Скандалы

«Джона Сільвера» экстрадзіравалі ў Беларусь

Беларускага блогера Эдуарда Пальчыса, вядомага ў інтэрнэце як Джон Сільвер, этапавалі з Бранскага СІЗА ў Беларусь.

У Сьледчым камітэце зьвесткі пра экстрадыцыю Эдуарда Пальчыса з Расеі ў Беларусь пакуль не камэнтуюць, паведамляе Радыё Свабода.

«Патрэбны час, каб высьветліць», — сказалі ў Сьледчым камітэце.

Былы палітвязень Павал Севярынец, які зьмясьціў ў інтэрнэт зьвесткі пра экстрадыцыю Джона Сільвера спасылаецца на 2 крыніцы гэтай інфармацыі. «Што ён на Валадарцы, мне стала вядома ад ягоных сяброў. Мяркую, праз ягоны ліст, іншых спосабаў ня ведаю», — сказаў Павал Севярынец.

Павал Севярынец паведаміў: «Яшчэ 26 траўня Эдуарда Пальчыса праз Смаленск этапавалі з Бранскага СІЗА ў Беларусь. Калі гэта так, Эдуард мусіць быць ужо ў Беларусі. Трэба даць запыты ва ўстановы, дзе ён можа быць (папярэдне — „Валадарка“)».

Блогера, аўтара баявітага сайта 1863x.com, затрымалі 23 студзеня пры перасячэнні ўкраінска-расійскай мяжы. Пасля гэтага ідэнтычнасць блогера раскрыў адзін з расійскіх нацыяналістычных сайтаў, ён жа апублікаваў турэмныя здымкі хлопца.

Як аказалася, блогера зваць Эдуард Пальчыс, яму 25 гадоў, ён родам з Ліды (Гродзенская вобласць). Сам блогер называў сябе Jhon Silver.

Свайго сапраўднага імя для публікі ён не раскрываў, хоць праваахоўным органам яно было вядомае. Супраць яго ў Беларусі летась былі заведзеныя крымінальныя справы, а ён парушыў падпіску пра нявыезд і разам з жонкай выехаў ва Украіну, дзе хацеў атрымаць палітычны прытулак.

Блогер расказваў, што ў Беларусі яго спачатку абвінавацілі па 130 артыкуле КК РБ — распальванне варожасці па нацыянальнай прыкмеце за гэты матэрыял на сайце 1863х.com, а таксама за іншыя артыкулы ў падтрымку Украіны на сайце. Следчыя інтэрпрэтавалі заклік «Забі «Рускі свет» як заклік да забойства ўсіх рускіх, піша «Наша Ніва».

Jhon Silver піша, што баяўся за сваіх родных і нявесту — якую таксама шмат разоў дапытвалі, бо яна была адзіным сведкам ягонай дзейнасці. Ён прызнаўся, што ён і ёсць стваральнікам і адміністратарам сайта.

Пасля ягоных прызнанняў, запісаных на камеру, хлопца на месяц адправілі ў «Навінкі» на добраахвотную судова-псіхічную экспертызу. Там яму дазвалялі сустрэчы з роднымі і сябрамі, там ён і дазнаўся, што ягонае знікненне з сеціва заўважылі СМІ. Ён мяркуе, што розгалас у СМІ і дапамог яму.

Пасля месяца ў «дурцы» яго адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

Аднак пасля таго як ён аднавіў публікацыі 1863х.com, сцвярджаў ён, праз некаторы час супраць яго завялі яшчэ адну крымінальную справу, за парнаграфію, якую знайшлі ў некаторых фотажабах — чужых, якія ён перадрукаваў з расійскага шавіністычнага рэсурсу ў якасці прыкладу расійскай прапаганды.

Пасля гэтага хлопец вырашыў пераехаць ва Украіну разам з жонкай. «Я вярнуся пры першай магчымасці», — казаў ён.

Сябры мяркуюць, што ў Расію яго звабілі людзі, якія абяцалі яму цікавую інфармацыю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)