«Я ляжаў тварам на падлозе, калі адзін зь іх расшпіліў шырынку»

Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску ідзе разгляд справы падлеткаў, зьбітых і зьняважаных амапаўцамі ў ліпені гэтага году.

Раней непаўналетні Аляксандар у прысутнасьці бацькоў расказаў Свабодзе: акрамя пабояў, міліцыянты пагражалі яму сэксуальным гвалтам і памачыліся на твар. Тым часам сьледзтва сьцьвярджае, што юнак сам зьбіў супрацоўніка АМАП.

17-гадовага Аляксандра Харуту абвінавачваюць паводле артыкулу 364 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь «Гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў». Паводле Сьледчага камітэту, хлопец «нанёс старэйшаму прапаршчыку міліцыі Шарко А.В. ня менш за адзін удар кулаком у вобласьць галавы». Гэта адбылося ўвечары 18 ліпеня, калі Аляксандра і яго сябра Мікіту праваахоўнікі затрымалі за знаходжаньне ў нецьвярозым стане ў грамадзкім месцы і павезьлі аўтазакам у Цэнтральны РУУС Менску.

Па дарозе Сашу стала кепска і ён узьняўся з лаўкі, каб папрасіць спыніць машыну. У гэты момант аўтазак рэзка павярнуў, і Саша схапіўся за міліцыянта, каб ня ўпасьці. Гэта было ўспрынята амапаўцам Шарко як спроба затрыманага аказаць супрацьдзеяньне. Падлетак кажа, што пасьля гэтага пачалося зьбіцьцё: павалілі на падлогу, пачалі біць, паставілі нагу на галаву і, верагодна, справілі натуральную патрэбу проста яму на твар.

«Яны таксама казалі: зараз мы цябе „апусьцім“», — дадае Аляксандар.

Напярэдадні суду Свабода зьвязалася з маці хлопца Сьвятланай (імя зьмененае).

— На днях я паехала ў суд па дакумэнты, і там мне паведамілі дату і час пасяджэньня. Пасьля сын забраў позву. Што сказаць... Мне страшна, майму сыну таксама. Ён знаходзіцца ў прыгнечаным настроі. Больш нічога не магу дадаць, — паведаміла жанчына.

Хоць тым вечарам, калі адбыўся інцыдэнт, Аляксандар і Мікіта былі разам і, паводле іх, разам пацярпелі ад гвалтоўных дзеяньняў міліцыянтаў, у выніку Мікіта быў пераведзены ў статус сьведкі. Бацька Мікіты распавёў карэспандэнту Свабоды:

— Так атрымалася, бо менавіта Саша, а ня мой сын, падняўся з лаўкі падчас руху аўтазаку. Таму на судзе ён выступіць як сьведка абароны. У першых паказаньнях Мікіта сьведчыў, што ня бачыў, куды канкрэтна трапіў удар, а ў іншых, дадзеных у маёй прысутнасьці, ён сказаў, што ягоны сябар нікога ня біў.

На наступны дзень пасьля выпадку хлопцы самі падалі заяву ў СК аб неправамерным прымяненьні міліцыянтамі фізычнай сілы і прыніжэньні, аднак атрымалі адмову і адпаведная справа на АМАПаўцаў не была распачатая. У Галоўным упраўленьні ўнутраных спраў Менгарвыканкаму правялі праверку, падчас якой ня выявілі ў дзеяньнях супрацоўнікаў АМАПа парушэньня дзейнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Праваабаронца Павал Сапелка пракамэнтаваў сытуацыю ў інтэрвію Свабодзе:

— Незалежна ад таго, ці зьяўляюцца непаўналетнія вінаватымі, жорсткае, бесчалавечнага абыходжаньне ў дачыненьні да іх недапушчальнае. Цяпер мы спадзяёмся, што цягам пасяджэньня суд атрымае справядлівыя доказы. Мяркуецца, бацькі падлеткаў пададуць касацыйную скаргу і факт супрацьпраўных дзеяньняў міліцыі зможа быць вылучаны ў асобную судовую справу.

***

Злачынства паводле артыкулу 364 КК РБ караецца арыштам тэрмінам ад 3 да 6 месяцаў, альбо абмежаваньнем свабоды да пяці гадоў, альбо пазбаўленьнем волі тэрмінам да 6 гадоў.

Помочились на голову и пообещали расстрелять: две истории об имидже людей в погонах

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)