Общество
Руслан Гарбачоў

«Суддзя і міліцыянеры хавалі ад яго вочы»

На 63-м годзе жыцця раптоўна памёр старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ Віктар Сырыца. Гэта асабістая трагедыя для многіх, хто яго ведаў.

Фота intex-press.by

Зараз не магу ўзгадаць, калі мы пазнаёміліся з Віктарам Антонавічам. Такое ўражанне, што ў жыцці жыхароў Баранавіч ён прысутнічаў заўсёды. У гэты застойны і сумны для краіны час яго энтузіязм прымушаў уставаць з канапы і ісці нешта рабіць. Усталяванні памятных шыльд на месцы гістарычных падзей, літаратурныя імпрэзы, беларускамоўныя святы, агульнагарадскія конкурсы на веданне гісторыі, выданні кніг, перадвыбарчыя кампаніі – усюды Віктар Антонавіч быў маторам. Шматлюдныя мерапрыемствы з бел-чырвона-белымі сцягамі і ўсмешкамі ў гэтым горадзе мог арганізаваць, відаць, толькі ён.

Віктар Сырыца як магніт прыцягваў да сябе людзей рознага ўзросту. Студэнтамі мы з сябрамі маглі завітаць да яго ў госці (нагода звычайна знаходзілася ў тым, каб «аддаць кніжку»), і ён па-шляхетнаму прымаў нас у сваёй кватэры, грунтоўна адказваючы на наіўныя пытанні і з гумарам падтырмліваючы дыскусію.

Пасля знаёмства з ім ты назаўсёды трапляў у кола адукаваных, разумных і прыстойных людзей, і гэта прымушала глядзець навокал з аптымізмам. На тваіх вачах рабіліся канкрэтныя справы. На мове палітолагаў, гэта, відаць, называецца грамадзянская супольнасць.

Я назіраў, як дзясяткі людзей апускалі рукі, стамляючыся стукацца ў зачыненыя дзверы, сыходзілі ва ўнутраную эміграцыю – і чым іх папракнеш? Але Віктар Антонавіч быў іх антыподам.

Назіраў яго ў многіх няпростых сітуацыях – ён заўсёды выходзіў з іх з годнасцю. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў-2006 Віктар Антонавіч, намеснік дырэктара Баранавіцкага эканоміка-юрыдычнага тэхнікума, арганізаваў у Баранавічах сустрэчу студэнтаў з Аляксандрам Мілінкевічам. Пасля нядоўгіх перамоў з адміністрацыяй, яго звольнілі з «воўчым білетам». Так бацькі школьнікаў знайшлі бліскучага рэпетытара, а грамадская актыўнасць Віктара Антонавіча ці не ўзрасла яшчэ болей.

Момант, калі яго пасадзілі на суткі з абвінавачваннем у нецэнзурнай лаянцы, стаў, відаць, пераломным у галовах неангажаваных жыхароў Баранавіч. Больш інтэлігентнага чалавека тут, магчыма, і не ведалі. Пра тое, як суддзя і міліцыянеры хавалі ад яго вочы, мог даведацца ўвесь горад.

Пасля гэтага траўля толькі ўзмацнілася. Пры ператрусе Віктару Антонавічу падкінулі патроны, узбудзілі крымінальную справу. Аднак усе ведалі, што зброя ў яго была толькі адна – беларускае слова.

Пазней, зразумеўшы, што ціск нічога не дасць, кіраўніцтва гарвыканкама прапанавала Віктару Сырыцы здзелку: пасада дырэктара Краязнаўчага музея у абмен на адмову ад грамадскай і палітычнай дзейнасці. Віктар Антонавіч не здрадзіў сабе і тут.

І гэта – толькі невялічкі эпізод у яго біяграфіі. Мне здаецца, што для значнай часткі жыхароў Баранавіч большага аўтарытэта у гэтым горадзе не было. Назіраў, як аднойчы да Віктара Антонавіча падскочыў з размовай намеснік старшыні гарвыканкама – відаць, хацеў, выглядаць у яго вачах трохі лепей.

У няпростыя моманты Віктар Сырыца дапамагаў людзям, у тым ліку маім сябрам, калі дапамагчы ім не маглі нават сваякі. Віктар Антонавіч рабіў «малыя справы» з вялікімі наступствамі: упэўнены, што маё пакаленне, удвая малодшае за яго, не здрадзіць яго ідэалам, беларускаму слову і беларускай справе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)