Лукашэнка зьняў з Рыбакова два гады турмы
Разам з жанчынамі, у якіх ёсьць непаўналетнія дзеці, Аляксандар Лукашэнка памілаваў былога старшыню Белдзяржтэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова, які адбывае зьняволеньне ў шклоўскай калёніі. Што стала прычынай літасьці Лукашэнкі да Рыбакова?
Тэрмін пакараньня Ягору Рыбакову стаў меншы адразу на два гады. Гэтак вырашыў Аляксандар Лукашэнка, які падпісаў чарговы указ аб памілаваньні 32 вязьняў. Гэтыя зьвесткі “Свабодзе” пацьвердзіў начальнік камітэту выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных справаў Уладзімер Коўчур:
(Коўчур: ) “Так, ён памілаваны. Два гады яму зьнялі”.
У афіцыйным паведамленьні пра ўказ кіраўніка дзяржавы аб памілаваньні не называліся прозьвішчы памілаваных. Паведамлялася толькі, што сярод іх шмат жанчын, якія маюць непаўналетніх дзяцей. Паводле агенцтва “Інтэрфакс-Захад”, усяго Аляксандр Лукашэнка памілаваў 29 жанчын – такім чынам, Ягор Рыбакоў – адзін з трох памілаваных мужчынаў.
Два гады таму Ягора Рыбакова асудзілі на 11 гадоў зьняволеньня за хабарніцтва і злоўжываньні. Паводле суду, былы старшыня дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі атрымаў хабару на некалькі соцень тысяч даляраў. Адбывае свой тэрмін былы галоўны тэлевізійнік у шклоўскай калёніі, дзе, дарэчы, таксама кіруе тэлебачаньнем, але ўжо турэмным. Аб праграме гэтага тэлебачаньня расказаў супрацоўнік шклоўскай калёніі Аляксандр Загуста:
(Загуста: ) “Ну як? Фільмы плянуем і паказваем у пэўны час у кожным атрадзе. А яшчэ ёсьць свая кінакамэра, на яе здымаем свае мерапрыемствы, дні атраду, якія праводзім у клюбе. Калі ёсьць якія канцэрты, таксама здымаем”.
Фільмы, афіцыйныя мерапрыемствы, канцэрты... Вельмі падобна да праграмы Беларускага тэлебачаньня, якім два гады кіраваў былы магілёўскі журналіст Ягор Рыбакоў. Незалежны журналіст з Магілёва Генадзь Суднік мяркуе, што цяперашні занятак асуджанага Рыбакова наўпрост прычыніўся да памілаваньня:
(Суднік: ) “Хто з нас будзе шкадаваць пра тое, што нейкая палёгка чалавеку наступіць? Яшчэ малады, дзіцё безь яго гадуецца. Хай выйдзе на волю на два гады раней. Хаця, я мяркую, гэта адбылося ў абмен на тое, што ён ізноў пры начальстве і робіць тое, што ім трэба”.
Як паведамілі ў шклоўскай калёніі, Рыбакову ўвесну паводле амністыі таксама зьнялі адзін год з тэрміну. Такім чынам, фармальна сядзець яму засталося меней за шэсьць гадоў. Але ў Рыбакова ёсьць права на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне пасьля адбыцьця двух трэціх частак тэрміну. Так што ня выключана, што чалавек, які прысабечыў каля мільёна даляраў, выйдзе на волю ўжо праз тры гады.
* * *
Кар’ерны ўзьлёт журналіста Ягора Рыбакова адбыўся пасьля таго, як ён выступіў у газэце “Магілёўская праўда” падчас першай прэзыдэнцкай кампаніі – газэта і асабіста Ягор Рыбакоў падтрымалі Аляксандра Лукашэнку. Праз шэсьць гадоў пасьля гэтага Аляксандар Лукашэнка прызначыў Ягора Рыбакова старшынём Дзяржтэлерадыёкампаніі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное