блеф усё гэта… Вы ж памятаеце, як Лукашэнка расказваў, што быў "фэрмэрам". Магчыма, але толькі ў тым выпадку, што за саўгасны кошт сеяў бульбу на дзяржаўных палетках, гаспадарка за ёй даглядала, а потым здавалі ў райпо і атрымлівалі грошы ва ўласныя кішэні. Такое "фэрмэрства" пры канцы 1980-х у нас сапраўды практыкавалася сярод кіраўнікоў гаспадарак.

Зрэшты, напачатку 2000-х практычна ў цэнтры сталіцы рыхтавалася месца для каровы прэзыдэнтавай маці. За некалькі мэтраў ад праспэкту Пераможцаў пры павароце на Дразды для Кацярыны Трафімаўны быў збудаваны невялікі катэдж з абавязковым вясковым атрыбутам – хлявом. Адзін з будаўнікоў расказваў, што ў хляве быў абсталяваны стаяк для каровы.

Аднак неўзабаве пляны зьмяніліся – трымаць карову сапраўды выглядала занадта авантурна. У выніку падлогу аздобілі пліткай, а месца ў стаяку заняў міліцыянт. А каб не сумаваў, яму паставілі тэлевізар.

За паўтара дзясятка гадоў пры ўладзе Аляксандар Лукашэнка так і ня стаў гарадзкім чалавекам. Яшчэ раней ён прызнаваўся, што і дня не пражыў бы ў шматкватэрным доме, а ў аўторак заявіў, што пасьля працы даглядае карову.

Дарэчы, у гаспадарцы Лукашэнкі ёсьць і конь: арабскага скакуна на 50-годзьдзе яму падарыў тагачасны прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін. Але элітнага жарабца ў Драздах трымаць не рызыкнулі, ён прапісаны ў конна-спартовым цэнтры ў Ратамцы.

Калі конь у падарунак – зьява даволі распаўсюджаная, то карова на падворку ў дзейнага палітыка вышэйшага рангу сустракаецца ня часта. Пераплюнуў Лукашэнку хіба што мэр Масквы Юрый Лужкоў, які ў сваёй падмаскоўнай сядзібе трымае коней, авечак, козаў, сьвіньню, а таксама дзьве каровы. Лужкоў запэўнівае, што ягонае малако спажывае сям'я прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева.

Дарэчы, зрынуты прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў, які з дазволу Лукашэнкі хаваецца ў Беларусі, у сваіх жывёлагадоўчых схільнасьцях пайшоў яшчэ далей, арганізаваўшы ў сваім доме цэлы заапарк экзатычных жывёлаў – у ліку іх тры казулі, два мядзьведзі, два сьнежныя барсы, афрыканскі страус ды іншыя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)