Общество
Антон Трафімовіч, Радыё Свабода

Эдуард Пальчыс атрымаў асабістую ўзнагароду ад Лукашэнкі

17 кастрычніка працягнецца судовае пасяджэньне па справе заснавальніка і рэдактара блогу 1863x Эдуарда Пальчыса, вядомага пад псэўданімам Джон Сільвэр (Jhon Silver).

Бацькі Эдуарда паказалі Свабодзе дыплёмы свайго сына. Чалавек, якога абвінавачваюць у распальваньні міжнацыянальнай варожасьці і распаўсюдзе парнаграфіі, мае падзякі ад Міністэрства адукацыі і прэмію спэцыяльнага фонду прэзыдэнта Беларусі.

Гістарычны музэй у Гародні ён мог двойчы абыйсьці за адзін дзень

Дыплём другой ступені ад Міністэрства адукацыі і грашовую прэмію са спэцфонду прэзыдэнта Эдуард Пальчыс атрымаў на рэспубліканскай алімпіядзе па гісторыі. У 2008 годзе 11-клясьнік Пальчыс заняў другое месца на рэспубліканскім спаборніцтве. У той жа год ён паступіў на гістфак БДУ.

Блогер Мотолько включил под окнами суда, где рассматривали дело Пальчиса, песни NRM и Brutto

Гісторыяй Пальчыс цікавіўся яшчэ падлеткам. Бацькі мелі вялікую бібліятэку, зь якой ён упадабаў гістарычныя і прыгодніцкія раманы.

— Ён прачытаў «Дон Кіхота» Сэрвантэса яшчэ ў 12 год, — кажа Аляксандар Пальчыс, бацька Эдуарда.

Маці Антаніна Пальчыс, узгадвае, як Эдуард штораз прасіўся схадзіць у гістарычны музэй, калі яны прыяжджалі да сваякоў у Гародню.

— Амаль кожная паездка праходзіла праз музэй, — кажа Антаніна Аляксандраўна. — Вельмі любіў экспанаты глядзець. Я магла ўжо чакаць яго на вуліцы, а ён некалькі разоў абыходзіў увесь музэй.

Так ён захапіўся гісторыяй Беларусі. У 2006 годзе Эдуард Пальчыс трапляе на старонкі газэты «Наша Слова». Ён двойчы ўдзельнічаў у расчыстцы сядзібы Ігната Дамейкі ў вёсцы Запольле Лідзкага раёна, пра што пісала газэта ТБМ.

Пра мясцовую гісторыю яму шмат распавядаў бацька.

— Мы прыяжджалі на маю малую бацькаўшчыну, — узгадвае бацька. — Там палілі вогнішча, смажылі сала. Я яму распавядаў пра гісторыю Ліды, пра лідзкі замак.

Мог замяніць выкладчыцу інфарматыкі

Маці кажа, што, у прынцыпе, Эдуард цікавіўся ўсім. Дома было шмат энцыкляпэдый і пазнавальных кніг. Адсюль ягоная эрудзіраванасьць. У старэйшых клясах ён выступаў за гарадзкую каманду «Што? Дзе? Калі?»

Аляксандар і Антаніна Пальчыс падчас працэсу над іх сынам Эдуардам

— Яму ўсё было цікава і ён чытаў вельмі шмат, — кажа Антаніна Аляксандраўна.

Асаблівым інтарэсам Пальчыса была інфарматыка. У 2002 годзе дома зьявіўся першы кампутар. І калі ў школе пачалася інфарматыка, Эдуард ужо добра валодаў тэхнікай. Даходзіла да таго, што настаўніца магла пакінуць яго весьці ўрок.

— Калі настаўніцы трэба было сысьці, яна магла загадаць: «Пальчыс, давай тлумач кожнаму», — кажа маці.

Са сваімі ведамі Эдуард мог бы паступіць і ў тэхнічны ўнівэрсытэт. На гэтым настойвалі бацькі. Але ён хацеў вучыцца на гістфаку.

— Яго таксама цягнула на журналістыку, але вырашыў паступаць на гістфак, — кажа бацька. — Праўда, вельмі хутка ён у ім расчараваўся. Паўплывала тое, што ён вучыўся ў моцнай школе. Ён думаў, што ва ўнівэрсытэце будзе яшчэ вышэйшы ўзровень.

Пасьля другога курсу Пальчыс хацеў кінуць унівэрсытэт. Бацькі адгаварылі. Але ўсё адно на пятым курсе ён не здаваў іспыты і дыплём не атрымаў.

— Ён заўжды казаў, што Біл Гейтс стаў Білам Гейтсам без дыплёму, — кажа бацька. — Яны нарадзіліся ў адзін дзень — 28 кастрычніка. Калі ў 2013 годзе за два месяцы да выпуску, ён сказаў, што ня хоча атрымліваць дыплём, я яму адказаў: «Ну, сынок, дай Бог, каб ты стаў Эдуардам Пальчысам без дыплёму».

«Ты беларус? Дык размаўляй па-беларуску»

Акурат пра ўнівэрсытэцкія дыплёмы Эдуард нядаўна напісаў у лісьце сваім бацькам. Ён піша, што не выступае супраць дыплёмаў найвышэйшай адукацыі: «Я супраць бескарысных дыплёмаў, якія нідзе ў сьвеце не катуюцца і нікому не патрэбныя». Маўляў, са сваёй адукацыяй у іншай краіне ён бы мог працаваць ці дасьледчыкам ці выкладчыкам гісторыі.

Усе лісты да бацькоў ён піша па-беларуску. Бацька дома зь дзецьмі размаўляў па-беларуску. Але Эдуард звычайна адказваў па-расейску. Яшчэ са школы беларуская мова яму давалася зь цяжкасьцю.

«Калі яму было гадоў 15, я нават стаў яго папракаць, — кажа Аляксандар Пальчыс. — Пытаюся: „Ты беларус? Дык размаўляй па-беларуску“. Толькі цяпер, пасталеўшы, ён пачынае разумець тое, што ўпусьціў».

Працэс над Эдуардам Пальчысам пачаўся 14 кастрычніка. Пальчысу, якога абвінавачваюць у экстрэмізьме і распаўсюджваньні парнаграфіі, пагражае да пяці гадоў абмежаваньня волі. Суд праходзіць у закрытым рэжыме.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)