Даходы беларусаў зьніжаюцца. Экспэрты лічаць, што гэта толькі пачатак
Паводле афіцыйных зьвестак, рэальныя наяўныя грашовыя даходы беларусаў у студзені-верасьні 2015 году зьнізіліся на 5,4%.
Гэта вынікае з дадзеных, якія публікуе Белстат.
Прычым падзеньне даходаў паступова нарастае на працягу ўсяго году: ад 2,5% у студзені да 5,4% у верасьні.
Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка ў інтэрвію Свабодзе заявіў, што, улічваючы стан беларускай эканомікі, падзеньне даходаў на 5,4% — гэта яшчэ мала.
«Эканоміка ў рэцэсіі. Экспарт у нас упаў на 25%, многія прадпрыемствы бяруць крэдыты, каб плаціць заробкі. У нас магутнае падзеньне зарплаты, яно назіраецца вельмі доўга. З улікам няпоўнай занятасьці, няпоўнага працоўнага дня гэтыя паказчыкі — 5,4% — мінімальныя. Падзеньне на 5% — гэта такая агрэгаваная штука. На самой справе на многіх прадпрыемствах у рэгіёнах падзеньне значна большае, і там людзі сапраўды бяз працы сядзяць», — кажа эканаміст.
Заіка адзначае, што ў рамках нармальнай рынкавай эканомікі ў такой сытуацыі павялічваецца беспрацоўе або ідзе значнае скарачэньне заробкаў.
«Мае знаёмыя прадпрымальнікі распавядалі, што яны зьбіраюць сваіх супрацоўнікаў і кажуць: у нас зьменшыліся продажы на 30%. Што мы будзем рабіць: альбо звольнім 30%, альбо пакінем усіх, але будзем плаціць меншы заробак? І людзі згаджаюцца атрымліваць зарплату меншую», — апавядае экспэрт.
Лепш добрае вялікае зьніжэньне даходаў, якое дасьць магчымасьць прадпрыемствам адаптавацца да цяперашняй сытуацыі
«Як гэта ні парадаксальна, але трэба сказаць, што гэта добра. Таму што браць крэдыты на зарплату і спрабаваць падтрымаць узровень даходаў — гэта няправільна. Цяпер ідзе рэструктурызацыя вытворчасьці, таварных патокаў і напрамкаў, і гэта суправаджаецца тым, што прадпрымальнікі і дзяржаўныя дырэктары павінны эканоміць і зьніжаць выдаткі. Рэальна даходы павінны былі б зьнізіцца адсоткаў на 15. Таму гэта (5,4%. — РС) яшчэ мала. Лепш добрае вялікае зьніжэньне даходаў, якое дасьць магчымасьць прадпрыемствам адаптавацца да цяперашняй сытуацыі», — упэўнены Заіка.
Кіраўнік Аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук выказаў меркаваньне, што цяперашняе падзеньне даходаў беларусаў — гэта толькі пачатак. Тым больш што зьнешнеэканамічныя фактары сёньня таксама неспрыяльныя для Беларусі.
«Я думаю, што гэта толькі пачатак гэтай тэндэнцыі. Фінансавае становішча прадпрыемстваў сьведчыць пра тое, што заробкі будуць падаць, насельніцтва будзе бяднець, на дэпазытах таксама ўжо нельга будзе зарабіць. Таму трэба прагназаваць тое, што калі ўрад ня будзе нічога рабіць (а няма падстаў думаць, што ён будзе нешта рабіць), то ў нас заробкі па краіне скароцяцца да 250–300 даляраў — а гэта ўжо першая палова 2000-х гадоў. Мы вельмі хутка спускаемся ў наша мінулае», — кажа ён.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное