Івацэвічы. Як правалілася мадэрнізацыя дрэваапрацоўкі

З 2008 па 2013 год «Івацэвічдрэў» атрымаў 34 крэдыты на 111 506 823,7 эўра, 147 551 728,79 расейскіх рублёў, 171 031,36 даляра ЗША. І нават пасьля такой колькасьці інвэстыцыяў у мадэрнізацыю прадпрыемства застаецца неканкурэнтаздольным.

Стары цэх «Івацэвічдрэва» яшчэ працуе

Крызіс балюча адбіўся на дрэваапрацоўцы

Падчас сустрэчы з працаўнікамі СПК «Любішчыцы», што ў Івацэвіцкім раёне, былы намесьнік старшыні Івацэвіцкага райвыканкаму па эканамічных пытаньнях, а цяпер кіраўнік мясцовага раённага савету дэпутатаў Аляксандар Сарока прызнаўся пра істотныя праблемы на «Івацэвічдрэве».

Паводле словаў чыноўніка, галоўная праблема для прадпрыемства — адсутнасьць рынку збыту для прадукцыі горадаўтваральнага прадпрыемства. Магутнасьці па вытворчасьці ДСП задзейнічаныя амаль напоўніцу, але пакупнікоў няма, сказаў чыноўнік.

Рабочыя ж паведамляюць, што на прадпрыемстве чакаюцца скарачэньні.

Намесьніца генэральнага дырэктара «Івацэвічдрэва» па ідэалягічнай і кадравай працы Людміла Пытляк катэгарычна не пажадала размаўляць з карэспандэнтам Свабоды і адмовілася ад каментароў пра ўплыў крызісу на вытворчасьць і вынікі мадэрнізацыі.

Пад пагрозай масавых звальненьняў

А рабочыя, у сваю чаргу, лічаць, што хваля звальненьняў можа закрануць да сямідзесяці чалавек. Падчас так званай мадэрнізацыі ў 2012 годзе на «Івацэвічдрэве» працавала каля тысячы рабочых. Вядома, што ў малым горадзе застацца бяз працы — выпрабаваньне.

Мадэрнізацыя пачалася са зьмены дырэктара

Яшчэ ў лістападзе 2012 году, падчас візыту на дрэваапрацоўчы завод у Івацэвічах, Аляксандар Лукашэнка звольніў з пасады дырэктара заводу Леаніда Міхнюка і прызначыў «наводзіць парадак» на прадпрыемстве Ўладзімера Шульгу, які тады ўзначальваў канцэрн «Беллеспаперапрам». Але і гэтае прызначэньне сытуацыі ня выправіла. Калі заплянаваныя паказьнікі па выпуску гатовай прадукцыі і выконваюцца, то праблема з рынкам збыту не вырашаецца. Гэтак, са словаў рабочых прадпрыемства, даволі часта гатовая прадукцыя проста назапашваецца на заводзкіх складах. Перад Новым годам практычна ўсе склады былі запоўненыя на сто адсоткаў. Пазьней іх удалося разгрузіць — знайшоўся буйны пакупнік, кажа адзін з супрацоўнікаў прадпрыемства.

«Івацэвічдрэў» з году ў год нарошчвае выпуск гатовай прадукцыі, магутнасьці заводу складаюць 250 тысячаў кубамэтраў за год. Але рост гэтых паказьнікаў не ўплывае на чаканае павелічэньне экспартнай выручкі.

«Івацэвічдрэў» выгадна разьмяшчаецца каля чыгункі

Збыт — праблема нумар 1

Пра складанасьці збыту сьведчыць і супярэчлівыя справаздачы.

Для belta.by Ружана Навіцкая, прэс-сакратарка канцэрну «Беллеспаперапрам» месяц таму заявіла, што экспарт ДСП у далёкае замежжа склаў за 2015 год 4,6 мільёна даляраў. ДВП экспартавалі значна больш, выручка склала 7,6 мільёна даляраў. Але ў справаздачах Нацыянальнага статыстычнага камітэту — зусім іншыя лічбы, большыя ў дзесяць разоў. Белстат паведамляе, што па выніках 2015 году ў параўнаньні з 2014 экспарт ДСП, вырабленых на дрэваапрацоўчых прадпрыемствах краіны, павялічыўся амаль на 29 мільёнаў даляраў.

Са свайго боку, дзяржава, прафінансаваўшы мадэрнізацыю, актыўна абараняла беларускіх вытворцаў і практычна закрыла наш рынак для імпартэраў.

Два мільярды эўра на мадэрнізацыю дрэваапрацоўкі

Пры гэтым на балянсе прадпрыемстваў застаюцца вялізныя лічбы запазычанасьцяў. З улікам інвэстыцыяў з боку замежных кампаніяў дзесяць дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, у тым ліку і «Івацэвічдрэў», атрымалі каля двух мільярдаў эўра. Цяпер Савет міністраў вырашыў працягнуць дапамогу і згодна з пастановай № 63 выдзеліць дадатковыя грошы дрэваапрацоўчым прадпрыемствам, якія прайшлі мадэрнізацыю, з мэтай павелічэньня абаротных сродкаў.

Таксама Саўмін апублікаваў колькасьць крэдытаў, якія мусяць выплаціць мадэрнізаваныя заводы. «Івацэвічдрэў» у гэтым сьпісе ня лідэр. Але агулам з 2008 году па 2013 год атрымаў ажно 34 крэдыты. Сума крэдытаў прадпрыемству, якія былі выдзеленыя «Беларусбанкам», складае 111 506 823,7 эўра, 147 551 728,79 расейскага рубля, а таксама 171 031,36 даляра ЗША. І нават пасьля такой колькасьці інвэстыцыяў прадпрыемства застаецца неканкурэнтаздольным.

Рэклямны ролік:

Не інвэставалі, а асвоілі

Эканаміст Міхась Залескі тлумачыць, што насамрэч сродкі проста «асвоілі». Выніку такая праграма мадэрнізацыі ня дасьць з простай прычыны:

«Дрэваапрацоўка прадугледжвае цэлы цыкл, у які ўваходзіць дызайн, канструяваньне, стварэньне кампанэнтаў мэблі і, нарэшце, зборка гатовай прадукцыі. Ці мы маем усе кампанэнты для вырабу мэблі? Ці мы маем НДІ, ці ёсьць вынаходнікі? Ці ёсьць мэблевыя атэлье? Ці ёсьць у нас глеба, на якой гэта ўсё будзе расьці? Не. Няма. Мы проста кормім галаву прафэсара Доўэля. Яна нібы ляжыць на стале, і мы пампуем туды даляры мільярдамі. А за мяжу надалей працягваем прадаваць зрэзаны лес-кругляк».

Сёлета Аляксандар Лукашэнка ўвёў забарону на продаж неапрацаванага лесу. Але Мінлясгас просіць зрабіць выключэньне з правілаў. Раней Міхаіл Амельяновіч, міністар лясной гаспадаркі, заяўляў, што сёлета застануцца незапатрабаванымі нарыхтаваныя каля двух мільёнаў кубоў лесу. Адметна, што менавіта такія аб’ёмы круглага лесу Беларусь імпартуе з 2011 году. Мадэрнізацыя павінна была зьмяніць гэтую сытуацыю. Але не атрымалася, перакананы Міхал Залескі:

«Найманы дырэктар — гэта той жа самы рабочы дзяржавы, яму абсалютна не цікавы вынік. Хто будзе набываць прадукцыю — яму гэта не цікава. Вось таму можна і некалькі мільярдаў накіраваць на гэтую дрэваапрацоўку, але вынік будзе адзін і той жа, а сродкі проста «асвоеныя».

Драўніна для дрэваапрацоўкі і экпарту

Але і заходнія краіны ўсё меней зацікаўленыя ў набыцьці сырога лесу. Гэта дэманструе падзеньне коштаў на лес-кругляк. Даходы галіны ад экспарту штогод скарачаюцца на дзясяткі мільёнаў даляраў пры захаваньні аб’ёмаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)