Общество
Руслан Гарбачоў, фота аўтара і photo.bymedia.net

Як Пушкін «павіншаваў» Лукашэнку (фотарэпартаж)

Аўтар самага вядомага беларускага перформанса Алесь Пушкін лічыць, што завёзшы 10 год таму тачку гною Аляксандру Лукашэнку, ён даў магчымасць захаваць твар беларускай інтэлігенцыі. Напярэдадні юбілею гэтай акцыі мастак прыгадаў для «Салідарнасці», як разгортваліся падзеі.

З тэлефоннай слухаўкі, што Пушкін трымаў у руках, данасіўся жаночы крык. За сталом у мястэчку Бобр, дзе ўжо шмат год мастак жыве са сваёй сям’ёй і дзе разам з ім снедалі яго польскія сябры, усе ўстрывожыліся.

Але марна. Уся справа была ў не зусім сухім сене, якое Алесь Пушкін хацеў абмяняць у суседцы на казінае малако. Хай гэта справа, з якой ён пачаў дзень, не выгарыла, затое за той час я паспеў дапамагчы пану Даніле, які другі год запар прыехаў у Бобр на Купалле ў пошуках нявесты.

«Нашым дзеўкам патрэбны напор!», – раіў сябру Пушкін, але пан Даніла не змог узяць у маладой студэнткі нават яе нумара тэлефона. З дапамогай журналісцкіх навыкаў мабільны дзяўчыны я знайшоў, чаму былі вельмі рады як і сам пан Даніла, так і Пушкін, якому не давалі спакойна жыць просьбы сябра.

Але нічога не падумайце: сяброў ён любіць і цэніць. Жонка Яна расказала, што зімою Пушкін (а называе яна свайго мужыка менавіта так – Пушкін!) у адсутнасць гасцей трапляе ў дэпрэсіўны стан. У гэты ж летні дзень ён пасля сняданку з задавальненнем сеў з польскімі гасцямі ў машыну, каб накіравацца ў Воршу. А я пачаў задаваць яму пытанні, і перш за ўсё, спытаў у беларускага Пушкіна пра яго нерукатворны помнік 1999-га.

– Алесь, як вы ўвогуле дадумаліся да такога перформанса?

– Я памятаў, як у 1968 годзе ў знак пратэсту супраць уводу савецкіх танкаў у Чэхаславакію на Чырвоную плошчу выйшлі восем чалавек. І вырашыў: хай наша інтэлігенцыя адкажа на ўзурпацыю Лукашэнкам улады учынкам хаця б аднаго мастака.

Доўга думаў, каб мой перформанс атрымаўся негвалтоўным. Але разам з тым, трэба было зрабіць нейкую экстрэмальную рэч, якая б узрушыла людзей. У выніку прыйшоў да гною – народнай форме пратэсту. Адна справа, калі да цябе прыходзяць з тартом і просяць кіраваць яшчэ 5 год, другая -- калі падвозяць тачку гною. Можна было б падкаціць тачку гексагена, як гэта рабілі чачэнцы, але свет тэрарызма не прымае.

Я пафарбаваў у чырвоны колер тачку, апрануў нацыянальную кашулю, вянок з васільком, белыя пальчаткі. Гной узяў у майго суседа Валодзі, які трымае карову. Ні ён, ні вадзіцель, з які адвозіў мяне ў Мінск, не ведалі, для чаго ён мне насамрэч патрэбны. На гной я паклаў партрэт Лукашэнкі, дэвальвіраваныя грошы, кайданкі, каланіяльную сімволіку. Забыўся толькі пакласці туды ягоную Канстытуцыю 1996 года.

– Вы не баяліся, што вас за перформанс могуць пасадзіць?

– Канешне, баяўся. І застрэліць жа маглі: можа мяне б прынялі за шахіда, што вязе гексаген!

Без пятнадцаці дванаццаць я прыехаў на мікрааўтобусе да тэатра Янкі Купалы і пакаціў тачку ў накірунку пад’езда № 1 адміністрацыі прэзідэнта. Там ішлі работы па добраўпарадкаванні: клалася плітка, піліліся елачкі, і я не заўважаным падышоў на адлегласць 5-7 метраў да прыступак адміністрацыі. Тут з пад’езда выйшаў міліцыянер і перагарадзіў мне дарогу – «Что вы делаете! Стойте, стойте!».

Я высыпаў перад ім гной і віламі прыбіў да яго патрэт Лукашэнкі – «Вось з дзярма ты выйшаў, у дзярмо ты і абрацішся!»

Такім чынам, беларуская інтэлігенцыя захавала свой твар. У асобе Пушкіна, у мірнай форме, з гумарам, з выкарыстаннем народных традыцый дыктатуры недвухсэнсоўна было сказана «фэ».

– Што з вамі адбылася далей?

– Міліцыянер, перад якім я выкінуў гной, адразу па тэлефоне выклікаў АМАП. Мяне даставілі ў Ленінскі РАУС, там пасадзілі перад відэакамерай і пачалі задаваць пытанні:

– Фамилия, имя, отчество?

– Не буду адказваць, – кажу.

– Почему?

– Гаварыце на беларускай мове.

– Прозвішча, імя, імя па бацьку?

– Не скажу.

– Ну а цяпер чаму?

– Імя маё – невядома, подзвіг мой – бессмяротны.

Яны так ржалі! Кажуць: «Пушкін! Гэта ж ты! Мы ведаем! Ужо НТВ цябе паказала!» (смяеццаС.). У 12 гадзін ночы мяне выпусцілі.

Супраць мяне ўзбудзілі крымінальную справу па артыкуле «злостное хулиганство (с особым цинизмом)», але дзіва: цэлае лета ніхто на мяне не звяртаў увагу! Працэс пачаўся толькі 27 лістапада. Судзіў мяне Сяргей Феаравіч Хрыпач, які даў сыну Чыгіра 7 год. Было шмат сведкаў, у якасці эксперта выступаў мастацвазнаўца, арганізатар фестываля перформанса «Навінкі» Віктар Пятроў-Хруцкі, які засведчыў, што мая акцыя была творам сучаснага мастацтва. На заўтра мне далі два гады ўмоўна.

Пасля я прывёз Сяргею Хрыпачу карціну, дзе быў намаляваны чырвоны замок і васілёк. Зайшоў да яго ў кабінет і кажу:

– Сяргей Фёдаравіч! Вырашыў вам зрабіць падарунак за то, што вы пакінулі мяне на волі, і я буду на печы ляжаць і толькі хадзіць у міліцыю адзначацца!

– Да, да, харошая карціна, – сказаў Сяргей Фёдаравіч і павесіў яе ў сваім кабінеце на сценку.

Бацькавымі віламі, якімі ён 10 год таму грузіў на тачку гной прэзідэнту, Алесь Пушкін карыстаецца і па сёння, але гатовы выставіць рарытэт на аукцыон

– Якія яшчэ наступствы меў для вас перформанс? Ведаю, што дзяржаўным музеям забаранілі набываць вашы творы.

– Так, за 10 год ні адна дзяржаўная структура, ні лясніцтва, ні райвыканкам, ні школа, не набылі маю карціну. Толькі прыватныя людзі, касцёл і царква. А дзяржаўным СМІ – пачынаючы нашай раёнкай «Крупскі веснік» і сканчаючы часопісам «Маладосць» – да гэтага часу забаронена ўпамінаць маё імя.

О! У гэтым падвале мяне трымалі!

У гэты момант мы на машыне ўжо ехалі па Воршы (дзякуючы сябру польскія госці ў курсе, што гэта той горад, дзе да нядаўняга часу быў адзін кінатэатр і тры турмы), і Пушкін рукой паказваў нам на месца, дзе ён адседзеў 10 сутак. Гэтай гісторыі хутка будзе два гады. На традыцыйным святкаванні Дня беларускай вайсковай славы на Крапівенскім полі пад Воршай яго ўдзельнікам супрацоўнікі міліцыі паведамілі, што поле замініравана (!) і Пушкін разам з усімі быў дастаўлены ў гарадскі аддзел унутраных спраў.

– Сядзяць каля мяне ўсе гэтыя маладафронтаўцы, жуюць бутэрброды, а менты робяць выгляд, што яны не ведаюць, чаму мы тут сядзім. І вось я бачу, што ў кутку стаіць чырвона-зялёны сцяг. Падбягаю, зрываю яго, тапчу і выкідаю ў вакно. На вуліцы з машыны выбягаюць амапаўцы і бягом да нас наверх. А я прыкінуўся быццам бы заснуў. Усіх каля мяне разабралі, а калі зразумелі, што гэта я зрабіў, сказалі – Пушкін, у вас будуць праблемы.

Ну закрылі мяне і тры дні трымаюць у турме – не могуць як след скласці абвінавачванне. Возяць на суд, а суддзі адпраўляюць справу на дапрацоўку. У выніку міліцыянеры сачынілі такія паказанні: «Пушкин в 12.35 пытался похитить палатно государственного флага ценой 8 560 рублей путем передачи его из окна…». Карацей, выйшла, што я мелкий воришка! (мы доўга разам смяемсяС.)

Алесь Пушкін, чые эскізы татуіровак на беларускую тэматыку можна знайсці ў буйных тату-салонах, горда носіць на грудзях надпіс «Беларусь перадусім!»

Але гэта што. Пару гадоў таму нацыяналіст Пушкін шакаваў усю Прыбалтыку. На біенале ў Літве ён з’явіўся на імправізаваным танку на аснове легкавога аўтамабіля, у вайсковай пілотцы і выступіў з скандальнай заявай. Яго сын, Мікалай Пушкін, стане генералам і адваюе назад беларусам Вільню…

Пакуль жа вядомы мастак працягвае ваяваць за беларускасць у Беларусі. У Воршу мы ехалі не проста так, а на фестываль альтэрнатыўнага мастацтва , дзе Пушкін павінен быў дэманстраваць боды-арт. Але калі за дзень да фэсту яму паведамілі, што імпрэза будзе весціся па-руску, мастак ад удзелу адмовіўся.

З нацыянальным зразумела, а што думае мастак пра праявы глабалізму?

– Алесь! Як вы ставіцеся да глабалізму?

– У свой час я ладзіў на Купалле перформанс, дзе апрануў форму пракурора і спаліў віагру, рэзінавыя палкі, парнаграфічныя часопісы. Я за тое, каб саблюдаліся асноўныя дэмакратычныя прынцыпы і каштоўнасці, але ўсё капіраваць у Захада будзе шкодным. Там зараз усе правы чалавека звяліся да абароны правоў сексменшасцяў, дазволу аднаполых шлюбаў. Я лічу, што такія рэчы для нас катэгарычна непрымальныя. Як, напрыклад, і крэматорый (а не звычайныя могілкі), і жанчына-святар.

У Галандыі я назіраў, як з дарагой машыны ў рэстаран накіравалася маладая пара. З ёю была сабачка. А зусім побач з недарагога аўтамабіля за пакупкамі выйшла ў паранжы мусульманка. З ёю былі пяць дзяцей. Дык вось гэтая мусульманка мне бліжэй.

Родныя краявіды на жыццё ў бетонных хмарачосах мастак ніколі не прамяняе

– Вы з-за гэтых сваіх поглядаў вярнуліся жыць у Бобр?

– Так. Акрамя таго, ёсць такая традыцыйная каштоўнасць як якасць жыцця. Не выпадкова ўсе багатыя людзі стараюцца ўжываць экалагічна чыстыя прадукты, жыць у драўляным доме. У Галандыі мой домік і ўчастак каштаваў бы 500 тысяч еўра.

Я зразумеў, што жыццё павінна быць неспешным, спакойным, з шчырымі адносінамі са сваімі блізкімі і каханымі. І абавязкова трэба мець некалькі дзетак – абавязкова! Калі нават з цудоўным чалавекам усё жыццё будзеш жыць, а дзетак не з’явіцца, не будзе поўнага шчасця.

Мы з Янай 6 год чакалі Міколку, у нас было два выкідышы – я так пакутаваў! Я ўсё думаў: чаму так? Я, здаецца, і шчаслівы: такая ў мяне Яначка, такая прырода вакол, ёсць любімая справа, змагаюся за Беларусь, а дзетак вось няма… Ведаеш, як мне было цяжка?

Зараз у нас двое, але мы хочам трэцяга – дыктатар жа сказаў, што беларуская сям’я павінна мець траіх дзяцей. Трэба хоць адзін яго загад выканаць – астатнія мы херым.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)