Скандалы
Зміцер Панкавец, Наша Ніва

Фоты гомельскага міліцыянера, які зняважыў беларускую мову

У суполцы Уканатакце папулярнага гомельскага сайта «Моцныя навіны» была змешчаная апытанка: «Якая галоўная мова гамельчукоў?» У варыянтах прапаноўвалася беларуская, руская і трасянка.

Абмеркаванне атрымалася дастаткова жывым, на некалькі сотняў каментароў.

Асаблівую ўвагу прыцягнуў нехта Васіль Варушчанка, які напісаў: «Беларуская мова — гэта труп, які гніе, яго пара ўжо закапаць як мага глыбей. Так лічу». З рускай мовай аўтар таксама не дужа ў ладах, чаго варта напісанне «порабы».

Натуральна, многія зацікавіліся, што гэта за чалавек, які параўновае мову з трупам. Са старонкі Сяргея Укантакце вынікае, што працуе ён у дэпартаменце аховы Міністэрства ўнутраных спраў. Прычым надта не хаваецца, хоць і месца працы пазначанае ў яго як «ху…ы хлопец».

У фотаздымках Сяргея чаго толькі няма. Асабліва багата нецэнзурнай лексікі, якой ён шчодра сыпле ў каментарах.

Чаго варты толькі здымак з подпісам «Мама, твой сын вырас бандытам», на якім адлюстроўваюцца пісталет, пасведчанне супрацоўніка МУС, фуражка, патроны, свісток, прэзерватывы, дробныя купюры, іконка, таблеткі, ірыскі і нейкае белае рэчыва.

І гэта не адзінае, чым адзначаецца Варушчанка. Ёсць фота, дзе хлопец палохае службовай зброяй… ката!

На гэтым фоне закінутыя на стол суддзі ў адміністрацыйным будынку ногі падаюцца бязвінным жартам. А яшчэ ёсць фотаздымкі, дзе ён пераадзяваецца ў жаночае адзенне. І шмат чаго яшчэ.

Галоўным у жыцці Васіль Варушчанка ў сацыяльных сетках пазначыў «самаразвіццё».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)