Як былы актывіст «Зубра» і АГП стаў баевіком «ЛНР», а потым прапанаваў свае паслугі КДБ
Былы баявік «ЛНР» зь Віцебску Сяргей Трафімаў мае незвычайную біяграфію: у пачатку 2000-х ён быў актывістам апазыцыі, у 2014 годзе зьехаў ваяваць за «Наваросію», а пасьля таго як яго выклікалі на размову ў КДБ, ён прапанаваў ім свае паслугі ў якасьці інтэрнэт-троля.
Карэспандэнт Свабоды сустрэўся з 33-гадовым Сяргеем Трафімавым у Віцебску напрыканцы 2016 году.
Як і шмат хто з баевікоў-беларусаў, Сяргей Трафімаў не хавае свайго ўдзелу ва ўзброеным канфлікце — на ягоных старонках у сацыяльных сетках выкладзеныя фатаздымкі з Данбасу са зброяй. Зьвесткі пра жыхара Віцебску таксама можна знайсьці на ўкраінскім сайце «Миротворец», дзе акумулюецца інфармацыя пра сэпаратыстаў.
Свабодзе Сяргей Трафімаў распавёў, што забіў шмат украінцаў — лік, кажа, ідзе на дзясяткі.
Як паехаў на Данбас
Зьехаў на Данбас Сяргей Трафімаў у верасьні 2014 году. Тлумачыць сваё рашэньне жыхар Віцебску звычайным для баевікоў-сэпаратыстаў чынам: маўляў, ён ня мог глядзець спакойна, «як гінуць дзеці», а да таго ж чамусьці згадвае, што ягоны дзед ваяваў у Вялікую Айчынную вайну. Праўда, інфармацыю пра ўзброены канфлікт на Данбасе Трафімаў чэрпаў пераважна не з расейскага тэлебачаньня, а з сэпаратысцкіх суполак у сацыяльных сетках.
«Пачалася вайна Ўкраіны з расейцамі, і я пачаў шукаць інфармацыю. Чытаў „Зводкі Стралкова“ (суполка „Укантакце“, дзе з пачатку канфлікту выкладалася інфармацыя ад Ігара Стралкова-Гіркіна і ягоных баевікоў. — РС). Я наагул ехаў ваяваць за Стралкова, але фактычна атрымалася, што за гэты цырк, — цяпер жа Платніцкі там проста грошы зарабляе ды і ўсё. Стралкоў казаў правільныя рэчы. Але калі я прыехаў, яго ўжо зьнялі», — распавядае Сяргей Трафімаў.
Перайшоў расейска-ўкраінскую мяжу Трафімаў праз пункт пропуску «Ізварына», а адтуль даехаў да Краснадону.
«Я плянаваў ехаць у батальён Мазгавога «Призрак», але не атрымалася, яны тады самі ў атачэньні былі, дарога прастрэльваецца — ніхто мяне туды не павёз бы. Пайшоў у вайсковы камісарыят у Краснадоне: я — добраахвотнік зь Беларусі, кажу, адпраўце мяне на перадавую. Пад вечар мне выдалі аўтамат «Калашнікаў», выдалі нейкую сінюю амапаўскую форму — я трапіў у новасфармаваны батальён «Русь», — распавядае экс-баявік.
У складзе батальёну «Русь» Сяргей Трафімаў ваяваў у раёне Вясёлая Гара — Шчасьце, змагаўся з украінскім добраахвотніцкім батальёнам «Айдар».
Стаўленьне да байцоў добраахвотніцкіх батальёнаў, сьцьвярджае Трафімаў, у «ДНР-ЛНР» было заўсёды жорсткае: існаваў вусны загад добраахвотнікаў «у палон ня браць, вырашаць пытаньне на месцы».
На пытаньне карэспандэнта Свабоды, ці даводзілася яму асабіста расстрэльваць палонных, Трафімаў паціскае плячыма і ўсьміхаецца: «Ну я ж на перадавой быў».
Першы забіты
Сяргей Трафімаў да вайны на Данбасе быў мірным чалавекам, нават у беларускім войску не служыў. Ён распавёў, што адчуў, калі ўпершыню прыйшлося забіць чалавека:
«Мяне ледзь ня вырвала. Ведаеш, як гэта было? Зайшлі мы на зачыстку ў школу. Я за паварот заварочваю — і мой «Калашнікаў» літаральна ўпіраецца ў галаву «ўкропу»... То бок я ня меў варыянтаў. Я націснуў на курок. Так мне прыйшлося пазбавіцца маёй сіняй формы — моцна выпацкалася. Потым да гэтага пачаў ставіцца прасьцей. Нешта звычайнае... Ну як кавы выпіць.
— Колькі ты забіў чалавек?
— Шмат. Я добра страляў.
— Лік на дзясяткі ідзе?
— Так.
Яшчэ да канца 2014 году Трафімаў быў вымушаны зь сямейных прычынаў тэрмінова вярнуцца ў Беларусь на некалькі месяцаў.
Другая ходка на Данбас
Вярнуўся на Данбас Трафімаў ужо пасьля бітвы пад Дэбальцавам, вясной 2015 году. Батальён «Русь» на пачатку вясны быў расфармаваны. Як распавядалі раней у гутарках з карэспандэнтам Свабоды баевікі, «за „Русьсю“ было вельмі шмат „отжима“ бізнэсу ў людзей», а раззбройваць падразьдзяленьне кіраўнікі сэпаратыстаў наймалі байцоў расейскай ваенізаванай нацыяналістычнай групоўкі «E.N.O.T. Corp» (тая самая арганізацыя, якая вазіла на трэнаваньні ў Расею беларускіх дзяцей. — РС).
Па вяртаньні ў «ЛНР» Трафімаў трапіў у 4-ы танкавы батальён, дзе і праслужыў да восені 2015 году. Пакінуў Данбас жыхар Віцебску, бо засумаваў — актыўных баявых дзеяньняў на фронце не было.
Да вайны Трафімаў працаваў будаўніком, да гэтай спэцыяльнасьці вярнуўся і пасьля вяртаньня з Данбасу — ён паехаў у Санкт-Пецярбург працаваць на будоўлі. Беларусь пры гэтым былы баявік наведвае: апошнім разам ён прыехаў у Віцебск у сьнежні 2016 году, там мяркуе застацца прынамсі да другой паловы студзеня.
Пра тое, што ваяваў на Данбасе, Трафімаў не шкадуе і гатовы вярнуцца ў кожны момант у «ЛНР», калі на фронце зноў пачнуцца актыўныя баявыя дзеяньні.
Тэму ўдзелу расейскай арміі ў канфлікце на Данбасе баявік стараецца абыходзіць, а калі карэспандэнт Свабоды пачынае спасылацца на сьведчаньні саміх баевікоў, Трафімаў падсумоўвае:
«Ну гэта ўсё роўна ў артыкуле ня трэба ўлічваць. Ня трэба вам лішняе ведаць. Гэтай інфармацыяй аб тым, што там былі расейскія войскі, могуць скарыстацца нашыя ворагі — той жа блёк NATO».
«Спытаўся ў КДБ: я ж блогер, я чымсьці магу быць карысны?»
Як і іншыя «апалчэнцы» з Беларусі, Сяргей Трафімаў трапіў у поле зроку КДБ. Двойчы з імі праводзіліся гутаркі. Акрамя таго, дома ў Трафімава прайшоў ператрус — праваахоўнікі забралі нашыўкі ягонага падразьдзяленьня, вайсковы білет і пасьведчаньне «апалчэнца». Але ніякіх крымінальных справаў супраць яго не распачалі.
— Як на цябе выйшла КДБ?
— Па-першае, я не хаваўся — на маёй старонцы ў сацыяльных сетках былі фатаграфіі з Данбасу. І потым, калі беларус перасякае мяжу Расеі з Украінай, то інфармацыя адразу перадаецца ў КДБ. Аўтаматычна.
— Гэта ты так вырашыў, што інфармацыя перадаецца аўтаматычна?
— Мне гэта сам кадэбэшнік казаў.
— Калі была першая гутарка з супрацоўнікамі КДБ?
— Да мяне прыйшлі на працу. Паміж першай і другой паездкай на Данбас я працаваў у ВДУ імя Машэрава сталяром. Мяне выклікалі ў кабінэт дырэктара, а там сядзелі супрацоўнікі КДБ. Дырэктара пры гэтым не было — выгналі. Ну і пачалі пытацца: ці езьдзілі, ці ваявалі, забівалі... Колькі, навошта, чаму. Вялі аўдыёзапіс. Папярэдзілі пра адказнасьць — абяцалі пасадзіць, калі зноў паеду.
— Але цябе гэтае абяцаньне не спыніла...
— Не спыніла. Наступны раз сустракаліся, калі ў 2015-м вярнуўся. Тады ўжо выклікалі ва ўпраўленьне. Відэазапіс вялі маіх паказаньняў, а паказаньні я даваў як сьведка ў нейкай справе — не ведаю, што за справа.
— Гэта значыць менавіта як сьведку выклікалі, не падазраванага?
— Так.
— Пасьля другога разу больш цябе не выклікалі ва ўпраўленьне?
— Пакуль не.
Трафімаў актыўна прапагандуе ідэі «Наваросіі» ў інтэрнэце — у прыватнасьці, ён адміністратар суполкі «АнтыМайдан рэгулярная армія Наваросіі» «Укантакце».
Баявік сьцьвярджае, што, ведаючы ягоную «блогерскую спэцыяльнасьць», падчас другой сустрэчы супрацоўнікі КДБ яго быццам бы папрасілі выконваць функцыю інтэрнэт-троля.
— Я ім сам прапанаваў. У мяне проста авантурны характар, самому ўсё цікава. Спытаўся: я ж блогер, ці я чымсьці магу быць карысны?.. Ну добра, сказалі, вось табе пару квэстаў — ср...(спрачацца. — РС) з апазыцыяй, з прадпрымальнікамі, стварыць дзесяць фэйкавых старонак і пісаць камэнтары. Троліць то бок. Я зрабіў, што прасілі. Потым пытаюся: чым магу быць яшчэ карысны?.. Спачатку перапісваліся мы праз «Укантакце», потым яны памянялі гэбэшніка, які мной апекаваўся, — перапіска пайшла праз пошту mail.ru.
— І што далей?
— Ну вось паспрабаваў пару разоў, ды і ўсё.
— Больш ні пра што не прасілі?
— Не. Напэўна, занадта жорстка адказваў. Ім жа трэба, каб разьвівалася дыскусія, а ў мяне былі жорсткія камэнтары — дыялёгі адразу зьнішчаліся ў зародку.
«Спэцыяльна пісаў словы з памылкамі, каб паказаць, якая ў нас «добрая» апазыцыя»
Задоўга да таго як паехаць на Данбас, у пачатку 2000-х, Сяргей Трафімаў быў актывістам «Зубра» і сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
— Нацыяналістаў у нас хапае. Асабліва ў Менску. Тых, хто размаўляе на беларускай мове. Я баюся, што гэта можа прывесьці да другой Украіны. Я ж у свой час быў у беларускай апазыцыі — ворага трэба ведаць у твар. У «Зубры» быў.
— А як ты туды трапіў?
— Ды проста хацеў паглядзець, што гэта за цырк. Я набіраў добры стосік газэт на офісе і здаваў іх на макулятуру. Атрымліваў балёнчыкі з фарбай і спэцыяльна пісаў словы з памылкамі, каб паказаць, якая ў нас «добрая» апазыцыя. Даводзілася і ў мітынгах удзельнічаць — і ў Віцебску, і ў Менску. Куратарам у моладзевай арганізацыі «Зубар» у нас тады была Вольга Карач.
— І ўсё гэта было твая асабістая ініцыятыва?
— Так, абсалютна. Потым я вырашыў паглядзець, што такое Абʼяднаная грамадзянская партыя. Уступіў туды. Але ў 2004 годзе я бразнуўся з даху, калі працаваў страхаром. Пакуль валяўся ў бальнічцы, быў сябрам АГП. А потым напісаў заяву аб выхадзе. Я разумеў, што для Беларусі яны нічога даць не могуць.
— Ты сярод апазыцыянэраў размаўляў на беларускай мове?
— Я беларускай наагул не ведаю.
— А калі ты быў актывістам апазыцыі, на цябе КДБ не выходзіла, не было прапановаў супрацоўнічаць?
— Не. Ніякіх кантактаў з КДБ не было наагул. А вось у мянтоўку я трапляў некалькі разоў.
Трафімаў таксама распавядае, што менавіта праз свой авантурызм у 2000-х ён сябраваў са скінхэдамі і нават удзельнічаў у нападах на замежных студэнтаў у Віцебску. Хаця сам ён, як сьцьвярджае Трафімаў, ніякіх расісцкіх поглядаў не падзяляе.
Вольга Карач: «Я проста ня веру, што ён забіваў!»
Вольга Карач пацьвердзіла, што Сяргей Трафімаў у пачатку 2000-х быў актывістам «Зубра». Калі Карач даведалася ад карэспандэнта Свабоды пра баявую біяграфію свайго былога паплечніка, яна была шакаваная: прызнаецца, што ніколі не падумала б, што Сяргей мог стаць баевіком.
«Вы мяне шакавалі! — заявіла Вольга Карач. — Мы пазнаёміліся ў 2001 годзе, ён прыйшоў тады ў „Зубар“. Тады прыходзіла шмат актыўных хлопцаў, якіх сыстэма Лукашэнкі з розных прычынаў не задавальняла, у тым ліку таму што для іх не было месца. Многія потым сталі фатографамі, журналістамі — творчымі людзьмі. А ён відавочна не туды пайшоў...
З усіх „зуброў“, якія былі, я б на Сяргея падумала ў апошнюю чаргу, што ён наагул можа ўзяць у рукі зброю. Сяргей быў вельмі добрым, спагадным, мяккім, бесканфліктным хлопцам, падкормліваў бадзяжных жывёлаў, марыў падарожнічаць, марыў пра яркае жыцьцё. Мы зь ім езьдзілі на акцыі ў Менск. Я проста ня веру, што ён забіваў! Гэтыя два вобразы ў мяне ў галаве ніяк не складаюцца!..
Маці ў яго мэдычная сястра, вельмі любіла яго (ён адзіны сын), вельмі хацела, каб сын знайшоў сваё месца ў жыцьці. Маці нават радавалася, што ён у палітыцы ўдзельнічае, хоць далёка ня ўсе бацькі актывістаў „Зубра“ так рэагавалі».
Паводле Карач, іхныя жыцьцёвыя шляхі разышліся прыкладна ў 2004 годзе:
«У яго ў жыцьці была вельмі трагічная сытуацыя — ён зваліўся зь пятага паверху, калі працаваў на будоўлі. Няшчасны выпадак. Доўга быў у рэанімацыі, ледзь выжыў. Яго літаральна зьбіралі па кавалачках. Лячыўся каля году. Ну зразумела, якая тут палітычная дзейнасьць можа быць, калі такая сытуацыя».
У АГП быў 8 месяцаў
У АГП таксама пацьвердзілі факт сяброўства Трафімава ў партыі, але прыгадаць пра ягоную дзейнасьць там могуць няшмат.
«Мы паднялі дакумэнты Віцебскай арганізацыі АГП. Сяргей Уладзімеравіч Трафімаў напісаў заяву ў партыю 21 траўня 2004 году, а ўжо 4 лютага 2005 году — заяву аб выхадзе з партыі. Атрымліваецца, што ў партыі быў менш за год (прыкладна 8 месяцаў). Рэкамэндавала яго Алена Залеская, яна ўжо пайшла з жыцьця. З таго, што нашы віцебскія актывісты згадваюць, — што ён быццам бы працаваў будаўніком, зваліўся з рыштаваньняў і некалькі месяцаў ляжаў у лякарні ў гэты самы пэрыяд. Так што цяжка нешта пра яго працу ў партыі казаць», — распавяла Свабодзе прэс-сакратар АГП Ганна Красуліна.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное