Политика
Зміцер Панкавец, «Наша Ніва»

Анатоль Ляўковіч: Краўчанка хоча захапіць старшынства ў БСДП

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Анатоль Ляўковіч выступіў з адкрытым лістом да сяброў арганізацыі. У звароце Ляўковіч піша пра тое, што былы міністр замежных справаў Пятро Краўчанка, карыстаючыся цяжкім фінансавым становішчам партыі, хоча захапіць кіраўніцтва ў ёй.

«Наша Ніва»: Намеры Пятра Краўчанкі сапраўды такія сур’ёзныя?

Анатоль Ляўковіч: Сапраўды. Працэсы гэтыя ўнутры партыі пачаліся яшчэ паўгоду назад. Мы маўчалі, хоць нешта і з’яўлялася ў прэсе. Вядома ж, шыла ў мяшку не схаваеш. Чаму я зараз сказаў пра гэта публічна? Бо апошні ЦК партыі праходзіў з канкрэтным парушэннем статутных нормаў, калі беспартыйны сп.Краўчанка аплачваў квіткі сябрам ЦК. Я з’яўляюся прыхільнікам адкрытай палітыкі. Таму і раблю публічную ацэнку дзеянняў сп.Краўчанкі. Спадзяюся, што ён зробіць гэтак сама. І спыніць свае падкілімныя гульні.

«НН»: А вы спрабавалі пагутарыць з Пятром Кузьмічом?

АЛ: Так. Мы размаўлялі з ім за пару тыдняў да пасяджэння ЦК. Я тады запытаўся: «Пятро, кажуць, што ты збіраешся стаць старшынём БСДП і кандыдатам у прэзідэнты, ці праўда гэта?» Адказы на гэтыя пытанні я не пачуў. А праз нейкі час ён з’явіўся на гэтым пасяджэнні. Краўчанка спадзяецца, калі партыя ў даўгах, то ён зможа скарыстаць сітуацыі.

«НН»: А можа Краўчанка насамрэч можа вырашыць фінансавыя пытанні?

АЛ: Хай ён скажа адкрыта, што ён нам можа даць. Тады і мы паразмаўляем. Зразумейце, сёння перад мной стаіць задача захаваць і ўмацаваць партыю. Я хачу перадаць яе ў дастойныя маладыя рукі. У БСДП ёсць людзі, якія змогуць узяць на сябе кіраўніцтва. А досвед прыходу людзей збоку ў нас ужо быў — не вельмі ўдалы. Краўчанка быў у спісах партыі толькі два гады (1994-96). Я разумею, што для яго гэта нешта чужое і далёкае. Які ён досвед можа прынесці? Досвед камуністычнай партыі Савецкага Cаюзу, у якой ён быў?

Дык мы змагаліся супраць той ідэалогіі. Асабіста я знаёмы з Пятром Кузьмічом ад 1974 году, калі ён чытаў мне курсы на падрыхтоўчых курсах БДУ. Некалі жылі ў адным інтэрнаце на Свярдлова. У мяне няма абсалютна ніякай асабістай непрыязнасці да Краўчанкі.

«НН»: У партыі гавораць пра вылучэнне Краўчанкі ў прэзідэнты?

АЛ: Так, некаторыя віцебскія сацыял-дэмакраты гаварылі мне, што лепшай кандыдатуры за Краўчанку не будзе. Але чаму пра свае амбіцыі не кажа сам Краўчанка, вось гэта для мяне загадка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)