Аўтар расследавання пра чарнобыльскае малако: гэта і ёсць «грамадска значны інтарэс»

Матэрыял карэспандэнтаў «Associated Press» Юрася Карманава і Сяргея Грыца пра ферму з-пад Чарнобыльскай зоны разышоўся ў сусветнай медыяпрасторы як вірус.

Расследаванне пад назвай “Тэст выявіў Чарнобыльскі асадак у беларускім малацэ” выйшла 25 красавіка ў рубрыцы “AP Exclusive”. Такія паведамленні звычайна трапляюць у зводкі навінаў усіх буйных інфармацыйных агенцтваў свету. На мабільных прыладах яно было загружанае ў першы ж дзень 43 тысячы разоў і ўзначаліла рэйтынг “Мабільны Топ-10” на AP.

Шмат якія беларускія сайты пачалі дзень 26 красавіка з перадруку гэтай інфармацыі.

Сутнасць матэрыялу: Побач з Палескім радыялагічным запаведнікам журналісты знайшлі ферму, якая пастаўляе малако на ААТ «Мілкавіта» ў Хойніках, якое, у сваю чаргу, прадае каля 90% прадукцыі ў Маскву. Між тым, у малацэ, якое журналісты як прыватныя асобы пасля здалі ў Мінскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, было выяўлена перавышэнне нормы стронцыя ў 10 разоў. У фермера ж не аказалася зусім ніякіх прыладаў для кантролю за радыяцыяй у сваіх прадуктах. Журналісты высветлілі таксама, што ў Беларусі наогул няма магчымасці даследаваць прадукты на ўтрыманне небяспечнага радыёнукліда амерыцыя. Прафесар Бандажэўскі, да якога аўтары расследавання звярнуліся па каментар, лічыць сітуацыю катастрафічнай.

Рэакцыя: Між тым, 26 красавіка Мінскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, а таксама прадпрыемства «Мілкавіта» аспрэчылі інфармацыю пра забруджанне фермерскага малака радыяцыяй. Намеснік галоўнага ўрача Цэнтра Пётр Амвросьеў у гутарцы з БелаПАН заявіў, што па цэзію яно адпаведяе норме, а на стронцый наогул не даследавалася з-за недастатковай колькасці матэрыялу. Ён назваў публікацыю “правакацыяй самай чыстай вады”. А начальнік Палескага вытворчага ўчастку ААТ «Мілкавіта» Альберт Дравіла ў інтэрв'ю "Радыё Свабода" ахарактарызаваў паведамленне «Аssociated Press» як «поўную лухту».

Запіс у журнале лабараторных даследаванняў Мінскага гарадскога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя за 13 красавіка, калі на аналіз было дастаўлена малако з фермы Мікалая Чубянка. Фота БелаПАН

Развіццё: Увечары 26 красавіка Юрась Карманаў прадаставіў “Нашай Ніве” даведку, якую атрымаў у Мінскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі па выніках аналізу малака. Пра ўтрыманне стронцыя-90 мае сведчыць другі знізу радок:

Пакуль невядома, які працяг атрымае гэтая гісторыя. Між тым, акурат 26 красавіка прэс-служба ГА “БАЖ” распытала Юрася Карманава пра тое, як рыхтаваўся гэты матэрыял.

Па словах журналіста, вандроўка ў Палескі радыялагічны запаведнік адбылася ў першай палове красавіка і заняла тры дні. У паездцы ўдзельнічалі сам Юрась і журналіст AP Сяргей Грыц, які здымаў відэа і фота, а таксама кіраваў машынай.

Ю.К.: Рэдакцыя "AP" даручыла нам напісаць гісторыю да 30-годдзя Чарнобыля. Мы падрыхтавалі перад гэтым шэраг артыкулаў з украінскага боку, цяпер надышла чарга падрыхтаваць з беларускага. Мы даволі доўга чакалі дазволу на ўезд у зону, нам далі суправаджаючага. Уезд у гэты запаведнік – гэта шлагбаумы, пункт дагляду, усё выглядае вельмі строга...

Але ля мяжы запаведніка мы ўбачылі статак кароў і вырашылі ім пацікавіцца. Высветлілася, што статак належыць фермеру, які радыяцыі не баіцца і ганарыцца тым, што здае да 2 тон малака на мясцовы малаказавод.

Мы дзейнічалі паводле класічнай журналісцкай схемы investigation (расследванне). Паехалі, убачылі, узялі на пробу, аднеслі на аналіз, схадзілі на прадпрыемства, якое вырабляе прадукцыю… Дзейнічалі вельмі адкрыта. Наша расследванне – гэта фактычна люстэрка таго, што адбываецца цяпер у Чарнобыльскай зоне.

БАЖ: Гэта ж не закрыты шлях, шмат хто мог ім пайсці. Чаму гэтую ферму не “раскапалі” журналісты беларускіх СМІ?

Ю.К.: Я першы раз у сваім жыцці патрапіў у беларускую Чарнобыльскую зону, не быў там ніколі дагэтуль. І я не ведаю, чаму не раскапалі. Можа, хтосьці не сцяміў. Канешне, прасцей пісаць пра слёзы ліквідатараў, пра закінутыя вёскі, пра горад-прывід, чым пра тое, што актуальна сёння…

Па-першае, журналісты прывыклі працаваць “да датаў”, шаблонна. Вось ёсць дата – і мы павінныя яе неяк “адпрацаваць”. Па-другое, у Беларусі наогул праблема з журналісцкімі расследаваннямі. Мы ведаем толькі пра гучныя расследаванні, якія робяць недзяржаўныя СМІ – “Наша Ніва”, TUT.by, “Народная воля”… Але мы практычна не чуем пра расследаванні дзяржаўных СМІ. Гэта велічэзная праблема беларускай журналістыкі.

Прычым гэта ж праблема ежы, яна тычыцца кожнага. Грамадзянін не можа купіць сабе ў краме “кавалачак бяспекі”. Гэтым павінна займацца дзяржава. А журналісты павінныя задаваць пытанні, якія цікавяць кожнага. Гэта і называецца – “грамадска значны інтарэс”. Якраз галоўная функцыя прэсы – абслугоўваць гэты грамадскі інтарэс, казаць пра такія рэчы, дамагацца змянення сітуацыі.

БАЖ: Ці выпадае казаць пра магчымую змену палітыкі па “чарнобыльскім пытанні” ў Беларусі?

Ю.К.: Мы, канешне, спадзяемся і на змену сітуацыі. Але мы павінныя хаця б ставіць пытанні, калі чуем пра “вяртанне жыцця ў Чарнобыльскія рэгіёны”, пра іх актыўнае засяленне. Павінныя ўсведамляць вастрыню праблемы здароўя людзей – прычым не толькі тых, што жывуць у забруджанай зоне.

Што да журналістаў AP – магу сказаць, што жанр журналісцкага расследавання ў агенцтве даволі запатрабаваны. Сёлета каманда "Associated Press" атрымала Пулітцэраўскую прэмію ў намінацыі “За служэнне грамадству” – менавіта за расследаванне пра выкарыстанне рабскай працы ў Паўднёва-Усходняй Азіі дзеля дастаўкі рыбы і морапрадуктаў амерыканскім спажыўцам. І яно мела вынік – некалькі соцень рабоў вызвалілі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)