Скандалы

Акцыя раварыстаў ў Мінску скончылася брутальнымі затрыманнямі ўдзельнікаў

У апошнюю пятніцу месяца раварысты многіх краін ладзяць масавы заезд «Крытычная маса». Такім чынам яны хочуць звярнуць на сябе ўвагу гарадскіх уладаў і змусіць зрабіць горад зручнейшым для велатранспарту. Такі ж заезд меў адбыцца 29 красавіка.

Як паведамляюць удзельнікі акцыі, пад Оперным тэатрам на пачатку заезду было каля 35 раварыстаў, 10 асоб у цывільным і чацвёра амапаўцаў, пiша «Наша Ніва».

У 19:23 калона рушыла з-пад тэатра. У 19:42, калі раварысты даехалі да стэлы, канец калоны падрэзаў бардовы мікрааўтобус. З яго выскачылі амапаўцы і пачалі хапаць удзельнікаў. Шэсць чалавек кінулі на падлогу аўтобуса тварам уніз, нанеслі ўдары па тварах і жыватах, зверху кінулі на іх ровары і павезлі ў Цэнтральны РУУС. Адзін з затрыманых — назіральнік ад БХК Кірыл Кожанаў.

Мінская міліцыя апублікавала сваю версію сітуацыі з веласіпеднай «крытычнай масай».

«Сёння вечарам у Мінску ля Тэатра оперы і балета сабраліся веласіпедысты ў колькасці ад 20 да 30 чалавек. Некалькі з іх мелі пры сабе чорна-зялёныя сцягі.

Каля 19.20 калона накіравалася ў бок музея Вялікай Айчыннай вайны. У раёне стэлы «Мінск — горад-герой» група веласіпедыстаў, груба парушаючы патрабаванні Правіл дарожнага руху, выехала на праезную частку. На неаднаразовыя патрабаванні супрацоўнікаў ДАІ (апошнія вымушаны былі выкарыстоўваць гукаўзмацняльную апаратуру і пробліскавыя маячкі) не рэагавалі. Пры спробе спыніць супрацьпраўныя дзеянні і вярнуць іх на тратуар, парушальнікі правапарадку аказалі непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. А адзін з удзельнікаў кінуўся ў бойку з супрацоўнікам ДАІ, пашкодзіўшы яму форменнае абмундзіраванне.

Шасцёра завадатараў бойкі былі затрыманыя і дастаўлены ў Цэнтральнае РУУС г.Мінска для разбору. Іх дзеянням даецца прававая ацэнка».

Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, за падзеямі сачыў назіральнік ад БХК Кірыл Кажэнаў, які ехаў па тратуары ў канцы калоны.

Паводле звестак праваабаронцаў, сярод затрыманых грамадзянін Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Пахомаў, а таксама Аляксей Адамовіч, Стас Барэцкі, Аляксей Круглакоў.

Назіральнікі, якія прысутнічаюць каля РУУС, бачылі праз вакно, як хлопцаў па чарзе падводзілі да стала і давалі распісацца ў паперах. Потым усіх затрыманых паставілі тварам да сцяны, а ў гэты час да будынка пад'ехаў бардовы мікрааўтобус, у якім прывезлі хлопцаў.

«Каля 23.30 аднаго з хлопцаў адпусцілі. Ён паведаміў, што затрыманымі застаюцца яшчэ 5 чалавек, усіх прымушалі падпісаць пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Двое хлопецаў адмовіліся гэта рабіць, у іх забралі асабістыя рэчы, у тым ліку шнуркі.

Хлопцаў выпускаюць, з РУВД выкатваюць ровары затрыманых. Але дваіх, што не падпісалі пратаколы, відавочна адвязуць у ЦІП».

Нагадаем, сёння ў Мінску мае адбыцца афіцыйнае адкрыццё веласезону — велакарнавал «Viva, Ровар!». Для яго правядзення ўлады нават перакрываюць праспекты.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)