Комментарии
Мікола Канановіч, «Газета Слонімская»

«Валерык загінуў у 50 гадоў. Саша і Валодзя да 50 не дажылі…»

Сашу Радзівоніка знайшлі мёртвым ва ўласнай машыне. Валерык Скурат згарэў у роднай хаце. Валодзя Канановіч днямі памёр на працоўным месцы — за рулём калгаснага грузавіка.

Гэтыя хлопцы — мае землякі з вёскі Вострава на Слонімшчыне. Валерык загінуў у 50 гадоў. Саша (1966 г.н.) і Валодзя (1967 г.н.) да 50 не дажылі. Смерці іх былі зусім не чаканыя. Але і Вова Даніловіч, якога летась пахавалі ў 52 гады, не думаў не гадаў пра такі кароткі свой век... Шафёры-механізатары.

Пазбавілі дзяржаву ад неабходнасці плаціць ім пенсію. Але і на пенсіі мала хто з іх жыве доўга.

Вёска Вострава, Слонімскі раён. Фота gs.by

— На пенсію выйшаў, але, мабыць, не пажыву — баліць страўнік, — казаў мне некалькі гадоў таму на аўтобусным прыпынку ў Востраве Сцяпан Мікуліч.

Нядаўна толькі даведаўся, што няма ўжо Сцяпана. Тая наша размова была апошняй. І каля тога ж прыпынку апошні раз бачыў жывым адзінокага пенсіянера Пецю Пішчукевіча — знайшлі яго нежывым ды знявечаным ва ўласнай хаце.

...Пакуль яшчэ ёсць мне з кім павітацца ў Востраве і яго ваколіцах. Але мае равеснікі і крыху маладзейшыя, хто ў свой час застаўся працаваць на роднай зямлі, сёння рэальна рызыкуюць не дажыць да пенсіі.

Ранняя смерць косіць у наш час вяскоўцаў і насельнікаў аграгарадкоў, а тым часам стваральнікі агульнабеларускага калгаснага раю, дзе ў гаспадарках на зіму застаюцца незааранымі тысячы гектараў палёў, бо няма за што купіць паліва, усур’ёз думаюць павысіць пенсійны ўзрост для працаўнікоў краіны.

Маім жа аднагодкам і да цяперашніх пенсійных шасцідзесяці яшчэ 10 гадоў патрэбна гарбаціцца ад цямна да цямна на родных палетках. Але смерць іх знаходзіць часта раней за пенсію.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)