Общество
Змiцер Панкавец, «Наша Ніва»

Колькі зарабляюць, дзе жывуць і на чым ездзяць кіраўнікі вертыкалі

Парламенцкія выбары — гэта рэдкая магчымасць у сённяшняй Беларусі зазірнуць у жыццё чынавенства.

Многія начальнікі адпраўляюцца балатавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, таму хочуць яны ці не, але абавязаныя падаць інфармацыю аб сваіх даходах, а таксама маёмасці. Паглядзім, як жыве раённае і абласное кіраўніцтва краіны.

Па Палескай выбарчай акрузе №43 вылучаецца старшыня Ельскага райвыканкама Леанід Пісанік. Апроч Ельскага раёна, у акругу ўваходзяць Лельчыцкі, Нараўлянскі і частка Мазырскага раёна.

Пісаніку 59 гадоў, ён родам з Мазыра. У савецкі час будаваў сабе кар’еру ў якасці вайскоўца. Толькі ў 1997 сышоў з службы ў чыноўнікі. Ад 2011 года ўзначальвае Ельскі райвыканкам. Варта адзначыць, што Леанід Пісанік з’яўляецца членам Камуністычнай партыі Беларусі.

За мінулы год чыноўнік зарабіў звыш 279 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Гэта каля 23,3 мільёнаў у месяц. Сярэдні заробак па Ельскаму раёну, паводле дадзеных Белстата, складае 4,8 мільёны рублёў. Гэта адзін з найбяднейшых раёнаў краіны.

У самім Ельску Пісанік маёмасці не мае. Затое ў яго ёсць дастаткова прасторная кватэра на 84,39 кв.м. у Мазыры.

Ездзіць прадстаўнік вертыкалі на suzuki xl7, 2007 года выпуска.

Сярод канкурэнтаў Пісаніка ёсць фермер, аператар аўтаматычных ліній і пенсіянер. Дык вось ні ў каго з іх сярэдні даход за месяц не перавышаў 3 мільёнаў рублёў.

З Ельска пераходзім у недалёкія Калінкавічы. Па мясцовай акрузе №41 вылучаецца старшыня Мазырскага райвыканкама Яўген Адаменка.

Яму 56 гадоў, нарадзіўся ў вёсцы Лубень Нараўлянскага раёна. Скончыў сельскагаспадарчы інстытут. Да Мазыра быў кіраўніком Калінкавіцкага райвыканкама.

Даходы Адаменка летась склалі 360 мільёнаў рублёў. Гэта значыць, што ў сярэднім у месяц ён зарабляў каля 30 мільёнаў. Сярэднія заробкі па Мазырскаму раёну складаюць 6,8 мільёнаў, дзякуючы нафтаперапрацоўчаму заводу.

Пазначана, што ў маёмасці Адаменкі таксама маецца прыватны дом у Калінкавічах, але плошча не пазначаецца.

На Віцебшчыне дэпутатам па Сенненскай акрузе хоча стаць старшыня Дубровенскага райвыканкама Анатоль Лукашоў. Ягоны даход у 2015 годзе склаў 227 мільёнаў рублёў, то бок у месяц ён атрымліваў каля 19 мільёнаў.

Ва ўласнасці кандыдата таксама маецца прыватны дом у Дуброўна плошчай 142 м.кв., а таксама сціплы аўтамабіль «Audi A6» 2000 года выпуску.

Ёсць сярод вылучэнца і адна намесніца старшыні райвыканкама — маладзечанскага. Гэта Людміла Канановіч. Яе даход склаў звыш 191 мільёна рублёў, гэта значыць менш за 16 мільёнаў на месяц.

У спадарыні Канановіч таксама маецца кватэра ў Маладзечне плошчай 52 м.кв., а таксама дачны домік у Смаргонскім раёне.

Колькі зарабляюць на ўзроўні намеснікаў старшынь у аблвыканкамах

Па Рэчыцкай выбарчай акрузе вылучаецца намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Баляслаў Пірштук.

Яму 57 гадоў, родам з вёскі Пірштукі Ляхавіцкага раёна. Працоўную кар’еру будаваў у Светлагорскім раёне, дзе займаў розныя пасады ў выканаўчым камітэце. Адметна, што ў той самы час у Светлагорску працавалі сённяшні віцэ-прэм’ер Уладзімір Патупчык і былы старшыня Гомельскага аблвыканкама і КДК Аляксандр Якабсон.

У аблвыканкаме Пірштук зарабіў летась 320 мільёнаў рублёў, больш за 26 мільёнаў у месяц. Таксама ў маёмасці дом у Гомелі з плошчай 187 кв.м., а таксама аўтамабіль Аўдзі А4, 2014 года выпуска.

Намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Леанід Цупрык вылучаецца кандыдатам па Баранавіцкай сельскай акрузе №7. Адметна, што ён вылучаны шляхам вылучэння калектывам Ляхавіцкай цэнтральнай бальніцы.

Даходы Цупрыка складаюць 432 мільёны рублёў. Аднак у дадзеных адразу пазначаецца, што 130 мільёнаў — гэта продаж паловы кватэры. Яшчэ 8,7 мільёнаў — гэта крэдыт ад «ХоўмКрэдытБанка». Цікава, на што не хапала грошай чыноўніку.

У маёмасці Цупрыка маецца аўтамабіль «Нісан-Кашкай», 2010 года выпуска.

Узяў крэдыт таксама кіраўнік справаў Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Іван Маркевіч (на фота злева). Ягоны крэдыт у «Беларусбанку» склаў аж 150 мільёнаў рублёў.

Калі адняць крэдыт, то сярэдні даход Маркевіча складае каля 22 мільёнаў у месяц. У яго валоданні ёсць вялікая кватэра ў Мінску (100 кв.м.), а таксама дом у Валожыне (198 кв.м.).

Таксама Маркевіч пазначыў у валоданні матацыкл «Ява», 1987 года. Вылучаецца Маркевіч па Маладзечанскай сельскай акрузе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)