Экономика
Ягор Марціновіч, «Наша Ніва»

Слабейшы за BYR толькі эфіопскі быр (+ дыяграма)

З часу аднамомантавай дэвальвацыі беларускага рубля мінуў амаль год. Нацбанк выконвае перагледжаныя абяцанні трымаць курс айчыннай валюты і рапартуе — рубель саслабее не больш чым на 10%.

Але, калі параўнаць сённяшнюю сітуацыю з той, што была ў роўна год таму, выходзіць малапрыемная карціна.

З 82 валют, на якія Нацыянальны банк Беларусі ўсталёўвае курсы — ці штодзень, ці штомесяц, — у дачыненні да 81 беларускі рубель патаннеў. Слабейшы за нашыя грошы толькі эфіопскі быр, які летась каштаваў 219,85 рубля, а цяпер ацэньваецца ў 219,83 рубля. Выйгрыш нашай валюты склаў 0,01%…

З валютымі, якія карыстаюцца папулярнасцю ў беларусаў, сітуацыя больш складаная. Даляр замест 2200 рублёў каштуе 2850. Вынік — 29,5% на карысць амерыканскай валюты.

Еўра ўзрос яшчэ мацней, на 33,6%. Летась за яго можна было выручыць 3077 рублёў, а цяпер ажно 4112 рубля.

Расійскі рубель перажыў крызіс, падобны на той, што напаткаў беларускую валюту. Тым не менш узрос і ён — з 77 да 95,5 рубеля. Рост склаў 24,2%.

Украінская грыўня, якую часамі нават адмаўляліся прымаць у беларускіх абменніках — такой нікчэмнасцю яна ацэньвалася, усё роўна мацнейшая за нашу валюту. За год яна падаражэла на 30,7% — з 273 да 357 рублёў.

Росту дасягнулі ўсе суседскія валюты — і літ, і лат, і злоты…

Сусветныя лідэры — чылійскі песо і паўднёва-афрыканскі рэнд. Яны выраслі на 72%. Трэцяя прыступка рэйтынгу ў аўстралійскага даляра, які каштуе сёлета на 70% больш, чым летась. З еўрапейскіх валют нацмайнешай стала нарвежская крона (рост на 62%)

Да каго ж беларускі рубель знаходзіцца найбліжэй, апроч вышэйзгаданага быра? Да таджыкскай, армянскай і нігерыйскай валюты. Завяршаюць пяцёрку нашых суседзяў мангольскія грошы.

У дачыненні да тугрыка беларускі рубель дэвальваваў на 5%.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)