Общество

Андрэа Віктарын: «Падтрымка грамадзянскай супольнасці застаецца ключавым элементам супрацоўніцтва ЕС з Беларуссю»

У Мінску адбылася канферэнцыя Беларускай Нацыянальнай платформы «Развіццё Нацыянальнай платформы: новыя стратэгіі», у якой удзельнiчалi прадстаўнікі каля 70 грамадскіх арганізацый Беларусі, а таксама партнёры і зацікаўленыя асобы з міжнародных інстытуцый.

Як зазначыла старшыня Каардынацыйнага камітэта БНП Святлана Каралева, гэтая канферэнцыя мае надаць новы імпульс у развіцці Нацплатформы, каб “узмацніць ролю грамадзянскай супольнасці ў дэмакратычнай трансфармацыі Беларусі, зрабіць яе суб'ектам, а не аб'ектам дзяржаўнай палітыкі». Дзеля гэтага распрацаваны новы Стратэгічны план на перыяд 2016-2018 гадоў, дзе вызначаны прыярытэтныя мэты і задачы на бліжэйшы перыяд, а таксама тэматычныя напрамкі ў дзейнасці БНП.

Важнай палітычнай мэтай канферэнцыі з’яўляецца абмеркаванне новых магчымасцяў развіцця ўзаемаадносінаў паміж ЕС і грамадзянскай супольнасцю Беларусі і актывізацыі дзейнасці БНП у гэтым накірунку. Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Мінску Андрэа Віктарын ў прывітальным слове да ўдзельнікаў канферэнцыі адзначыла важнасць ўзаемаадносінаў Еўрасаюза з Беларуссю і яе грамадзянскай супольнасцю.

– ЕС застаецца прыхільнікам крытычнага ўзаемадзеяння з Беларуссю, надае вялікае значэнне супрацоўніцтву з краінай і народам. Падтрымка грамадзянскай супольнасці застаецца ключавым элементам супрацоўніцтва ЕС з Беларуссю, – сказала яна.

Віктарын адзначыла, што частка прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці могуць адчуваць "пачуццё нецярпення» не надта высокімі тэмпамі наладжвання супрацоўніцтва, але, паводле яе слоў, за апошнія два гады былі зроблены некалькі крокаў па паляпшэнню ўзаемаадносінаў: пачатак перамоваў па спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, аднаўленне дыялогу па правах чалавека, канструктыўная роля Беларусі ў рэалізацыі мінскіх пагадненняў па Украіне.

Са слоў нацыянальнага каардынатара ФГС УП Улада Вялічкі, грамадзянская супольнасць сапраўды чакала большага выніку ад розных працэсаў ўзаемадзеяння з ЕС, бо пакуль гэтыя адносіны застаюцца на ўзроўні камунікацыі.

– Нацыянальная платформа гатовая да новых фарматаў супрацоўніцтва з ЕС, – сказаў ён.

Павелічэнню ўплыву БНП на развіццё беларуска-еўрапейскіх адносінаў мае спрыяць “Дарожная мапа ўзаемаадносінаў паміж ЕС і грамадзянскай супольнасцю ў Беларусі”, праект абмяркоўваецца ўдзельнікамі канферэнцыі. У ім, у прыватнасці, гаворыцца: “Беларуская нацыянальная платформа ФГС УП добра зарэкамендавала сябе як каардынацыйная пляцоўка для арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі ў пытаннях, якія датычаць узаемадзеяння Беларусі і ЕС. <...> Варта пашыраць уцягванне арганізацый грамадзянскай супольнасці ў двухбаковыя праекты і праграмы ЕС, што рэалізуюцца з удзелам дзяржаўных органаў Беларусі. У перспектыве пажадана фармаваць Назіральныя Саветы двухбаковых праектаў і праграм з уключэннем прадстаўнікоў ад арганізацый грамадзянскай супольнасці іх сетак і платформаў”.

Разам са Стратэгічным планам і “Дарожный мапай” удзельнікі канферэнцыі маюць абмеркаваць таксама і Рэзалюцыю “Аб пенсійнай палітыцы ў Рэспубліцы Беларусь”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)