Политика
Аляксандра Дынько, Радыё Свабода

Ганна Канапацкая – юрыстка, разьведзеная, дачка «легальнага мільянэра»

39-гадовая кандыдатка ад АГП на выбарах у Палату прадстаўнікоў нечакана атрымала права на дэпутацкі мандат. Што вядома пра апазыцыйную актывістку, якую прапусьцілі у парлямэнт?

Ганна Канапацкая сёньня адмаўляецца ад інтэрвію журналістам любых СМІ. Усе пытаньні, — кажуць у прэс-службе партыі АГП, — можна будзе задаць Ганне заўтра на прэсавай канфэрэнцыі.

Сабраць зьвесткі пра новаабраную дэпутатку ў адкрытых крыніцах аказалася складана. Вядома, што Ганна нарадзілася 29 кастрычніка 1976 году. Калі верыць яе профілю ў фэйсбуку, яна скончыла ў Менску школу № 55 на Надзеждзінскай вуліцы. У сакратарыяце школы гэтую інфармацыю пацьвердзілі, посьпеху Ганны радыя, але распавесьці пра сваю былую вучаніцу нічога ня могуць: «Тых настаўнікаў у школе ўжо няма».

Ганна Канапацкая скончыла юрыдычны факультэт БДУ. Мае ўласны бізнэс, дырэктарка ТАА «Грынрэй», якое аказвае юрыдычныя паслугі. Знайсьці водгукі на дзейнасьць кампаніі Ганны не ўдалося, але вядома, што ліцэнзію на права аказваць юрыдычныя паслугі «Грынрэй» атрымаў яшчэ ў 2005 годзе.

На фоне многіх іншых кандыдатаў, і асабліва апазыцыйных, Ганна Канапацкая задэкляравала значны прыбытак за мінулы год — 293 802 204 рублі. Яна таксама мае кватэру і машыну. Паводле інфармацыі Радыё Свабода, Ганна езьдзіць на белым «Нісане» адной з апошніх мадэляў.

У сваёй перадвыбарчай прамове Ганна ня раз казала, што мае двух «цудоўных» дзяцей. Паводле інфармацыі Радыё Свабода, з бацькам дзяцей Ганна разам не жыве. А ў школе Ганну мы шукалі пад яе дзявочым прозьвішчам — Трухановіч.

«Я са звычайнай інтэлігентнай сям’і», — апісала сваё паходжаньне Ганна. Кажа, што тата быў загадчыкам лябараторыі вылічальнай тэхнікі ў БНТУ. А мама, «эканаміст па адукацыі, працавала на гародніннай базе». Цяпер, паводле Ганны, «тата займаецца прыватным бізнэсам, мама — хатняя гаспадыня».

Бацьку Ганны — Анатоля Іванавіча Трухановіча— «Народная Воля» называе «легальным беларускім мільянэрам». Праўда, падставаў для такой характарыстыкі не раскрывае. Сама Ганна ў інтэрвію Глебу Лабадзенку жартуе, што «кожнага беларуса можна назваць мільянэрам».

Сьцьвярджаецца, што Анатоль Трухановіч адмовіўся ад дзяржаўнай пэнсіі, бо яна «занадта малая», а сам ён «прыцягнуў у краіну інвэстыцыяў на мільён даляраў».

Анатоль Трухановіч калісьці быў старшынём Саюзу прадпрымальнікаў. «Советская Белоруссия» дагэтуль рэгулярна запрашае яго ў свае публікацыі экспэртам. Так, у 2015 годзе ён камэнтаваў набыцьцё гатэлю «Масква» ў Маскве братамі-бізнэсмэнамі Хоцінымі. Праўладная газэта прадстаўляе Трухановіча як дырэктара Навукова-прамысловага прадпрыемства «АДЛ» і старшыню грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі саюз падаткаплатнікаў». Па тэлефоне грамадзкага аб’яднаньня пакуль таксама ніхто не адказвае. А пра прадпрыемства «АДЛ» Google выдае наступную інфармацыю: заснавана ў 1994 годзе, займаецца пастаўкамі абсталяваньня, тэхналёгіяў і комплексных рашэньняў для асноўных галінаў эканомікі Ўкраіны. Галаўны офіс у Кіеве, ёсьць прадстаўніцтва ў Краматорску. За 22 гады існаваньня прадпрыемства так і не займела інтэрнэт-сайту.

«Чым ён дакладна займаўся, я ня ведаю, але грошы ў яго былі, і немалыя», — кажа пра Трухановіча экс-дэпутат Сяргей Скрабец.

Вядома, што Трухановіч сябруе з экс-прэм’ерам Беларусі Міхаілам Чыгіром. Каб даведацца пра сям’ю дэпутаткі Канапацкай больш, мы патэлефанавалі яму, і высьветлілася, што Міхаіл Мікалаевіч нават удзельнічаў у яе выбарчай кампаніі.

«Вельмі добра ведаю яе. Лічу, што чалавек настойлівы, упарты, як і бацька, — кажа Міхаіл Чыгір. — Думаю, такі чалавек прынясе карысьць парлямэнту».

«Для мяне крыху нечакана (яе абраньне. — РС)», — кажа экс-прэм’ер. Ён перакананы, што ў выпадку Канапацкай выбарчая камісія падлічыла галасы справядліва. Мяркуе, што станоўчую ролю ў абраньні Канапацкай адыграла тое, што яе праграма была надрукаваная ў «Вячэрнім Менску». А вось пра яе суперніцу Тацяну Караткевіч, якая толькі нядаўна ўдзельнічала ў прэзыдэнцкай кампаніі, гаварыць «ня хоча». Кажа, што раней схіляўся ў яе бок, але пасьля «стаў думаць пра яе інакш».

Пра дачку свайго даўняга сябра Міхаіл Мікалаевіч толькі добрай думкі. «Яна актыўна працавала падчас выбарчай кампаніі, — кажа спадар Міхаіл. — Быў разам зь ёю на пікетах, паводзіла сябе актыўна, людзі падыходзілі, зьбірала подпісы».

Гэтаксама пазытыўна Чыгір глядзіць на дэпутацкую будучыню Ганны Канапацкай. Мяркуе, што апазыцыйных дэпутатаў у гэтым парлямэнце будзе ня два.

«Многія дэпутаты, калі пазнаюць, што адбываецца, калі прыслухаюцца да іншых, то (апазыцыйных. — РС) дэпутатаў стане значна болей», — упэўнены Міхаіл Мікалаевіч.

А вось дэпутат Палаты прадстаўнікоў 2-га скліканьня Сяргей Скрабец, які пасьля свайго дэпутацтва быў асуджаны нібыта за «выманьваньне крэдытаў» і цалкам страціў свой бізнэс, мае зусім іншую думку:

«Бізнэсоўца ў парлямэнце вельмі лёгка кантраляваць, — мяркуе ён. — Калі ён будзе няправільна сябе паводзіць, у яго лёгка адабраць бізнэс, як у мяне. Канфіскаваць маёмасьць і нават за краты пасадзіць. На маім прыкладзе гэта было добра відаць».

Скрабец лічыць, што наяўнасьць у Канапацкай бізнэсу і ёсьць крытэрам, паводле якога яе «абралі» ў парлямэнт. Да таго ж, «яна жанчына», — кажа ён:

«А жанчыну лягчэй кантраляваць, лягчэй напалохаць. Таму і Гайдукевічу-малодшаму не далі ходу, бо ён слаба кантраляваны, — разважае ён. — Калі яна не на тую кнопку націсьне, пад пагрозай можа апынуцца ня толькі яе бізнэс, але і бізнэс яе бацькі, яе сяброў...»

«Калі ўлада за яе „ўкінула бюлетэні“, то шкада яе, — заключае Скрабец. — За гэта ад яе запатрабуюць іншых паслугаў. У яе будзе складаны выбар у найбліжэйшым часе».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)