Общество
Павел Печанько

У Чыжоўцы перад выбарамі з помпай адчынілі новую паркоўку

«Салідарнасць» прасачыла за хадой выбарчай кампаніі ў адным са спальных раёнаў Мінска.

Як далёкі ад палітыкі жыхар спальнага раёна даведваецца, што ў краіне адбываюцца чарговыя выбары? Спачатку ў вызначаных месцах з’яўляюцца спецыяльныя стэнды, якія пэўны час прастаяць проста так, без інфармацыі (за выключэннем даты выбараў).

Карыстаючыся аказіяй, некаторыя грамадзяне часам прыстройваюць там свае прыватныя абвесткі. Пазней на стэндах пачнуць з’яўляцца агітацыйныя плакаты са звесткамі пра кандыдатаў. З’явяцца яны і на стэндах афіцыйных установаў, а таксама ці не ў кожнай краме.

Пра выбары нагадаюць і зборшчыкі подпісаў, якія будуць хадзіць ад кватэры да кватэры (калi яны, вядома, застануць вас на месцы), а таксама агітацыйныя ўлёткі кандыдатаў у паштовых скрынях.

Ці, і без гэтага дакладна не абыйдзецца, абвесткі ад мясцовага выбаркама пра дату выбараў і каардынаты бліжэйшага выбарчага ўчастка.

Супрацоўнікам дзяржаўных установаў і прадпрыемстваў нагадаюць пра выбары (і пра абавязковы ўдзел у іх, пажадана – датэрміновы) па месцы працы. Вядома, тэму выбараў не абмінуць і СМІ — і дзяржаўныя, і незалежныя.

Сёлетнія выбары ўжо шостыя за той час, што я жыву ў сталічнай Чыжоўцы. Незалежна ад таго, каго у чарговы раз прапануецца выбіраць, усе выбарчыя кампаніі, як правіла, падобныя адна на адну. За выключэннем хіба прэзідэнцкіх выбараў, падчас якіх выбаршчыкі дакладна добра ведаюць хаця б аднаго з кандыдатаў. У выпадку ж з парламенцкімі выбарамі для шараговага абывацеля невялікая інтрыга часам захоўваецца да абнародвання папярэдніх вынікаў галасавання. Асабліва, калі сярод кандыдатаў пэўнай выбарчай акругі ёсць не адзін, а некалькі патэнцыйных пераможцаў ад так званай партыі ўлады —– дзяржаўных функцыянераў рознага калібру.

Аўтазаводзкая выбарчая агруга № 92 сёлета мела ўсе шанцы захаваць «інтрыгу» да апошняга моманту, але ўжо сёння з пэўнай доляй упэўненасці можна здагадацца, хто стане чарговым дэпутатам ад Чыжоўкі.

«Падпішыцеся за маладую дзяўчыну трыццаці з хвосцікам»

Сёлетняя кампанія пачалася досыць млява. Спачатку згодна традыцыі з’явіліся стэнды, затым па кватэрах пачалі хадзіць зборшчыкі подпісаў.

Да нас з інтэрвалам у пару дзён прышлі толькі ад двух кандыдатаў з шасці — прасілі падпісацца «за маладога хлопца, свайго — з заводу». Нават не назвалі імя і прозвішча спачатку. Другі зборшчык прапанаваў падпісацца за… «маладую дзяўчыну трыццаці з хвосцікам гадоў».

Болей да нас ніхто збіраць подпісы не прыйшоў. Пазней я даведаўся, што рэшта кандыдатаў вылучалася ад партый і працоўных калектываў.

Вайна агітплакатаў

Аднымі з першых на вулічных стэндах з’явіліся плакаты кандыдаткі ад… Шабаноўскай выбарчай акругі Аксаны Няхайчык, але іх хутка прыбралі. Затым з’явіліся плакаты з інфармацыяй пра беспартыйнага кандыдата Валерыя Курсевіча, таго самага «маладога хлопца з завода».

Паступова на стэндах размясцілі інфармацыю пра ўсіх кандыдатаў. У абавязковым парадку паўсюль прысутнічаюць плакаты ад выбаркама, на якіх змяшчаюцца звесткі пра ўсіх кандыдатаў адразу. Гэта ці не адзіны агітацыйны матэрыял, аформлены па-беларуску. Ён рэгулярна абнаўляецца пасля рэгулярных актаў вандалізму. Паасобныя ж плакаты кандыдатаў часта вісяць тыднямі напалову парваныя.

Паводле маіх назіранняў часцей за ўсё дастаецца плакатам кандыдатаў ад ЛДПБ. Дзеля справядлівасці варта заўважыць, што менавіта прадстаўнікі гэтай партыі больш за астатніх злоўжываюць правам на «папяровае» інфармаванне: лепяць плакаты на чужой тэрыторыі (палова стэндаў у Чыжоўцы сёлета залепленая плакатамі кандыдата-члена ЛДПБ ад Шабаноўскай выбарчай акругі), альбо размяшчаюць агітацыйныя матэрыялы паверх плакатаў кандыдатаў-канкурэнтаў.

Перадавікі і аўтсайдэры агітацыйнай кампаніі

З шасці кандыдатаў ад 92-й выбарчай акругі найбольш актыўныя тры. На інфармацыйных стэндах часцей за ўсё сустракаюцца звесткі пра кандыдата ад ЛДПБ Дзяніса Рыбалтоўскага. Гэты кандыдат запомніўся найбольшым сярод кандыдатаў акругі гадавым даходам. А таксама мінімалістычным афармленнем плакатам — мінімум тэксту, максімум месца для фота.

Ад Рыбалтоўскага не адстае яго канкурэнт з Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Віктар Новікаў, урач-неўролаг 22 гарадской паліклінікі. У сваіх перадвыбарчых абяцаннях урач кандыдат прадказальна акцэнтуе ўвагу на паляпшэнні якасці медыцынскіх паслугаў. Запамінаецца і фінальны квазі-папулісцкі лозунг «Выберешь — ВЫПОЛНЮ!».

Актыўным кандыдатам-партыйцам складае кампанію «малады хлопец з завода» Валерый Курсевіч — дырэктар рэсорнага завода ААТ «Мінскі аўтамабільны завод», беспартыйны. Ягоная зямлячка і аднафаміліца, Валянціна Курсевіч, балатуецца ў парламент па Заслаўскай выбарчай акрузе. Рэшта кандыдатаў амаль ніяк на прадстаўленая на інфармацыйных стэндах (за выключэннем агульных выбаркамаўскіх плакатаў). Я не пабачыў ніводнага плаката кандыдата ад партыі БНФ Аляксея Янукевіча, ці не адзінага кандыдата, які сам жыве ў Чыжоўцы. З агульнага плаката выбаршчыкі могуць даведацца толькі тое, што ў кандыдата ад БНФ самы малы даход — амаль у дзесяць разоў меншы, чым у яго канкурэнта з ЛДПБ.

Некалькі плакатаў «маладой дзяўчыны» Ірыны Кушнер вельмі хутка зніклі з некалькіх стэндаў. Вядома, што яна беспартыйная, працуе на прыватным прадпрыемстве. Таксама мне амаль не сустракаліся агітацыйныя матэрыялы члена Камуністычнай партыі Беларусі Пятра Жолнера, намесніка галоўнага інжынера «Аўтобуснага парка №6 ДП «Мінсктранс».

Сустрэчы з выбаршчыкамі

Інфармацыю пра сустрэчы кандыдатаў з выбаршчыкамі ў Чыжоўцы на стэндах у грамадскіх месцах знайсці складана. Тым не меней, прадстаўнікі ініцыятыўнай групы кандыдаткі ад Шабаноўскай выбарчай акругі 1 верасня былі заўважаныя падчас мерапрыемства, арганізаванага… ўстановамі пазашкольнай адукацыі і выхавання. Мерапрыемства праводзілася ў парку імя 900-годдзя Мінска і было прымеркаванае да Дня ведаў.

Яшчэ адна своеасаблівая сустрэча з выбаршчыкамі адбылася на наступны дзень. У часе афіцыйнага адкрыцця новай паркоўкі па вуліцы Убарэвіча першым выступіў дзейсны дэпутат Сяргей Дудкін, а пасля да мікрафона выйшаў кандыдат Валерый Курсевіч. Гэты факт наводзіць на пэўныя думкі. Паколькі іншыя кандыдаты на мерапрыемстве не прысутнічалі, ці не азначае гэта, што ўлады «засвяцілі» патэнцыйнага пераемніка дэпутата Дудкіна? Хутка даведаемся.

«Салідарнасць» раней пісала пра праблему з парковачнымі месцамі побач з гарадскім заапаркам. Неўзабаве пасля публікацыі артыкула на Убарэвіча былі абсталяваныя дадатковыя парковачныя месцы, а крыху пазней на пустцы побач з заапаркам пачалі будаваць вялікую паркоўку.

Вядома, можна лічыць гэта проста супадзеннем. Цікава, што згодна згодна з пашпартам аб’екта паркоўку мусілі здаць да 15 сакавіка гэтага года, але зрабілі гэта акурат перад выбарамі. Само адкрыццё паркоўкі (насамрэч вельмі неабходнай і доўгачаканай) было арганізаванае досыць пампезна, хоць і наспех.

У мерапрыемстве ўдзельнічалі ў асноўным вучні бліжэйшых школ, якіх, магчыма, завабілі бясплатным наведваннем «Дынапарка». Настаўнікі, якія прывялі вучняў, шчыра здзіўляліся фармату мерапрыемства. Ніхто не мог прыгадаць, дзе яшчэ так шумна адчынялі звычайную стаянку. Калі ж вядоўца паведаміла пра прысутнаць на мерапремстве дэпутата і кандыдата, нехта з палёгкай выдыхнуў: «А-а-а, цяпер ўсё зразумела…».

Выбары з паралельнага сусвету

Гэтая кампанія запомніцца абсалютнай апатыяй патэнцыйных выбаршчыкаў. Ні разу не пачуў размоваў пра выбары. Нават традыцыйнага «галасуй не галасуй».

Людзі амаль не спыняюцца каля стэндаў з інфармацыяй пра кандыдатаў. Паспрабаваў спытаць некалькіх мінакоў, якія прыпыніліся каля стэнда, за каго яны будуць галасаваць. І пачуў прыблізна такі адказ: «За каго? Я вось не ведаю, хто там у нас цяпер дэпутат? А вы самі ведаеце, хто?».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)