Коктейль
Зміцер Панкавец, «Наша Ніва»

Топ-20 аб’ектаў, што сталі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі

Стаў вядомы спіс аб’ектаў, якім Савет міністраў Беларусі надаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. «Наша Ніва» склала рэйтынг найбольш цікавых аб’ектаў, якія цяпер будуць знаходзіцца пад аховай дзяржавы.

Трышынскія могілкі (Брэст)

Маюць назву ад паселішча Трышын, якое ў ХХ стагоддзі ўвайшло ў рысу Брэста. Гэта, мабыць, самыя старыя могілкі Брэста. Многія надгробкі цікавыя з гістарычнага гледзішча.

Царква ў Вялікай Сваротве (Баранавіцкі раён)

Пабудаваная царква ў 1823 годзе. Адзіная ў сучаснай Беларусі трохвугольная царква.

Крыж і капліца ў гонар бітвы Мілавідамі (Баранавіцкі раён)

Праваслаўны крыж пастаўлены ў 1913 годзе ў гонар расійскіх жаўнераў, што загінулі ў 1863 годзе пад Мілавідамі. Каплічку ўзвялі ў 1933 ужо ў гонар паўстанцаў Каліноўскага.

Чыгуначная станцыя ў Дубіцы (Брэсцкі раён)

Самая паўднёвая станцыя Брэсцкага раёна. Прыцягвае ўвагу кінематаграфістаў з розных куткоў за сваю маляўнічасць.

Магіла паўстанцаў ў Косаве (Івацэвіцкі раён)

Парафіянамі мясцовага Свята-Траецкага касцёла былі пахаваныя тры паўстанцы — Лукашэвіч, Красінскі і яшчэ адзін невядомы. У 1928 годзе на гэтым месцы з’явіўся гранітны крыж.

Могілкі часоў Першай сусветнай вайны ў Няхачаве (Івацэвіцкі раён)

Пахаванні аўстрыйскіх і нямецкіх салдат, датаваныя 1914-1918 гадамі.

Царква ў Лескавічах (Шумілінскі раён)

Маляўнічая царква ў рэтраспектыўна-рускім стылі.

Драўляная забудова вуліцы Парыжскай камуны (Гомель)

Адна з візітных картак Гомеля — унікальная драўляная забудова. Хаця не ўсе будынкі дачакаліся надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Касцёл святога Міхаіл Арханёла (Ашмяны)

Пабудаваны ў 1906 годзе па праекту архітэктара Вацла Міхневіча. Архітэктура — неабарока.

Помнік Францішку Багушэвічу ў Жупранах (Ашмянскі раён)

Пастаўлены ў 1958 годзе. Аўтар помніка Заір Азгур.

Свята-Троіцкая царква (Зэльва)

Доўгі час прыхажанай царквы была вядомая паэтка Ларыса Геніюш.

Касцёл Сымона-Юды Тадэвуша ў Лаздунах (Іўеўскі раён)

Неараманскі храм у цэнтры вёскі Лаздуны.

Комплекс касцёла святога Уладзіслава ў Суботніках (Іўеўскі раён)

Неагатычны храм на радзіме Зянона Пазняка.

Крыжаўзвіжанская царква ў Дзяляцічах (Навагрудскі раён)

Помнік народнага дойлідства. Пабудаваны ў 1876 годзе з дрэва.

Свята-Раства-Багародзіцкая царква ў Міжэвічах (Слонімскі раён)

Помнік драўлянага дойлідства, маецца драўляны іканастас. Пабудаваная ў 1867 годзе.

Царква святой Параскевы ў Берштах (Шчучынскі раён)

Пабудаваная ў 1816 годзе з дрэва. Бершты — радавое гняздо палітыка Аляксандра Мілінкевіча.

Міква ў Зембіне (Барысаўскі раён)

Міква — гэта рытуальная габрэйская лазня. Зембін — мястэчка, якое мае вялікую габрэйскую гісторыю.

Магіла паўстанцаў у Плябані (Маладзечанскі раён)

Яшчэ адно месца ўшанавання паўстанцаў 1863 года. Тут пахаваны кіраўнік паўстання на Маладзечаншчыне Юльян Бакшанскі.

Хата Максіма Танка (Мядзельскі раён)

Пількаўшчына — месца, дзе нарадзіўся вялікі беларускі паэт.

Брукаванка Новы Свержань — Мір (Стаўбцоўскі раён)

Выключная па сваёй захаванасці брукаванка, якая размяшчаецца адразу за Нёманам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)