«Польскае грамадзтва неадназначна ставіцца да кніг з праўдай пра Галакост»

Журналіст газеты Rzeczpospolita Руслан Шошын пагаварыў с нобелеўскай лаурэаткай Святланай Алексіевіч пра яе рэзанансныя выказванні падчас сустрэчы з чытачамі ў Брукліне, якія выклікалі рэзкую рэакцыю польскага МЗС.

Rzeczpospolita: Падчас сустрэчы з чытачамі ў бібліятэцы ў Брукліне, якая адбылася 12 чэрвеня, вы сказалі: «Палякі найгорш за ўсіх ставіліся да габрэяў». На падставе якіх гістарычных крыніцаў вы дайшлі да такой высновы?

Сьвятлана Алексіевіч: Шмат гадоў таму былі апублікаваныя даследаванні Яна Грабоўскага з Атаўскага ўніверсітэту «Паляванне на габрэяў», а таксама тры кнігі Яна Томаша Гроса «Суседзі», «Страх» і «Залатое жніво». Расейскі пісьменнік і публіцыст Мацвей Гейзер расказаў пра разню габрэйскага насельніцтва ў мястэчку Ружаны ў цяперашняй Берасьцейскай вобласці. Ён карыстаўся ўспамінамі ізраільскага прэм’ера Іцхака Шаміра. 5 траўня 2000 года сама Rzeczpospolita пісала пра тое, як забівалі габрэяў у Радзівілаве, Вансошы і Візьне. У кнізе Гроса «Суседзі» найстрашнейшае — апісанне пагрому ў Ядвабне 10 чэрвеня 1941 году. Тады жыўцом спалена 340 габрэяў — жанчын, старых і дзяцей. Чарговае жорсткае злачынства адбылося ўжо пасля вайны, калі 4 чэрвеня 1946 года ў Кельцах былі забітыя дзясяткі габрэяў. Пасля гэтай разні бальшыня габрэяў, якім удалося выжыць, выехалі з Польшчы.

Rzeczpospolita: Падчас сустрэчы вы падкрэслівалі: «Ксяндзы наўпрост на службах казалі: забі габрэя». ЦІ не маглі б вы падаць канкрэтныя прыклады? Якія ксяндзы і дзе так казалі?

Алексіевіч:Грос згадвае 128 мясцовасцяў, у якіх палякі самастойна або ў супрацоўніцтве з фашыстамі ўчынілі габрэйскія пагромы. У Шчучыне на чале пагрому быў дырэктар школы, у Райградзе — настаўнік. Грос апытаў сотні сведкаў і падаў неаспрэчныя довады, што адказнасць за гэта нясуць не толькі фашысцкія карнікі, але і палякі, якім за гэта плацілі гарэлкай, хлебам і цукрам. Грос даводзіць, што ксяндзы не стрымвалі крывавых нападаў. Калі я пісала свае кнігі, я шмат ездзіла па Беларусі. Я чула тыя самыя гісторыі ад жыхароў заходняй Беларусі. Ніхто не ставіць пад пытанне віны фашыстаў, але, на жаль, яны мелі шмат добраахвотных памочнікаў сярод мясцовых жыхароў.

Rzeczpospolita: Якім чынам можна замераць «найгоршае з усіх народаў стаўленне да габрэяў»? Як вы яго мераеце?

Алексіевіч:Тут рэч не ў тым, хто мае на сумленні больш, а хто менш. Пытанне ў іншым: калі мы пачнем шчыра гаварыць пра сваю мінуласць — расейцы, беларусы і палякі. Я хацела б працытаваць словы вялікага паляка, героя руху супраціву, Яна Новака-Езяранскага, жаўнера Арміі Краёвай, выдатнага кур’ера паміж польскім падполлем і эміграцыйным урадам.

Ён сказаў: «Бясспрэчны той факт, што старых і дзяцей, мужчын і жанчын у Ядвабне з жудаснай жорсткасцю забівалі палякі. Калі мы чакаем ад іншых прызнання ў злачынствах супраць Польшчы і палякаў, мы мусім асабіста прызнацца ў зле, учыненым блізкім. Калі мы дамагаемся ад Расеі прызнання ў Катынскім злачынстве, абвяшчэння прозвішчаў адказных і публікацыі абставінаў забойства безабаронных польскіх ваеннапалонных у Катынскім лесе і ў іншых месцах, то мы не павінны мець прэтэнзіяў да аўтара кнігі „Суседзі“ за тое, што праз 60 гадоў ён выявіў і пацвердзіў дакументальна масавае забойства, учыненае палякамі ў Ядвабне, пра якое нам хацелася б не ведаць і не памятаць».

Rzeczpospolita: Гаворачы пра тое, як палякі ставіліся да габрэяў, вы спасылаліся на знаёмага журналіста з Польшчы. Пра каго вы канкрэтна казалі?

Алексіевіч:Прозвішча гэтага сумленнага журналіста не мае значэньня. Праблема палягае ў тым, што ваша грамадства мае неадназначнае стаўленне да кніг, якія расказваюць праўду пра згаданыя вышэй факты. Як вы, палякі, гэтак і мы яшчэ як след не абгаварылі балючыя моманты сваёй гісторыі. У нас таксама нельга гаварыць пра лагеры, пра вайну. Забыццё нам помсціць.

Rzeczpospolita: Гісторыі, прадстаўленыя ў вашых кнігах, гавораць шматлікімі галасамі. Чаму вы тут аўтарытарна сцвердзілі, што «палякі найгорш за ўсіх ставіліся да габрэяў», і пры гэтым не ўспомнілі пра тысячы Праведнікаў свету? Вы таксама ні слова не сказалі пра тое, што немцы асуджалі на смяротнае пакаранне тых палякаў, якія ратавалі габрэяў.

Алексіевіч:Гэтыя словы былі вырваныя з кантэксту, я адказвала на канкрэтныя пытанні, якія задаваліся з залі: у пераследзе габрэяў падчас вайны ўдзельнічалі літоўцы, украінцы, палякі. Я адказвала, што чула пра такія факты, калі ездзіла па Беларусі. Калі б у мяне спыталіся пра Праведнікаў, я б сказала, што сотні людзей ва ўсіх гэтых краінах рызыкавалі жыццём, ратуючы яўрэяў. А найважнейшае тое, што ніхто не здымае віны з немцаў, яны таксама гэтаму не пярэчаць. Але ў адрозненне ад нас, яны не баяцца гаварыць пра гэта і робяць гэта ўжо дзясяткі гадоў.

Rzeczpospolita: Але гэты сказ — «Палякі найгорш за ўсіх ставіліся да габрэяў» — не пакідае сумневаў. З яго бясспрэчна вынікае, што ставіліся да габрэяў горш, чым немцы. Ці вы лічыце, што палякі адказныя за Халакост?

Алексіевіч:Я заўсёды стараюся пісаць праўду. Гэты шлях я выбрала даўно.

Rzeczpospolita: У Нью-Йорку з вашых вуснаў таксама прагучала сцверджаньне, што «ўсе карнікі ў Беларусі паходзілі з Украіны». У гэткім разе што б вы маглі сказаць пра беларуса Францішка Кушаля, які быў штандартэнфюрэрам СС, і пра Беларускую Краёвую Абарону, якая супрацоўнічала з немцамі?

Алексіевіч:Я не гісторык. І гэтак магу адказаць на ваша пытанне. Гэта была вялікая вайна і ўсёй праўды пра яе мы ўсё яшчэ не ведаем. Некалі старая сялянка з беларускай вёскі сказала мне: «Гэта была таксама грамадзянская вайна. Людзі вярталіся з Сібіры, з лягероў і помсцілі тым, хто іх туды выслаў».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)