Падрабязнасці аб чалавеку, які біў вокны Дома ўрада ў 2010-м
Хто такі Уладзімір Кондрусь? «Наша Ніва» сабрала падрабязнасці аб чалавеку, які біў вокны Дома ўрада ў 2010-м, а пасля быў апазнаны на Дзень Волі ў 2016-м.
Ці то правакатар...
Непрыкметны мужчына сярэдніх гадоў трапіў на галоўную старонку «Нашай Нівы» пасля сёлетняга Дня Волі.
Карэспандэнты «Нашай Нівы» звярнулі на яго ўвагу, бо роўна ў той жа вопратцы Кондрусь фігураваў на здымках з Плошчы-2010. На тых фатаграфіях Уладзімір біў вокны Дома ўрада, біўся са спецназаўцамі.
На Дні Волі Уладзімр трымаўся адасоблена, час ад часу спыняўся і здымаў шэсце на мабільнік. Яго выгляд адпавядаў вобразу тыповага «ціхара».
Да таго ж, дзеячы апазіцыі і грамадскія актывісты, як правіла, ведаюць адзін аднаго. Аднак гэтага мужчыну і ягонага імені не ведаў ніхто.
Праз пяць месяцаў пасля той публікацыі «Нашай Нівы» пачаўся новы віток сюжэта.
...ці то рэвалюцыянер?
У пачатку жніўня праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў, што таямнічага мужчыну затрымалі. Стала вядома яго імя, месца жыхарства – пасёлак Рудзенск, што ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці.
Па інфармацыі праваабаронцаў, з 14 чэрвеня Уладзімр Кондрусь знаходзіцца ў СІЗА №1 на Валадарцы ў межах папярэдняга расследавання за ягоны меркаваны ўдзел у Плошчы-2010. Цяпер у СІЗА ён трымае доўгатэрміновую галадоўку ў знак пратэсту супраць зняволення. Па гэтай прычыне стан яго здароўя пагоршаў, і Кондрусь быў пераведзены ў санчастку СІЗА.
Інфармацыю, што крымінальная справа ў дачыненні да Кондруся расследуецца, пацвердзілі і ў Следчым камітэце. Пасля гэтага абвінавачванні пасыпаліся ўжо ў бок сродкаў масавай інфармацыі — маўляў, падставілі ні ў чым не вінаватага.
«Не зразумелыя паводзіны тых апазіцыйных журналістаў і палітыкаў, якія дзеянні найбольш актыўнай і рашучай часткі ўдзельнікаў беларускай Рэвалюцыі Годнасці дагэтуль называюць правакацыяй. Пры гэтым яны захапляюцца ўкраінскай рэвалюцыяй годнасці супраць, прызнаем гэта, легітымнага і законна абранага прэзідэнта, — выказаўся Мікола Статкевіч. — Я не ведаю, хто першым пачаў біць дзверы Дома ўрада 19.12.2010 г., але спадзяюся, што проста мужныя і годныя людзі, а ніякія не агенты. Даносчыкам на Уладзімера Кондруся раю не хавацца за канспіралагічныя версіі, а папрасіць у яго прабачэння. Таксама раю аказаць яго сям'і матэрыяльную дарамогу. Калі грошай няма, то папрасіце ў міліцыі прэмію за данос — вам належыць».
Што кажуць у Рудзенску
Рудзенск сустракае нечаканасцю. Непасрэдна на станцыі расейцы здымаюць кіно — мастацкую стужку пад назвай «Ключы». Абяцаюць ці то меладраму, ці то камедыю.
Тым часам, літаральна праз пару вуліц у адной асобна узятай сям’і Кондрусяў разгортваецца гісторыя таксама вартая кінасцэнара. Вось толькі нічога смешнага ў ёй няма.
Кондрусі жывуць у Рудзенску даўно. У гэтым пасёлку нарадзіліся і бацькі Уладзіміра, і сам ён. І бацька, і маці працавалі раней на мясцовым заводзе пластмасавых вырабаў (сёння на ім вырабляюць у асноўным аўтамабільныя ліхтары). Цяпер абое — пенсіянеры. Бацька мае добры досвед у рамонце аўтамабіляў, часам і цяпер яшчэ займаецца гэтым.
«Сям’я вельмі добрая. Хоць і не баптысты, але ніхто не п’е, працавітыя вельмі. Як гаспадары — ідэальныя. Але і вельмі закрытыя, маюць зносіны мала з кім, — характарызуюць Кондрусяў суседзі. — Праўда, калі папрасіць аб дапамозе, то ніколі не адмовяць».
Пра Уладзіміра кажуць, што ён таксама вельмі закрыты чалавек. З людзьмі сыходзіцца неахвотна.
«Я спачатку думала, што ў яго з псіхікай штосьці не тое, — кажа адна з суседак. — Мы з ім далёкія сваякі, а ён, калі быў яшчэ студэнтам, ішоў па вуліцы, у зямлю глядзеў перад сабою і нават не вітаўся».
Уладзімір нарадзіўся у 1977 годзе. Скончыў мясцовую школу №1. Вучыўся вельмі добра, нават мае срэбраны медаль. Затым паступіў у Мінск, у «нархоз» — Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Паспяхова яго скончыў, атрымаў дыплом эканаміста. Праўда, па спецыяльнасці не працаваў. Вядома, што некалькі гадоў пасля ўніверсітэта Уладзімір жыў у Рудзенску, але працаваць ездзіў у сталіцу — быццам бы праграмістам. Затым – перабраўся ў Маскву. Працягваў працаваць у IT-сферы, здымаў кватэру. Уладзімір нежанаты. Дзяцей у яго таксама няма.
«Сяброў у яго зусім не было, усё жыццё. Ані ў школе, ані пазней», — кажуць людзі, блізкія да сям’і Кондрусяў.
Аднак, калі расійскі рубель пачаў падаць, адпаведна пачалі падаць і заробкі. Уладзімір вырашыў вярнуцца ў Беларусь. Ва ўсякім выпадку, гэтак ён казаў сваім блізкім. Нават вельмі добра знаёмыя з ім людзі кажуць, што Уладзімір сапраўды скрытны і пра сваё жыццё расказваць ніколі не любіў нават бацькам.
Як бы тое ні было, з Масквы Кондрусь ізноў пераехаў у Рудзенск, да бацькоў. Жыў з імі. Тут ён недзе падпрацоўваў, чым займаўся канкрэтна — невядома. Дакладна вядома толькі, што не праграмаваннем.
«Амаль увесь час ён праводзіў дома. Хіба што з сабакам сваім гуляў, і ўсё. Нікуды асабліва не выходзіў», — кажуць суседзі.
Але, адзначаючы пэўныя дзівацтвы ў паводзінах Уладзіміра, суседзі ўзгадваюць яго добрымі словамі.
«Нармальны хлопец. Спакойны. Нічога дрэннага аб ім ніколі не чулі», — кажуць вяскоўцы.
Сям’я Кондруся не можа гаварыць
Жывуць Кондрусі ў прыватным доме на дзве кватэры. Іх палова выключна дагледжаная. Відаць, што людзі тут жывуць гаспадарлівыя. Дом акуратны, на двары — чысцютка. Ля плота ляжыць руды дваровы сабака Ціма — улюбёнец Уладзіміра.
Дом Кондрусяў у Рудзенску.
З гэтага дома Уладзіміра і забралі сілавікі раніцай 14 чэрвеня.
«Яшчэ не было і 7 раніцы, як прыехалі некалькі машынаў па яго. Міліцэйскіх машынаў не было аніводнай — нейкія іншамаркі», — кажа адна з суседак.
«Я спачатку падумала, што гэта да старэйшага Кондруся кліенты — ён часам кансультуе па машынах, разбіраецца ў гэтым. Пра тое, што гэта па яго сына ніхто і не падумаў. Потым толькі ўжо хтосьці казаў, што бачыў, як Валодзю забралі», — кажа другая суседка.
Бацькі Уладзіміра размаўляць з прэсай катэгарычна адмаўляюцца. Вядома, што і бацька, Уладзімір Расціслававіч, і маці Галіна Васільеўна, і нават старэйшая сястра, 42-гадовая Ірына, якая жыве ў суседняй вёсцы Дрычын, далі падпіску аб неразгалошванні.
Але з некаторымі знаёмымі Кондрусяў, пагаварыць удалося.
Яны паведамілі, што бацькі вельмі перажываюць за здароўе сына. Па іх словах, Уладзімір абвясціў галадоўку з таго ж дня, як яго забралі — з 14 чэрвеня. Гэта значыць, ён адмаўляецца ад ежы ўжо амаль два месяцы. Кажуць, што ён у вельмі дрэнным стане, быў нават у коме.
Бацькам перадалі інфармацыю, што па стане здароўя сына перавозілі на нейкі час у «цывільную» бальніцу.
«Яго вывелі з комы, а ён ізноў адмовіўся есці», — паведамілі ім.
Пасля Уладзіміра вярнулі ў санчастку СІЗА.
Цяпер ён п’е ваду і салодкі чай, але есці ўсё адно адмаўляецца.
Бацькі лічаць, што калі іх сына асудзяць – ён загіне, бо праз свой упарты характар дакладна будзе працягваць галадаць.
Увогуле ж, як стала вядома «Нашай Ніве», бацькі Уладзіміра маюць няшмат інфармацыі аб стане сына. Непасрэдна з ім яны ніяк не могуць звязацца. Адваката нанялі зусім нядаўна. Раней у Уладзіміра была дзяржаўная адвакатка, жанчына.
«Яна з бацькамі Уладзіміра не надта камунікавала. Не хацела», — паведаміла «Нашай Ніве» крыніца.
Бацькі Кондруся лічаць, што іх сыну пагражае рэальны турэмны тэрмін, ведаюць, што яго крымінальная справа - аб удзеле ў масавых беспарадках, але падрабязнасці справы ім невядомыя.
«За вас быў, ад вас і пацярпеў»
Гавораць, што Кондрусь браў удзел не толькі ў Плошчы-2010 і сёлетнім Дні Волі. Ён ездзіў на розныя мітынгі і маніфестацыі і раней. Але ані ў партыях, ані ў суполках Уладзімір не ўдзельнічаў. На нейкія мерапрыемствы ездзіў сам адзін. Таксама вядома, што ён трапіў пад адміністратыўную справу, калі ездзіў на ўгодкі Плошчы-2010 і быў затрыманы. Пасля яго бацькі сплацілі за сына штраф.
Амаль увесь час Уладзімір бавіў дома. Сяброў у яго не было, у госці ніхто не хадзіў. Дзяўчыны ў Рудзенску ў яго таксама не было.
У асноўным Уладзімір сядзеў за камп’ютарам альбо чытаў кнігі. Пільна сачыў за палітычным жыццём краіны.
«У яго падвышанае пачуццё справядлівасці, — паведаміў «Нашай Ніве» знаёмы Кондрусяў. — І ўспыхвае ён калі што момантам».
З аднаго боку, бацькі лічаць, што сын сам вінаваты. Але з другога — вінавацяць і СМІ.
«За вас быў, ад вас і пацярпеў», — адзінае, што сказала «Нашай Ніве» Галіна Васільеўна, маці Уладзіміра.
Уся гэтая гісторыя даецца бацькам Уладзіміра вельмі цяжка. Як яму дапамагчы, яны не ведаюць. Калі прасіць, то каго? І пра што? Да таго ж баяцца, каб нейкія іх дзеянні не нашкодзілі сыну.
Плюс праблемы са здароўем — немаладыя ж ужо людзі. А ва Уладзіміра Кондруся-старэйшага яшчэ і цукроўка, і камяні ў нырках. Дый нервы здаюць. Часам ён проста прачынаецца сярод ночы і доўга не можа заснуць.
Усё, што могуць зрабіць бацькі, — гэта раз на тыдзень паспрабаваць адвезці сыну перадачу. Яны збіраюцца, едуць — але кожны раз ім кажуць, што Уладзімір ад перадач адмаўляецца. Не бярэ ані ежы, ані вопраткі.
І так — ужо амаль два месяцы.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное