Комментарии
Валер Карбалевіч, Радыё Свабода

«Гульня на імпэрскіх комплексах Расіі – тое рэдкае, што Лукашэнка можа рабіць віртуозна»

Вось і дачакаліся. Лукашэнка чарговым разам расказаў усю праўду пра хцівых крамлёўскіх валадароў.

Як адзначыў віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка, беларуска-расейскія перамовы па газе цягнуцца з канца 2015 году. Аляксандар Лукашэнка любіць падчас такіх спрэчных сытуацый апэляваць да расейскай грамадзкай думкі. Але дасюль кіраўнік Беларусі маўчаў, фактычна ніяк не камэнтаваў гэтую праблему. Трэба аддаць належнае ягонаму цярпеньню. Ён умее чакаць свайго моманту, як паляўнічы, седзячы ў засадзе.

Чаму маўчаў? Думаю, мае рацыю Юры Дракахруст, які лічыць, што апэляцыя да расейскай грамадзкасьці ў момант вялізнай папулярнасьці Пуціна ў Расеі магла даць адваротны эфэкт. І Лукашэнка гэта разумеў.

Што ж памянялася цяпер? Адказ відавочны. Афіцыйны Менск зрабіў ход Паралімпіядай. Чыноўнік міністэрства спорту Андрэй Фомачкін выканаў загад і пранёс расейскі сьцяг на адкрыцьці Паралімпійскіх гульняў у Рыё-дэ-Жанэйра. І, каб усім усё было зразумела, зьявілася заява прэсавага сакратара прэзыдэнта Натальля Эйсмант пра тое, што Лукашэнка падтрымлівае гэтую акцыю, мы «абсалютна родныя, брацкія народы». Таксама падтрымаў гэтыя дзеяньні прэсавы сакратар МЗС Дзьмітры Мірончык. То бок скандал паднялі на дзяржаўны ўзровень, штучна і сьвядома разьдзьмулі. Беларускае кіраўніцтва разьлічвала, што адным гэтым ходам, дастаткова танным, бо не затрацілі ніводнага рубля, вырашыць усе спрэчныя праблемы ў дачыненьнях з Расеяй. А значыць, верне схему пад назвай «газ у абмен на пацалункі».

Праўда, давялося плаціць нацыянальным прыніжэньнем. У сьвеце і так лічаць Беларусь сатэлітам Расеі. Гэтым скандалам Беларусь толькі ўмацавала такую думку. Але да гэтага Лукашэнку не прывыкаць.

У сэнсе палітычны разьлік аказаўся дакладным, беларускія ўлады пацэлілі. Акцыя беларускіх паралімпійцаў выклікала эўфарыю, чарговую шавіністычную хвалю ў Расеі. Расейская грамадзкасьць і дзяржаўныя інстытуты РФ радасна віталі гэты скандал. Падзеі ў Рыё-дэ-Жанэйра з натхненьнем пракамэнтавалі і прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў, і начальнік дэпартамэнта інфармацыі МЗС Расеі Марыя Захарава.

Гульня на імпэрскіх комплексах суседкі — гэта тое рэдкае, што Лукашэнка можа рабіць таленавіта і нават віртуозна. Ён вырашыў, што прыйшоў яго час выходзіць на палітычную сцэну. Прычым трэба каваць жалеза, пакуль гарачае, выкарыстаць гэтую хвалю сымпатый да Беларусі ў Расеі, каб націснуць на расейскае кіраўніцтва з дапамогай грамадзкай думкі, прымусіць яго пайсьці на саступкі ў газавым пытаньні.

І кіраўнік Беларусі пачаў дзейнічаць ліхаманкава. Столькі месяцаў маўчаў — і раптам выбухнуў цэлым каскадам заяваў на тэму газавага канфлікту. Спачатку 11 верасьня на выбарчым участку Лукашэнка канстатаваў, што практычна аб усім дамовіліся, што ён даслаў тэлеграму Пуціну і атрымаў станоўчы адказ. Потым на другі дзень, 12 верасьня, ён прыняў віцэ-прэм’ера Ўладзімера Сямашку і загадаў за два дні вырашыць пытаньне і дасягнуць пагадненьня.

Аднак атрымаўся аблом. Масква заўпарцілася. Падчас размовы з Уладзімерам Сямашкам Лукашэнка абмовіўся, што хацеў бы, сустрэўшыся з Пуціным на саміце СНД у Бішкеку, абмеркаваць «нейкія пытаньні ў цэлым па беларуска-расейскіх дачыненьнях». Гледзячы па ўсім, прэзыдэнт Расеі ад сустрэчы адмовіўся. Гэта і перапоўніла чашу цярпеньня.

І Лукашэнка вырашыў, што прыйшоў час ісьці на скандал, стукаць кулаком па стале і тупаць нагамі. І 20 верасьня, прымаючы дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі Рыгора Рапоту, беларускі кіраўнік у сваім стылі выцягнуў канфлікт у публічную сфэру, перавёў яго на палітычную плашчыню. Сцэнар стары, добра адпрацаваны.

Неабходным элемэнтам такога сцэнару зьяўляецца шантаж Расеі. А чым можна шантажаваць РФ, дзе самае ўразьлівае месца, на якім сыходзяцца ўсе яе імпэрскія комплексы? Правільна, інтэграцыйныя аб’яднаньні. І Лукашэнка заяўляе, што даў загад «аптымізаваць» удзел Беларусі ў інтэграцыйных праектах. Бо, маўляў, яны не даюць Беларусі эканамічнага эфэкту, які Расея абяцала падчас іх запуску.

Ня першы раз Лукашэнка выкарыстоўвае такую тактыку. Летам 2009 году ў адказ на забарону Расеяй паставак беларускай малочнай прадукцыі кіраўнік Беларусі прыгразіў увесьці мытны кантроль на мяжы дзьвюх краін, адмовіўся ехаць на саміт АДКБ, Беларусь не падпісала дамову аб стварэньні Калектыўных сіл апэратыўнага рэагаваньня ў межах гэтай арганізацыі. У 2014 годзе Менск адмовіўся ратыфікаваць дамову аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу, пакуль Расея не пагадзілася пакідаць нафтавае мыта ў беларускім бюджэце.

Такая тактыка дасюль амаль заўсёды працавала.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)